У Быхаўскім раёне месцы для правядзення масавых мерапрыемстваў не вызначаны да гэтага часу (дакумент)
Старшыня Быхаўскай раённай арганізацыі Партыі БНФ, пісьменнік Сяргей Антонаў 14 снежня атрымаў адказ з Быхаўскага райвыканкама на свой зварот да яго старшыні Дзмітрыя Калеева з просьбай вызначыць месца правядзення пікетаў на тэрыторыі горада Быхава.
У адказе, падпісаным намеснікам старшыні райвыканкама Н. Шунькінай паведамляецца, што “зараз распрацаваны і праходзіць узгадненне праект рашэння Быхаўскага раённага выканаўчага камітэта “Аб масавых мерапрыемствах”, які вызначае месца і парадак правядзення ў Быхаўскім раёне сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый, пікетавання і іншых масавых мерапрыемстваў арганізатарам якіх выступаюць палітычныя партыі, грамадскія аб’яднанні, прафсаюзныя арганізацыі і грамадзяне. Пра ўступленне ў сілу рашэння выканаўчага камітэта вам будзе паведамлена дадаткова”.
Сяргей Антонаў кажа, што ён вельмі здзіўлены адказам намесніка старшыні Быхаўскага райвыканкам Н. Шунькінай.
“Высветлілася, што ў Быхаўскім раёне наогул не былі вызначаны месцы для масавых мерапрыемстваў і парадак іх правядзення, - распавядае Сяргей Антонаў. – Між тым, такія арганізацыі, як ГА “БРСМ”, ГА “Белая Русь” і Быхаўская раённая арганізацыя КПБ рэгулярна праводзяць нейкія масавыя мерапрыемствы ў Быхаве, і іх ніхто за гэта не карае. Наадварот, пра іх “подзвігі” рэгулярна піша раённая газета. Калі ж нейкае мерапрыемства збіраюцца правесці актывісты Партыі БНФ, райвыканкамаўскія чыноўнікі нам гэта не дазваляюць па надуманых падставах. Дзіўна атрымліваюцца – згодна з Законам мы маем аднолькавыя правы, а насамрэч для праўладных арганізацый ніякі закон не пісаны. На мой погляд, Быхаў застаецца своеасаблівай “чырвонай зонай”, дзе да гэтага часу дзейнічаюць нейкія незразумелыя камуністычныя законы”.
Па словах Сяргея Антонава, як толькі ён атрымае на рукі рашэнне Быхаўскага райвыканкама “Аб масавых мерапрыемствах”, ён адразу ж падасць заяўку на правядзенне пікету.
“Я буду дамагацца ад нашых чыноўнікаў, каб яны мяне азнаёмілі з райвыканкамаўскім рашэннем “Аб масавых мерапрыемствах” і адразу ж пасля яго атрымання падам заяўку на правядзенне пікету. Таксама паспрабую высветліць, якім чынам у Быхаве зарэгістравана раённая арганізацыя КПБ, якая не мае ўласнага памяшкання і, адпаведным чынам, падам дакументы на рэгістрацыю раённых арганізацый Партыі і Руху БНФ “Адраджэнне” . Будзе цікава паглядзець, як чыноўнікі адрэагуюць на гэту маю спробу, бо, згодна з заканадаўствам РБ, сябры Партыі БНФ і КПБ маюць абсалютна аднолькавыя правы”, - кажа Сяргей Антонаў.