viasna on patreon

Суд Бялыніцкага раёна не задаволіў пазоў Валерыя Вусіка аб кампенсацыі выдаткаў

2013 2013-12-13T14:53:49+0300 2013-12-13T14:53:49+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialynichy-raenny-sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

12 снежня ў судзе Бялыніцкага раёна праходзіў разгляд пазова грамадзянскага актывіста Валерыя Вусіка да Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь і Бялыніцкага РАУС аб вяртанні дзяржпошлін і аплаты паслуг адваката па адміністрацыйнай справе.

Валерый Вусік прасіў суд Бялыніцкага раёна на падставе артыкула 13-1 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (Пакрыццё шкоды, прычыненай фізічнай альбо юрыдычнай асобе незаконнымі дзеяннямі суда, органа, які вядзе адміністрацыйны працэс):

Спагнаць з РАУС Бялыніцкага раёна на яго карысць выдаткі, панесеныя ім у сувязі з вядзеннем адміністрацыйнага працэса ў суме 2 200 000 рублёў, у тым ліку: за аплату двух дзяржпошлін у памеры 400 000 рублёў, за аплату паслугаў адваката ў памеры 1 800 000 рублёў, праіндэксаваць у сувязі з пастаянным роштам коштаў вышэйуказаныя сумы на дзень вынясення судом рашэння.

Нагадаем, што 16 верасня суддзя суда Бялыніцкага раёна Аксана Загорская пастанавіла спыніць адміністрацыйную справу ў адносінах Валерыя Вусіка, адхіліўшы складзеныя міліцэйскія пратаколы. У судзе былі разгляджаны два пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні, складзеныя яшчэ ў лютым гэтага года ўчастковым інспектарам Сяргеем Карыткіным быццам бы за паклёп з боку Валерыя Вусіка на былога старшыню СВК “Лебедзянка” Пятра Бялова ў змешчаным у газеце “Магілёўскі Выбар” і на інтэрнэт-сайце Zapraudu.info артыкуле “Што змянілася за апошнія некалькі гадоў у СВК “Лебедзянка”, і за парушэнне артыкула 17 Закона аб СМІ пры распаўсюдзе газеты “Магілёўскі Выбар”.

Па выніках разгляду гэтай адміністрацыйнай справы Валерый Вусік і падаў пазоў аб кампенсацыі панесеных судовых выдаткаў.

На гэты раз пазоў Валерыя Вусіка разглядала старшыня суда Бялыніцкага раёна Валянціна Паўлава. Пасля працяглага разбіральніцтва Валянціна Паўлава адмовіла ў задавальненні пазова Валерыя Вусіка.

Распавядае праваабаронца Барыс Бухель, які дапамагаў Валерыю Вусіку адстойваць яго правы на шматлікіх судовых паседжаннях:

“ Судовыя паседжанні пераносіліся некалькі разоў на самых розных падставах, а пасля на працягу 11-12 снежня пазоў нарэшце быў разгледжаны ў судзе Бялыніцкага раёна - кажа Барыс Бухель. – Верагодна, суддзя не магла зразумець, што ж рабіць у дадзенай сітуацыі, бо гэта першы такі суд у Магілёўскай вобласці па кампенсацыі выдаткаў, панесеных у адміністрацыйным працэсе, пасля ўнясення зменаў у ПВКоАП летам гэтага года. Фактычна суддзя абаснавала сваю адмову ў задавальненні пазова Валерыя Вусіка адносна аплаты паслуг адваката тым, што ўзнікла прававая калізія – не састыкаваныя розныя прававыя акты. Таксама суддзя Паўлава спасылалася на тое, што ў пастанове аб спыненні адміністрацыйнай справы адносна Валерыя Вусіка суддзя Аксана Загорская не ўстанавіла незаконнасць дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі. На мой погляд, гэта і так зразумела з вынесенай пастановы.

Суд таксама адмовіў Валерыю Вусіку ў кампенсацыі індэксацыі і панесаных транспартных выдаткаў (адпаведны пазоў мы таксама падалі 12 снежня) на той падставе, што гэта не прадугледжана дзеючым заканадаўствам. Таксама было адмоўлена ў кампенсацыі дзяржпошліны, бо яе вяртанне прадугледжана ў па за судовым парадку. Валерый Вусік адразу ж напісаў і падаў заяву аб вяртанні дзяржпошліны, яе павінны кампенсаваць”.

Па словах Валерыя Вусіка, ён абавязкова будзе абскарджваць рашэнне суда Бялыніцкага раёна аб адмове ў задавальненні яго пазова аб кампенсацыі судовых выдаткаў у Магілёўскім абласным судзе. Праваабаронца Барыс Бухель кажа, што ўжо ў бліжэйшы час будзе падрыхтаваная заява ў суд Бялыніцкага раёна, каб Валерыю Вусіку была прадастаўлена матывацыйная частка рашэння суда аб адмове ў кампенсацыі панесеных выдаткаў.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства