Вяртаньне зь лёгкай душою
Працяг лістоў зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, напісаных ім у бабруйскай калоніі. З блогу на “Беларуском партизане”. Першыя лісты-успаміны з гэтай серыі былі напісаныя ў верасні 2012 года, апошнія – у чэрвені 2013:
10 сакавіка 2013 г., Бабруйск
З сябрамі ж, калегамі-праваабаронцамі, размовы ішлі пра працяг працы ў маю адсутнасьць. Размовы былі і агульныя, і канкрэтныя. Мы яшчэ ніколі не перажывалі падобную сітуацыю. Для мяне было важна, каб “Вясна” выстаяла і не расьцерушылася пад сіберным ветрам. Было зразумела, што ў выпадку майго арышту гэта будзе выпрабаваньне для ўсіх нас. І кожны, мабыць, неаднаразова пытаўся ў сябе, а ці вытрымае ён, ці не адступіць, ці не адыдзе.
Мы, якія адпрацавалі разам не адзін год і заўсёды падтрымлівалі вясёлую, нязмушаную атмасферу, пры гэтых размовах былі засяроджанымі і сур’ёзнымі.
***
Раней я ўжо згадваў пра мае сустрэчы з далейшымі сябрамі. Саша вадзіла мяне па Парыжы, з Марыяй з Нарвежскага Дома правоў чалавека мы сустрэліся ў Вільні падчас праваабарончай школы. І хоць размаўлялі мы падчас гэтых сустрэчаў пры розныя рэчы, не датычныя маёй сітуацыі, але ў іхняй інтанацыі голасу я чуў трывогу і спачуваньне.
Найбольш умацавала мяне ў рашэньні застацца і спаткаць небясьпеку, гледзячы ёй у вочы, сустрэча з Л. Адбывалася яна ў Варшаве, куды я прыехаў, каб атрымаць паперу ад аднаго з фондаў, якая сьведчыла, што грошы, пераведзеныя на мой рахунак, былі прызначаныя для праваабарончай дзейнасьці. Гэта параіў зрабіць мне адвакат, парупіцца пра неабходныя для абароны паперы загадзя, пакуль я на свабодзе. Бо са зьняволеньня, тлумачыў ён, гэтыя папяровыя справы будзе рабіць складаней. Ён меў рацыю.
У Варшаве, атрымаўшы неабходнае пацьверджаньне, я меў гутарку з Л. Ён спытаўся наўпрост, без недагаворак: што я зьбіраюся рабіць у бліжэйшы час, ведаючы, што мяне могуць арыштаваць? Ці зьбіраюся я зьязджаць за мяжу? “Не, — адказаў я, — я зьбіраюся застацца. Бо мой ад’езд будзе адназначна патрактаваны ўладамі як тое, што я сапраўды вінаваты ў злачынстве. Даказаць сваю праўду з-за мяжы будзе немагчыма. Раз уцёк — значыць, сапраўды штосьці было. Мяне хочуць выпацкаць у брудзе і выставіць злодзеем. Нездарма ж мяне так лёгка зараз выпускаюць за мяжу. Мае ўцёкі былі б выгодныя для ўладаў. Але я такога задавальненьня ім не зраблю”.
“Ты слушна робіш, Алесь, — сказаў Л., — ты вядомы праваабаронца, вось і заставайся ім, нават калі цябе засадзяць у астрог”. І ў ягоным голасе было столькі перакананасьці і ўпэўненасьці, што ў мяне проста камень зваліўся з душы.
Сапраўды, падумаў я, самым выніковым супрацьдзеяньнем у гэтай хітрамудрай камбінацыі, складзенай з інфармацыі супраць мяне, здабытай падаткавай інсьпекцыяй немаведама якім чынам, з пагрозаў і відавочных намёкаў на эміграцыю, будзе мая простая і ясная пазіцыя. І чым меней я буду торгацца, віхляць, шукаць нейкія абыходныя шляхі, тым цяжэй мяне будзе абылгаць і скампраментаваць.
Урэшце я канчаткова вызначыўся. Я буду простым і нязручным, як вясковая старая скрыня, як куфар без ручак. Няхай як хочуць, так і тралююць. Я ім не памочнік. Ехаў я з Варшавы зь лёгкай душою. Урэшце ўсё ў маёй галаве ўклалася на сваё месца.