У Магілёве цэлы квартал пазбавілі статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці
Дамы па вуліцы Лазарэнкі №5, 7, 13 і 15 больш не ахоўваюцца дзяржавай, і іх чакае ў бліжэйшы час далёка не светлая будучыня.
Рашэнне аб пазбаўленні іх статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці было прынята 27 лістапада Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай радай па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь.
Начальнік упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладдзі Магілёўскага гарвыканкама Ала Галушка на чарговым пасядджэнні паведаміла, што ў бліжэйшы час чакаецца карэкціроўка спісу гісторыка-культурных аб’ектаў, якія знаходзяцца ў Магілёве, у бок іх памяншэння.
На дадзены момант такіх будынкаў 55, а таксама ёсць 102 аб’екты, якія не маюць катэгорыі, аднак уваходзяць у склад комплексных гісторыка-культурных каштоўнасцяў.
Прадстаўнікі ўлады адзначаюць, што не ўсе будынкі знаходзяцца ў здавальняючым стане, а частку з іх ужо немагчыма аднавіць, бо яны прызнаныя аварыйнымі. Выратаваць гісторыка-культурную спадчыну можа толькі з дапамогай іх продажу інвестарам, аднак далёка не ўсе жадаюць захоўваць будынкі ў першасным стане – патэнцыйныя ўласнікі зацікаўлены ва ўнутранай перапланіроўцы будынкаў. Тым не менш, кіраўніцтва гораду адзначае, што ўмовай продажу будынкаў з’яўляецца захаванне іх арыгінальных фасадаў.
Датычна лёсу чатырох дамоў па вуліцы Лазарэнкі варта адзначыць, што дамы №13 і 15 будуць аб’яднаны ў адзін архітэктурны комплекс. Дом №5 будзе перабудаваны ў шматфункцыянальны адміністрацыйна-гандлёвы цэнтр з культурна-дзелавым прызначэннем, а дом №7 выставяць на аўкцыён у першым квартале 2014 года.
Старшыня рады Магілёўскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры” Уладзімір Краўчанка лічыць, што ўлады працягваюць сістэматычнае знішчэнне гістарычнай спадчыны, якое пачалося яшчэ пры Савецкім Саюзе.
“Непрадуманая палітыка ў галіне захавання гісторыка-культурнай спадчыны губіць нашу матэрыяльную культуру. Калі знішчаць гістарычныя будынкі такімі тэмпамі, то ад Магілёва хутка нічога не застанецца. Магілёў стане горадам панэлек і гіпермаркетаў. Як мы ні спрабуем рэагаваць на захады ўлады знішчыць гістарычныя будынкі, яны застаюцца глухімі і сляпымі да нашых скаргаў”, - кажа Уладзімір Краўчанка.
Трэба адзначыць, што старыя дамы па вуліцы Лазарэнкі былі пабудаваны на пачатку дваццатага стагоддзя. Некалькі гадоў таму было абвешчана, што частцы вуліцы, на якой знаходзяцца гэтыя будынкі, будзе вернута гістарычная назва — Віленская, аднак усё гэта засталося на ўзроўні дэкларацыі.