viasna on patreon

Эксперт: Абмежаванні на зварот зняволеных у дзяржорганы, грамадскія арганізацыі, СМІ беспадстаўныя

2013 2013-12-05T14:18:05+0300 2013-12-05T14:18:05+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sapelka-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Павел Сапелка

Павел Сапелка

Праблему, звязаную з падачай зняволенымі скаргаў ці выказваннем незадаволенасці, аналізуе юрыст Павел Сапелка, эксперт маніторынгавай групы, якая вывучае становішча грамадзянаў у месцах прымусовага ўтрымання ў Беларусі.

«Турма ўяўляе сабой супольнасць, якая падпарадкоўваецца пэўным правілам і нормам, якія па-рознаму прымяняюцца да персаналу, зняволеных і наведвальнікаў. Паколькі структура турмы пабудавана паводле іерархічнага прынцыпу, то асабліва важна, каб яе правілы і нормы былі зразуметыя і выконваліся кожным, хто трапляеў яе сцены, а не толькі вязнямі. Калі ў турме ёсць выразны набор працэдур, якія забяспечваюць належнае прыняцце рашэнняў, то зніжаецца патрэба ў даволі складаных мерапрыемствах, неабходных для разбіральніцтва з наступствамі дрэннага прыняцця рашэнняў. Паколькі зняволеныя павінны выконваць турэмныя правілы, а пасля і правілы таго грамадства, у якое яны павінны вярнуцца, то важна, каб гэтыя правілы ўжываліся бесстаронне і справядліва. Часам зняволеныя могуць палічыць, што з імі як з асобамі, або як з групай, звяртаюцца неаб'ектыўна. Гэта здараецца нават у турмах з самым добрым кіраваннем. Неабходна мець набор працэдур, якія дазваляюць зняволеным падаваць спецыяльныя просьбы і рэгістраваць любыя наяўныя ў іх скаргі. Працэдуры павінны быць выразна выкладзеныя і быць зразумелыя як для зняволеных, так і для супрацоўнікаў, якія штодня маюць зносіны са зняволенымі»[1].

Для любых дзяржаў сітуацыя ў турме характэрная тым, што тыя, хто скардзяцца на парушэнне закона, знаходзяцца пад кантролем тых, супраць каго скіраваныя іх скаргі. Пры такіх абставінах, як адзначаюць зняволеныя беларускіх турмаў і калоній, апынаецца, што не ў інтарэсах зняволеных падаваць нават вельмі абгрунтаваныя з пункту гледжання закона скаргі. Таму закон павінен не толькі дэклараваць, але і забяспечваць механізм падачы скаргаў, пры якім зняволены не будзе пакараны за падачу скаргі, нават калі яна апынецца неабгрунтаванай.

«Калі зняволены не можа сам падаць скаргу, то павінна існаваць магчымасць падачы скаргі ад яго імя членамі сям'і або яго прадстаўніком»[2]. Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, Артыкул 2:

Кожная дзяржава-ўдзельнік гэтага Пакту абавязваецца:

(a) забяспечыць любой асобе, правы і свабоды якой, якiя прызнаюцца ў гэтым Пакце, парушаныя, эфектыўнае права прававой абароны, нават калі гэта парушэнне было здзейснена асобамі, якія дзейнічалі ў афіцыйнай якасці;

 (b) забяспечыць, каб права на прававую абарону для любой асобы, якая патрабуе такой абароны, устанаўлівалася кампетэнтнымі судовымі, адміністрацыйнымі або заканадаўчымі ўладамі ці любым іншым кампетэнтным органам, прадугледжаным прававой сістэмай дзяржавы, і развіваць магчымасці судовай абароны;

 (c) забяспечыць прымяненне кампетэнтнымі ўладамі сродкаў прававой абароны, калі яны прадстаўляюцца.

Звод прынцыпаў абароны ўсіх асоб, якія падвяргаюцца затрыманню або заключэнню ў якой бы там ні было форме, Прынцып 33:

(1) Затрыманая ці якая знаходзіцца ў зняволенні асоба або яеадвакат павінен мець права
накіраваць у органы, адказныя за кіраванне месцам затрымання або заключэння, ці ў больш высокія інстанцыі, а ў выпадку неабходнасці - адпаведным органам, упаўнаважаным разглядаць скаргі і прадастаўляць сродкі абароны, - просьбу ці скаргу адносна абыходжання з дадзенай асобай, у прыватнасці ў выпадку катаванняў або іншага жорсткага, бесчалавечнага або зневажаючага чалавечую годнасць абыходжання.

(2) У тых выпадках, калі ні затрыманая або асоба, якая знаходзіцца ў зняволенні, ні яе адвакат не маюць магчымасці ажыццявіць яе права ў адпаведнасці з пунктам 1, такое права могуць ажыццявіць член сям'і затрыманай або якая знаходзiцца ў зняволенні асобы, ці якая-небудзь іншаяасоба, інфармаваная пра гэтую справу.

(3) Варта выконваць канфідэнцыяльнасць просьбы або скаргі, калі аб гэтым просіць асоба, якая падае просьбу або скаргу.

(4) Кожная просьба ці скарга павінна быць разгледжана без прамаруджання, а адказ павінен быць дадзены без неапраўданых затрымак. У выпадку адхілення гэтай просьбы або скаргі або ў выпадку неапраўданай затрымкі асоба, якая падае просьбу або скаргу, можа накіраваць яе ў судовы ці іншы орган. Як затрыманае або якая знаходзіцца ў зняволенні асоба, так і любаяіншая асоба, якая падае просьбу або скаргу, уадпаведнасці з пунктам 1 не могуць падвяргацца пераследу за падачу просьбы або скаргі.

Мінімальныя стандартныя правілы абыходжання з зняволенымі, Правіла 36:

(1) Кожны зняволены павінен мець магчымасць звяртацца ў буднія дні да дырэктара ўстановы або ўпаўнаважанага ім супрацоўніка з заявамі ці скаргамі.

 (2) Падчас інспекцыі зняволеныя павінны мець магчымасць звяртацца з просьбамі ці скаргамі да турэмных інспектараў. Яны павінны мець права гаварыць з інспектарам або якім-небудзь іншым супрацоўнікам інспекцыі ў адсутнасці дырэктара або іншых супрацоўнікаў установы.

Трэба заўважыць, што заканадаўства Беларусі не перашкаджае звароту родных зняволенага ў яго інтарэсах са скаргамі на ўмовы ўтрымання ў адміністрацыйным парадку. Такія абмежаванні ўтрымлівае крымінальна-працэсуальны кодэкс, і яны датычацца права на абскарджанне прысудаў і наступных судовых рашэнняў, дзе скаргі могуць быць пададзены толькі асуджанымі, іх абаронцамі і законнымі прадстаўнікамі непаўналетніх.

У турме не варта ўжываць якія-небудзь працэдуры, якія перашкаджаюць падачы зняволенымі законных скаргаў ці выказванню незадаволенасці. Дысцыплінарныя правілы не павінны ўтрымліваць нормаў, якія абцяжарваюць зняволеным падачу скаргаў, напрыклад, шляхам пакарання іх за абвінавачванні персаналу, якія пасля аказваюцца неабгрунтаванымі.

Існуе абгрунтаваная упэўненасць у тым, што асноўным фактарам, які ўтрымлівае зняволеных ад падачы скаргаў, з'яўляецца іх упэўненасць у тым, што персанал здольны за гэта адпомсціць. Супрацоўнікі турмы павінны таксама разумець, што калі супраць іх высунуты нейкія абвінавачванні, то ў іх існуе магчымасць абараніць сябе ва ўстаноўленым законам парадку ад неабгрунтаваных абвінавачванняў з боку зняволеных.

«У Кітаі і ў шэрагу іншых краін абвінаваўцы, якія расследуюць скаргі зняволеных, патрабуюць, каб скаргі апускаліся ў зачыненыя скрынкі, ключ ад якіх ёсць толькі ў абвінаваўцы»[3].

Многія скаргі асуджаных, хутчэй за ўсё, могуць датычацца пытанняў, якія адносяцца да штодзённага распарадку дня, да спосабу абыходжання з зняволенымі, захаванню іх паўсядзённых бытавых правоў. «Пытанні, якія для людзей, што жывуць у нармальнай грамадзянскайсупольнасці, не мелі б вялікай ролі, могуць набываць вялікае значэнне ў строга дысцыплінаваным свеце турмы, дзе існуюць нормы, якія рэгулююць амаль кожны аспект паўсядзённага жыцця. Адна з асноўных задач турэмнай адміністрацыі заключаецца ў тым, каб прадухіліць перарастанне проста просьбы або звароту ў скаргу, скаргі - у афіцыйны пратэст, а афіцыйнага пратэсту - у зварот да вышэйстаячай арганізацыі"[4]. Аднак для Беларусі, хутчэй, характэрны брутальны разрыў гэтага ланцужка на першым этапе: няма скаргі - як бы няма і праблемы, хоць зразумелы абавязак адміністрацыі задаволіць законныя патрабаванні зняволеных ці пайсці на кампраміс у невідавочных выпадках.

