viasna on patreon

Беларускія грамадзкія дзеячы пра Нэльсана Мандэлу

2013 2013-12-06T14:36:18+0300 2013-12-06T14:36:18+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/nelsan-mandela.jpg
Нэльсан Мандэла

Нэльсан Мандэла

Ва ўзросьце 95 гадоў памёр Нэльсан Мандэла, які ўзначальваў паўднёваафрыканскі рух супраць апартэіду, правёў амаль тры дзесяцігодзьдзі за кратамі, а потым зрабіўся першым чорнаскурым прэзыдэнтам Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі.

У 2013-м Мандэла некалькі месяцаў правёў у шпіталі зь лёгачнай інфэкцыяй.

У ліпені ў ПАР прайшлі святкаваньні яго 95-годзьдзя.

Тады ж Радыё Свабода запісала меркаваньні беларускіх грамадзкіх дзеячоў пра Нэльсана Мандэлу.

Аляксандар Мілінкевіч, лідэр руху «За свабоду»: Гэта афрыканскі Гавэл

Мандэла – гэта афрыканскі Гавэл. І адзін, і другі – вялікія змагары за свабоду

«Для мяне Нэльсан Мандэла – гэта афрыканскі Гавэл. І адзін, і другі – вялікія змагары за свабоду і, што вельмі важна, маральныя аўтарытэты. Бездакорныя маральныя аўтарытэты. І можа выглядаць, што Мандэла перш за ўсё змагаўся супраць апартэіду, але я думаю, што яго роля значна шырэйшая. Бо ён змагаўся за роўнасьць, за свабоду. Для афрыканскага кантынэнта гэта чалавек вялікага значэньня, але ня меншае значэньне ён мае і для ўсяго сьвету, – заявіў у інтэрвію Радыё Свабода Аляксандар Мілінкевіч, кіраўнік руху «За свабоду». – Ён застаецца такім аўтарытэтам і сёньня. Таксама важна, што гэта нязломны чалавек, які 27 гадоў прабыў у турме і разам з тым не пахіснуўся, ня здаўся. І я думаю, што, знаходзячыся ў вязьніцы, Мандэла быў вялікай апорай і дэманстрацыяй сілы духу для тых, хто заставаўся на волі. Я думаю, што гэты чалавек застаўся ў гісторыі назаўсёды як адзін з самых вялікіх змагароў за дэмакратыю і правы чалавека. Гэта больш чым палітычны дзяяч, больш чым першы цемнаскуры прэзыдэнт ПАР. І дзякуй Богу, што ёсьць такія людзі на сьвеце, на якіх хочацца раўняцца, якія будуць прыкладам назаўсёды. Таму што я перакананы, што за свабоду трэба змагацца ня толькі ў краінах, дзе яе не хапае, але нават у вольных краінах за свабоду кожны дзень трэба змагацца і адстойваць свае правы».

Тацяна Равяка, праваабаронца з цэнтру «Вясна»: Сымбаль самаахвярнай барацьбы

«Імя Нэльсана Мандэлы – сымбаль самаахвярнай барацьбы з апартэідам. 27 гадоў, праведзеных у вязьніцах за гэтую барацьбу, – вялікая плата за перакананасьць, ідэйнасьць і за тое, каб сытуацыя, якую Нэльсан Мандэла лічыў несправядлівай, мянялася і ўрэшце зьмянілася канчаткова. Усё жыцьцё Нэльсана Мандэлы – прыклад таго, што калі чалавек упэўнены ў сваіх ідэалах, у сваёй слушнасьці і справядлівасьці сваіх дзеяньняў, ён можа ахвяраваць шмат чым, у тым ліку воляй, – кажа праваабаронца Тацяна Равяка. – Нэльсан Мандэла быў асуджаны да пажыцьцёвага зьняволеньня і, правёўшы за кратамі 27 гадоў, такім чынам заплаціў за сваю ідэйнасьць. У яго можна павучыцца разуменьню таго, якімі мэтадамі варта змагацца.

27 гадоў, праведзеных у вязьніцах за гэтую барацьбу, – вялікая плата за перакананасьць, ідэйнасьць

Калі мы са студэнтамі Школы правоў чалавека размаўляем пра Нэльсана Мандэлу як змагара за правы чалавека, мы гаворым пра тое, што гэта чалавек, які напачатку не адмаўляў гвалтоўныя мэтады барацьбы, аднак праз трансфармацыю сьвядомасьці прыйшоў да разуменьня таго, што толькі негвалтоўныя мэтады маральныя, толькі яны даюць устойлівы вынік. Таму мы гаворым пра тое, што сьвядомасьць можа мяняцца. І што легітымнымі і прызнанымі зьяўляюцца толькі тыя мэтады, якія ёсьць негвалтоўнымі. Так паказала гісторыя ўвогуле. Так паказаў лёс Нэльсана Мандэлы, – адзначае спадарыня Равяка. – Яго роля важная ня толькі ў гісторыі ПАР, але і ўсяго чалавецтва. Калі ён казаў пра роўнасьць, пра свабоду, то ён меў на ўвазе ня толькі свабоду чорных ад белых, але і свабоду белых ад чорных. Таму гэтае абсалютнае разуменьне чалавечай свабоды, волі, раўнапраўя – для мяне ўзор таго, як у абсалюце разумеецца і павінна разумецца права і свабода чалавека».

Алесь Анціпенка, філёзаф: Мандэла – гэта чалаек-мужнасьць, чалавек-трываласьць, чалавек-змагар

Ёсьць паралелі паміж беларускай рэчаіснасьцю і лёсам Мандэлы. Сярод нашых землякоў таксама ёсьць людзі, якія за свае перакананьні сядзяць у турме

«Нэльсан Мандэла – выбітная і безумоўна знакавая асоба. Такія людзі, якія гатовыя за свае перакананьні сядзець у вязьніцы, не прасіць аб памілаваньні, не чакаць, што іх вызваляць, гатовыя ахвяраваць сваім жыцьцём за ідэі, выклікаюць вялікую павагу. Для мяне Нэльсан Мандэла – гэта чалавек-мужнасьць, чалавек-трываласьць, чалавек-змагар, – кажа філёзаф Алесь Аньціпенка. – Ёсьць паралелі паміж беларускай рэчаіснасьцю і лёсам Нэльсана Мандэлы. Усе мы ведаем, што сярод нашых землякоў таксама ёсьць людзі, якія за свае перакананьні сядзяць у турме і сваім прыкладам дэманструюць найвялікшую трываласьць і адданасьць сваім ідэям. Гэтак, як і Нэльсана Мандэлу, нашых палітзьняволеных ведаюць ня толькі ў Беларусі, але і па-за яе межамі, дзе яны таксама выклікаюць вялікую павагу».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства