7 траўня адбудзецца паседжаньне Вярхоўнага суду па скарзе Цэнтральнага камітэту ПКБ на два пісьмовых папярэджаньня Мінюсту
Паседжанне Вярхоўнага суду пачнецца ў панядзелак 7 траўня а 11 гадзіне. На ім будзе разгледжаная скарга Цэнтральнага камітэта Партыі камуністаў Беларускай на два пісьмовых папярэджання Міністэрства юстыцыі.
Сітуацыю газеце “Товарищ” пракаментавала сакратар ЦК ПКБ Алена Скрыган:
- Першае пісьмовае папярэджанне было па выніках праверкі спісаў сябраў партыі. Нагадаю, што мы былі змушаныя падаць спісы 1500 сяброў нашай партыі па патрабаванні Міністэрства юстыцыі. Па якіх Міністэрства потым правяло праверку сапраўднасці сяброўства ў партыі".
Што характэрна, праверка гэтая рабілася з прыцягненнем супрацоўнікаў праваахоўных органаў. На мясцовым узроўні, калі шчыра казаць, гэтым займаліся ўчастковыя міліцыянты і працаўнікі выканкамаў. Яны хадзілі па кватэрах, апытвалі людзей і, паводле нашых дадзеных, аказвалі на іх псіхалагічны ціск. У выніку, нам было вынесенае папярэджанне за тое, што, нібыта, больш як 200 чалавек не пацвердзілі сяброўства ў партыі.
Мы абскардзілі гэтае папярэджанне і, між іншым, правялі ўласную праверку. Яна высветліла, што паказаныя намі партыйцы не адмаўляюцца ад сяброўства ў ПКБ. Хоць, зразумела, знайшлося і некалькі такіх, якія не вытрымалі ціску…
Тым не менш, мы хочам, каб у Вярхоўным судзе былі абвешчаныя вынікі нашай праверкі. І каб суд зафіксаваў тое, якімі метадамі Мінюст дамагаецца патрэбных вынікаў. Хоць вынікі нават і такой праверкі не адказваюць рэчаіснасці.
І другое папярэджанне, якое мы атрымалі – за ўдзел ва ўстаноўчай канферэнцыі Саюза левых партый у Чарнігаве.
Мы абскардзілі і яго. Мы лічым, што Міністэрства юстыцыі аднабока патлумачыла палажэнні нашага Статуту пра тое, што партыя здзяйсняе сваю дзейнасць на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Пачнём з таго, што Міністэрства юстыцыі правам тлумачэння Статуту палітычнай партыі не нададзена – па-першае. Па-другое, мы выказалі сваё тлумачэнне. Яно зводзіцца да таго, што мы маем права, незалежна ад таго, ці ёсць у дадзеным рэгіёне нашы партыйныя арганізацыі, згодна з Статутам і заканадаўствам краіны ствараць гэтыя партыйныя арганізацыі, праводзіць сходы, канферэнцыі, працаваць з насельніцтвам…
У той самы час, дадзеная норма Статуту не змяшчае забароны на правядзенне партыйных мерапрыемстваў за межамі краіны. І канферэнцыі, і семінары, і сімпозіумы мы маем права праводзіць па-за тэрыторыяй Беларусі.
Такім чынам, мы лічым, што ў нас вельмі моцныя пазіцыі і гатовыя адстойваць іх у Вярхоўным судзе, – лічыць Алена Скрыган.