У Беларусі, у адпаведнасці з нацыянальным законам, кожны асуджаны можа выказаць прапанову, заяву ці скаргу вусна або пісьмова. Асуджаныя маюць права падаваць прапановы, заявы і скаргі толькі ад свайго імя. Пісьмовыя прапановы, заявы і скаргі накіроўваюцца па адрасе праз адміністрацыю папраўчай установы (ПУ). Звароты асуджаных без подпісу разгляду і накірунку адрасату не падлягаюць. Прапановы, заявы і скаргі, адрасаваныя ў органы, якія ажыццяўляюць кантроль і нагляд за дзейнасцю ўстаноў, якiя выконваюць крымінальныя пакаранні, прагляду і цэнзуры не падлягаюць і не пазней чым у сутачны тэрмін, за выключэннем выходных, дзяржаўных святаў і святочных дзён, якія з'яўляюцца непрацоўнымі днямі, накіроўваюцца па прыналежнасці. Іншыя звароты асуджаных падвяргаюцца цэнзуры.

Прапановы, заявы і скаргі па пытаннях атрымання перадач, пасылак і бандэроляў, прадастаўлення спатканняў, расходавання грошай, налічэння заробку, прыцягнення да працы, аказання медыцынскай дапамогі, забеспячэння рэчавай маёмасцю, а таксама іншых пытаннях падобнага характару (акрамя прапаноў, заяў і скаргаў, адрасаваных у органы,якія ажыццяўляюць кантроль і нагляд за дзейнасцю ўстаноў, якiя выконваюць крымінальныя пакаранні), якія могуць быць вырашаны адміністрацыяй ПУ, вырашаюцца, не чакаючы вынікаў разгляду іх органамі або асобай, якой яны накіраваныя.

Прапановы, заявы і скаргі, што накіроўваюцца ў дзяржаўныя органы і грамадскія аб'яднанні, а таксама на імя службовых асобаў (акрамя прапаноў, заяў і скаргаў, адрасаваных у органы, якія ажыццяўляюць кантроль і нагляд за дзейнасцю ўстаноў, якiя выконваюць крымінальныя пакаранні), адміністрацыя ПУ суправаджае лістом, у якім коратка выказвае сваё меркаванне па сутнасці выкладзенага. Да заяў і скаргаў усудовыя органы і органы пракуратуры, у якіх утрымліваецца просьба аб зніжэнні меры пакарання, а таксама да заяваў аб пераводзе ў іншуюПУ далучаюцца даведкі-характарыстыкі.

Прапановы, заявы і скаргі, пададзеныя ў пісьмовым выглядзе, рэгіструюцца ў канцылярыі ПУ і не пазней чым у трохсуткавы тэрмін накіроўваюцца адрасату. Паступіўшыя адказы па выніках разгляду прапаноў, заяў і скаргаў абвяшчаюцца асуджаным пад подпіс пры іх паступленні, але не пазней чым у трохсуткавы тэрмін. Апошняй фармулёўкай карыстаецца адміністрацыя і толькі знаёміць асуджаных з тэкстам адказу, не перадаючы сам адказ вязню, што абцяжарвае наступную перапіску асуджанага, пазбаўленага магчымасці карыстацца тэкстам адказу для падрыхтоўкі, напрыклад, паўторнай скаргі.

Прапановы, заявы і скаргі асуджаных з нагоды рашэнняў і дзеянняў органаў і ўстаноў, якiя выконваюць пакаранне i iншыя меры крымiнальнай адказнасці, не прыпыняюць іх выкананне.

Прапановы, заявы і скаргі, адрасаваныя ў дзяржаўныя органы, рэдакцыі газет і часопісаў, грамадскія аб'яднанні і на імя службовых асоб, якія змяшчаюць пытанні, якія гэтыя органы, грамадскія аб'яднанні цi службовыя асобы ў сілу палажэнні аб іх або іх правамоцтваў вырашаць не кампетэнтныя, па просьбе асуджанага накіроўваюцца адрасатам. Яму тлумачыцца і рэкамендуецца адрасаваць прапанову, заяву ці скаргу адпаведнаму кампетэнтнаму органу, арганізацыі альбо службовай асобе. У выпадку, калі асуджаны настойвае на накіраванні яго прапановы, заявы або скаргі ў абраны ім дзяржаўны орган (грамадскую арганізацыю), службовай асобе ці іншай арганізацыі, яму тлумачыцца, што яго прапановы, заявы або скаргі, разгледжаныя адміністрацыяй ПУ, з рашэннямі па якіх асуджаны не згодны, а таксама па іншых пытаннях, звязаных з выкананнем крымінальнага пакарання, у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 кастрычніка 2007г. № 498 "Аб дадатковых мерах па працы са зваротамі грамадзянаў і юрыдычных асобаў" першапачаткова накіроўваюцца ва ўпраўленне Дэпартамента па вобласці або ўпраўленне Дэпартамента па г.Мінску і Мінскай вобласці (па тэрытарыяльнасці), дзе падлягаюць разгляду па сутнасці ў адпаведнасці з кампетэнцыяй, а пры паўторнай нязгодзе з вынікамі разгляду асуджаны можа звярнуцца ў Дэпартамент, Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Рашэнне Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь па заяве або скарзе можа быць абскарджана ў суд.

Іншымі словамі, калі зняволены звяртаецца, напрыклад, у грамадскую арганізацыю або ў грамадскую назіральную камісію любога ўзроўню з паведамленнем - скаргай на ўмовы ўтрымання, то такі ліст падлягае цэнзуры, па выніках якой ёсць шанец, што рашэнне аб магчымасці яго перадачы адрасату будзе прынята пасля двухразовага разгляду пытання чыноўнікамі Дэпартамента выканання пакарання па рашэнні суда. Такі парадак неабгрунтавана абмяжоўвае права асуджаных на падачу скаргаў і паведамленняў пра сваё становішча, з аднаго боку, і сродкаў масавай інфармацыі і грамадскіх арганізацый на атрыманне звестак аб захаванні правоў асуджаных, з другога.

Спрэчным з'яўляецца таксама палажэнне аб тым, што прапановы, заявы і скаргі, якія змяшчаюць нецэнзурныя выразы, а таксама прыніжаючыя гонар і годнасць работніка ПУ, адрасату не накіроўваюцца. Такія лісты далучаюцца да матэрыялаў асабістай справы асуджанага, а тыя, хто падаў іх,прыцягваюцца да адказнасці ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Аднак узнікае пытанне: ці дастаткова ў адміністрацыі ПУ паўнамоцтваў, каб самастойна вызначаць, якія выразы з'яўляюцца нецэнзурнымі і якія зневажаюць гонар і годнасць работнікаў ПУ. Бачыцца, што такія звароты павінны разглядацца адрасатам, паколькі ў зваротах можа ўтрымлівацца важная інфармацыя, а пытанне аб абароне асабістых правоў асобаў, чые гонар і годнасць прыніжаныя, павінна вырашацца ў адпаведнасці з агульнымі нормамі грамадзянскага права, незалежна ад таго, ці з'яўляюцца гэтыя асобы супрацоўнікамі ПУ.

Такім чынам, варта ўносіць змены ў заканадаўства Беларусі, якое рэгулюе правы асуджаных, накіраваныя на рэальнае забеспячэнне правоў на зварот са скаргай ці іншым паведамленнем пра сваё становішча ў дзяржаўныя органы і іншыя інстытуты - грамадскія арганізацыі, сродкі масавай інфармацыі. У гэтай частцы правы зняволеных не могуць адрознівацца ад агульных для ўсіх, паколькі абмежаванне такога права нічым не абгрунтавана.

Перапісцы зняволеных з адвакатам варта надаць абарону, роўную абароне перапіскі з органамі, якія ажыццяўляюць кантроль і нагляд за дзейнасцю ўстаноў, якiя выконваюць крымінальныя пакаранні, пры якой кантроль за перапіскай можа абмяжоўвацца толькі кантролем за адсутнасцю забароненых укладанняў ў лісце.

[1] Подход к управлению тюрьмой с позиций прав человека. Пособие для тюремного персонала. Эндрю Койл, Международный центр тюремных исследований.

[2] Там жа.

[3] Подход к управлению тюрьмой с позиций прав человека.

[4] Там жа.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства