viasna on patreon

Пашырэньне дарогі ля Курапатаў спынілі

2013 2013-12-05T16:00:08+0300 2013-12-05T16:00:08+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kurapaty.jpg
Крыжы ў Курапатах.

Крыжы ў Курапатах.

У Курапатах спыненыя будаўнічыя працы па пашырэньні дарогі «Заслаўе — Калодзішчы». Цяпер Міністэрства культуры разглядае законнасьць іх правядзеньня. Тым часам грамадзкія актывісты намерваюцца перашкодзіць пачатку дзейнасьці забаўляльнага комплексу «Бульбаш-Хол».

Пашырэньне дарогі «Заслаўе — Калодзішчы» побач з урочышчам Курапаты вялося ў зьвязку з будаўніцтвам пасёлку Сонечны. Пра гэта паведаміў кіраўнік Управы па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Мінкульту Ігар Чарняўскі. На прадпісаньне аб забароне дарожных работ у межах ахоўнай зоны Курапатаў Міністэрства культуры атрымала дакумэнтацыю ад забудоўшчыка Сонечнага і цяпер вызначае, што рабіць далей. Ці прадоўжыцца пашырэньне дарогі ў бок Курапатаў, спадар Чарняўскі пакуль адказаць ня можа:

«Я нічога пакуль сказаць не магу, пакуль мы ня вывучым дакумэнтацыю. Увогуле, я лічу, што ўсё павінна адбывацца ў межах заканадаўства.

Дарога мае свае ахоўныя зоны, яны даволі жорсткія, і паўплываць на гэтыя зоны ніхто ня можа

Я дакладная ведаю, што любая дарога заканадаўча аформленая тэхнічнымі нормамі. Дарога мае свае ахоўныя зоны, яны даволі жорсткія, і паўплываць на гэтыя зоны ніхто ня можа. Нават, калі яна праходзіць у зоне помніка гісторыі ці помніка архітэктуры. Калі ствараецца новая дарога, дык можна казаць пра тое, каб яе неяк адсунуць. Як, да прыкладу, гэта было ў Лыскава, калі пракладалі ў Белавескую пушчу дарогу. Там мы змаглі памяняць радыюс гэтай дарогі, каб адсунуць яе ад помніка архітэктуры. Але гэта была новая дарога, якая пракладалася ўпершыню. Гэтая дарога — камунікацыя, якая існуе з тых жа самых 30-х гадоў, а то, магчыма, і раней. Таму тут трэба падыходзіць, як я лічу, з пункту гледжаньня нормаў закона».

Актывісты Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ працягваюць кантраляваць Курапаты і заяўляюць, што дарожныя работы сапраўды прыпыненыя. Але небясьпека далейшага парушэньня ахоўных зонаў застаецца з тае прычыны, што Міністэрства культуры своечасова не парупілася аб іх паўнавартасным зацьверджаньні на заканадаўчым узроўні, кажа намесьнік старшыні партыі Алесь Чахольскі:

«Там ёсьць пытаньне, што ахоўныя межы ня ўнесеныя ў зямельны кадастар. А пакуль гэтага ня зроблена, дык іх нібыта і не існуе. Юрыдычна гэтая працэдура праводзіцца рашэньнем Міністэрства культуры і пастановай Савета Міністраў. Гэта афармляецца праз адпаведныя нарматыўныя дакумэнты і затым — уступае ў дзеяньне. Зрэшты, калі б улада была беларускай, усё было б па-іншаму. Даўно б ужо былі зробленыя і ахоўныя зоны, і мэмарыял з капліцамі».

Тым часам актывісты ініцыятывы «За ўратаваньне Курапатаў» спрабуюць прыняць новыя захады, каб перашкодзіць адкрыцьцю забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол». Штуршком для гэтых крокаў сталася рашэньне кансультатыўнай рады пры Міністэрстве культуры ўдвая зьменшыць ахоўныя зоны Курапатаў з боку забаўляльнага цэнтру. Гаворыць актывістка кампаніі Ганна Шапуцька:

«Схема ахоўных зонаў, распрацаваная ў 2004 годзе, павінна дзенічаць да распрацоўкі дэталёвага пляну гэтай тэрыторыі. Такі праект распрацоўваецца, калі распачынаецца нейкае будаўніцтва. Наогул паўстае пытаньне, як ён мог быць пабудаваны — гэты забаўляльны комплекс і іншыя аб’екты, калі няма такога пляну? Гэта ўжо ёсьць беззаконьнем, а Міністэрства культуры зьмяняе ахоўныя зоны з боку забаўляльнага комплексу. Словам, тут ёсьць падставы для таго, каб ня даць магчымасьці гэтаму комплексу працаваць».

Як паведаміла Ганна Шапуцька, ініцыятыва «За ўратаваньне Курапатаў» адпаведныя звароты накіруе ў Генэральную пракуратуру і прэзыдэнцкую адміністрацыю. Акрамя таго, абаронцы Курапатаў намерваюцца ініцыяваць стварэньне рэклямных відэаролікаў пра Курапаты, а таксама зьвярнуцца да кіраўнікоў усіх хрысьціянскіх канфэсій у Беларусі з просьбай узяць Курапаты пад сваю апеку.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства