viasna on patreon

Вынікі грамадзкіх слуханьняў па заканадаўстве аб НКА накіраваныя дзяржаўным органам

2013 2013-12-06T12:54:09+0300 2013-12-06T12:54:09+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/anda-lt-loga.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Арганізатары грамадзкіх слуханьняў «Удасканаленьне прававых умоваў для дзейнасьці НКА», якія адбыліся 9 кастрычніка, накіравалі зварот па выніках абмеркаваньня ў шэраг дзяржаўных органаў.

Нагодаю для грамадзкіх слуханьняў стала распрацоўка закону па ўнясеньні зьменаў у закон «Аб грамадзкіх арганізацыях» (падпісаны прэзыдэнтам 4 лістапада, апублікаваны 19 лістапада, набывае моц 20 лютага 2014 году). На думку прадстаўнікоў грамадзкасьці, абмеркаваньне праекта закону на стадыі яго разгляду адбывалася з недастатковым прыцягненьнем зацікаўленых суб’ектаў, перадусім – саміх грамадзкіх аб’яднаньняў. У выніку прыняты закон не вырашае праблемы прававога рэгуляваньня ў гэтай сфэры. Нягледзячы на запрашэньне, дзяржаўныя органы праігнаравалі грамадзкае абмеркаваньне заканадаўства аб некамэрцыйных арганізацыях і прапановаў па яго ўдасканаленьні, не прыняўшы ўдзел у слуханьнях.

Тым не менш, матэрыялы слуханьняў накіраваныя ў профільныя камісіі абедзьвюх палатаў, у Міністэрства юстыцыі, Нацыянальны цэнтар заканадаўства і прававых дасьледаваньняў і Адміністрацыю прэзыдэнта. Грунтуючыся на выніках абмеркаваньня дзеючага заканадаўства, удзельнікі слуханьняў прапаноўваюць дзяржаўным органам разгледзець шэраг канкрэтных прапановаў па ўдасканаленьні закона «Аб грамадзкіх аб'яднаньнях» і шэрага іншых нарматыўных актаў.

Удзельнікі слуханьняў выказваюць упэўненасьць, што прыняцьцё нарматыўных актаў, рэгулючых некамэрцыйныя арганізацыі, можа быць вынікам толькі публічнага абмеркаваньня ў рамках дыялёгу ўсіх зацікаўленых бакоў, уключна з некамэрцыйнымі арганізацыямі, парлямэнтарамі, навукоўцамі, спэцылістамі міністэрства юстыцыі і іншых органаў. Толькі ў выніку такога гучнага працэсу заканадаўства аб НКА будзе разьвівацца гарманічна і на карысьць усяго беларускага грамадзтва.

Ініцыятары грамадзкіх слуханьняў – Асамблея НДА і Цэнтар прававой трансфармацыі – заяўляюць пра намер працягнуць працу па прасоўваньні станоўчых зьменаў у заканадаўства, якое рэгулюе дзейнасьць некамэрцыйных арганізацыяў.

У даданым файле выніковы дакумэнт па слуханьнях, а таксама прапановы па ўдасканаленьні заканадаўства.

Файлы

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства