Рэчыца: абласныя даішнікі паўстануць перад раённым судом
Гомельскі грамадскі актывіст Уладзімір Кацора атрымаў з раённага суду Рэчыцы позву, паводле якой слуханне скаргі аб адмове Следчым камітэтам узбудзіць крымінальную справу супраць інспектараў ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама прызначана на 16 снежня. Суду прыйдзецца шукаць адказы на шэраг пытанняў актывіста, галоўнае з якіх палягае ў плоскасці ўцягвання супрацоўнікаў ДАІ да палітычнага пераследу апанентаў дзеючай улады.
Нагадаем, Уладзімір Кацора і яго паплечнікі былі затрыманы ў Рэчыцкім раёне супрацоўнікамі ДАІ 22 верасня. Актывісты накіроўваліся ў Мінск на канферэнцыю альянсу «За сумленныя і справядлівыя выбары для лепшага жыцця «Талака». Яны з'яўляліся дэлегатамі на дадзеную канферэнцыю. Аўтамабіль супрацоўнікаў ДАІ дагнаў аўто гомельскіх актывістаў пасля таго, як яны ўжо ад'ехалі на 20 кіламетраў ад Рэчыцы.
Уладзімір Кацора лічыць, што такім чынам супрацоўнікі ДАІ перашкодзілі правядзенню канферэнцыі, правялі адвольнае затрыманне, выканаўшы палітычны загад. Ён прасіў СК узбудзіць крымінальную справу ў дачыненні супрацоўнікаў ДАІ.
Рэчыцкі раённы аддзел СК 8 лістапада адмовіў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Таму Уладзімір Кацора звярнуўся ў суд.
«Лічу, што па маёй заяве праведзена не поўная і не аб'ектыўная праверка, бо ў пастанове аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы не знайшлі свайго адлюстравання паказанні апытаных у ходзе правядзення праверкі сведак. Акрамя таго, лічу праведзеную праверку неаб'ектыўнай і павярхоўнай, якая не адказвае на шэраг пастаўленых ў маёй заяве пытанняў», - напісаў у скарзе ў суд актывіст.
Ён звяртае ўвагу, што пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы не ўтрымлівае адказ на пытанне: з якой мэтай інспектары ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама былі камандзіраваныя ў Рэчыцкі раён для нясення службы, дзе ёсць свой раённы аддзел ДАІ ? Як часта і для якіх мэт на працягу года названыя інспектары камандыруюцца для нясення службы ў іншыя раёны вобласці? Якім чынам і з якой хуткасцю інспектары ДАІ рухаліся па аўтадарозе, калі змаглі дагнаць аўтамабіль, які рухаецца з дазволенай дапушчальнай хуткасцю 90 кіламетраў у гадзіну? Чаму для ўтрымання кіроўцы мікрааўтобуса ў Рэчыцкім райаддзеле ДАІ ад яго супрацоўнікі ДАІ патрабавалі праходжанне дактыласкапіі, фота і відэаўліку?
Адказу на гэтыя і іншыя пытанні Кацора чакае ад суду. Таксама ён хадайнічае аб допыце ў судзе непасрэдных выканаўцаў гэтага палітычнага заказу - маёра абласнога ДАІ Ігара Лапаціна і капітана Сяргея Васільчука.