Васіль Парфянкоў: “Я – не злачынца, не злодзей, а звычайны беларус..”
На год папраўчай калоніі строгага рэжыму суд Першамайскага раёна Мінска прыгаварыў 5 снежня былога палітвязня Васіля Парфянкова за парушэнне патрабаванняў прэвентыўнага нагляду. Ён быў узяты пад варту у залі суда і адпраўлены ў следчы ізалятар.
Прэвентыўны нагляд за Васілём Парфянковым быў усталяваны 5 студзеня 2012 года тэрмінам на 1 год. Аднак за парушэнні ўмоваў нагляду суд Першамайскага раёна Менска 29 траўня 2012 года асудзіў яго па артыкуле 421 Крымінальнага кодэксу на 6 месяцаў арышту, які Парфянкоў адбываў у калоніі №6 горада Баранавічы. Пасля вызвалення з калоніі 9 лютага 2013 года, прэвентыўны нагляд быў працягнуты яшчэ на паўгады. 12 ліпеня Парфянкову было ізноў прад’яўленае абвінавачванне па артыкуле 421 Крымінальнага кодэксу. Аднак справа да суда тады не дайшла, паколькі з 21 верасня Васіля Парфянкова накіравалі ў лячэбна-працоўны прафілакторый ў Светлагорску тэрмінам на 1 год для прымусовага лячэння ад алкагалізму.
Суд мусіў адбыцца 28 лістапада, але паколькі ў судзе высветлілася, што Васілю Парфянкову не паведамілі пра дату суду за пяць дзён да яго пачатку, як таго патрабуе працэсуальнае заканадаўства, быў перанесены на 5 снежня.
5 снежня суддзя суду Першамайскага раёна Менска Леанід Ярмоленкаў, разгледзеўшы матэрыялы справы, абвясціў прысуд: 1 год папраўчай калоніі строгага рэжыму, з прымяненнем прымусовых мераў і бяспекі да асобаў, якія пакутуюць на хранічны алкагалізм, адпаведна з арт. 107 Крымінальнага кодэксу.
Напачатку судовага паседжання прадстаўнік абвінавачвання Гушэвіч зачытаў усе парушэнні, прэвентыўнага нагляду, якія здзейсніў Парфянкоў за перыяд ад 16 лютага да 4 чэрвеня. Яны заключаліся ў адсутнасці актывіста па месца рэгістрацыі пасля 20 гадзін, як гэта патрабавалася ўмовамі нагляду і не з’яўленнем яго на рэгістрацыю ў вызначаныя дні ў выканаўчую інспекцыю Першамайскага РУУСа.
Пракурор таксама агучыў матэрыялы двух адміністрацыйных спраў ад 4 красавіка і 17 траўня за парушэнні ўмоваў прэвентыўнага нагляду, за якія актывіста пакаралі штрафамі ў памеры 800 тысяч і 3 мільёны рублёў. Апошняе парушэнне ўсталяванага рэжыму Васіль Парфянкоў здзейсніў 6 чэрвеня, спазніўшыся дамоў на 20 хвілін. Гэта засведчылі сведкі з боку абвінавачвання, блытаючыся пры гэтым у часе здзяйснення парушэння.
Васіль Парфянкоў адмовіўся даваць паказанні ў судзе і не прызнаў сябе вінаватым. Ён патлумачыў, што пільная ўвага да яго з боку праваахоўных органаў – не што іншае, як чарговая спроба ізаляваць яго за актыўную грамадзкую дзейнасць.
Адвакат у сваім выступе звярнула ўвагу на тое, што Васіль Парфянкоў – актыўны ўдзельнік апазіцыі, які за ўдзел у акцыі ў снежні 2010 года атрымаў турэмны тэрмін. Прэвентыўны нагляд быў усталяваны за ім менавіта дзеля таго, каб лепей кантраляваць усе ягоныя дзеянні.
Яна звярнула ўвагу суду, што накіраванне Парфянкова згодна з артыкулам 107 Крымінальнага кодэксу на прымусовае лячэнне ў ЛТП выклікае шмат пытанняў, паколькі пры гэтым праводзілася ўсяго толькі фармальная амбулаторная экспертыза, што, на яе думку, недастаткова, каб прызнаць яго асобаю, хворай на хранічны алкагалізм. Выклікаюць пэўныя сумненні і адміністрацыйныя справы па арт. 17.3 КаАП, узбуджаныя за знаходжанне яго ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане, паколькі ніводнага акта медыцынскага агляду ягонага стану на алкаголь ў справах няма.
У сваім апошнім слове Васіль Парфянкоў адзначыў, што ніколі не прызнаваў прэвентыўны нагляд і таму вінаватым сябе не лічыць.
“Каяцца мне няма ў чым. Я – не злачынца, не злодзей, а звычайны беларус і люблю сваю краіну. Уладзе такія непатрэбныя, мяне проста хочуць ізаляваць ад грамадства” – завяршыў свой выступ Парфянкоў.
У Васіля Парфянкова застаецца магчымасць абскардзіць прысуд суда Першамайскага раёна ў касацыйным парадку ў Менгарсудзе.