Падача касацыйнай скаргі як «хаджэнне па пакутах»
28 лістапада суд Калінкавіцкага раёна сваім рашэннем спыніў адміністрацыйную справу супраць грамадзяніна, які здзейсніў гвалтоўны напад на Дзяніса Рабянка, распыліўшы яму ў вочы газавы балончык. У выніку актывіст АГП атрымаў апёк вачэй і праходзіў лекаванне ў афтальмолага.
Не згодны з такім вынікам судовага разгляду, малады чалавек вырашыў абскарджваць пастанову раённага суду ў Гомельскім абласным судзе. Для гэтага яму было неабходна атрымаць копію пастановы суддзі і азнаёміцца з пратаколам судовага паседжання. Але рэалізаваць сваё права, замацаванае ў законе, актывіст АГП змог толькі пасля размовы з намеснікам начальніка Гомельскага абласнога ўпраўлення юстыцыі, да якога звярнуўся з просьбай аб дапамозе.
У выніку атрымаць копію пастановы суддзі і азнаёміцца з пратаколам паседжання Дзяніс Рабянок змог толькі праз 8 дзён пасля суда – 5 снежня. Яшчэ раней, 30 лістапада, баючыся пропуску тэрмінаў, актывіст заплаціў пошліну і падаў агульную скаргу ў Гомельскі абласны суд на пастанову суду Калінкавічскага раёну, у якой прасіў рашэнне аб спыненні справы адмяніць і накіраваць справу на новы разгляд. Пазней, 12 снежня, пасля вывучэння копіі пастановы суддзі і знаёмства с пратаколам судовага паседжання, актывіст АГП накіраваў у суд дадатак да скаргі.
Але 14 снежня Дзяніс Рабянок атрымаў паведамленне з Калінкавіцкага суда, у якім было сказана, што актывіст падаў «нематываваную» скаргу і да 17 снежня яму неабходна падаць «матываваную» скаргу. У адваротным выпадку – скарга «будзе вернута, як непададзеная».
«Шчыра кажучы, я першы раз сутыкаюся з тым, каб раённы суд займаўся «цэнзураваннем» скаргаў, накіраваных у абласны суд. Гэта не кампетэнцыя суддзі Савасцянавай, яна перавышае свае паўнамоцтвы. Маю скаргу павінен ацэньваць Гомельскі абласны суд. Дзеянні ж раённага суду я лічу незаконнымі і ніякіх новых «матываваных» скаргаў дасылаць не збіраюся», - патлумачыў актывіст.
15 снежня Дзяніс Рабянок даслаў заяву на імя начальніка Гомельскага абласнога ўпраўлення юстыцыі, у якой просіць абавязаць суд Калінкавіцкага раёна накіраваць скаргу ў Гомельскі абласны суд у вызначаным Законам парадку.
«На мой погляд, змяненне схемы падачы касацыйных скарг (раней яны падаваліся непасрэдна ў абласны суд, зараз жа – праз раённы суд) прывяло да пагаршэння сітуацыі з абаронай права грамадзян на аб’ектыўнае і бесстаронняе судовае разбіральніцтва. Мая сітуацыя – яскравае таму пацверджанне. Лічу цалкам непрымальным тое, што службовая асоба, чые дзеянні абскарджваюцца (у маім выпадку суддзя раённага суда), сама ж і прымае рашэнне аб тым, ці будзе мая скарга ўвогуле накіравана на разгляд», - дадаў актывіст.