viasna on patreon

Канстытуцыйны Суд ухіліўся ад ацэнкі некаторых пунктаў новага Працэсуальна-выканаўчага кодэксу ад адміністратыўнах правапарушэньнях, якія супярэчаць Канстытуцыі Беларусі

2007 2007-05-04T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

З Сакратарыяту Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусі на адрас праваабаронцы Алеся Бяляцкага прыйшоў адказ на заяву групы праваабаронцаў аб неадпаведнасьці некаторых артыкулаў новага Працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністратыўных правапарушэньнях (ПВКаАП) Канстытуцыі краіны.

Нагадаем перадгісторыю справы. 13 сакавіка праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Таццяна Рэвяка і Ірына Тоўсцік зьвярнуліся ў Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь у сувязі з тым, што некаторыя артыкулы новага Працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністратыўных правапарушэньнях (ПВКаАП), які ўступіў у дзеяньне з 1 сакавіка, супярэчаць артыкулу 26 Канстытуцыі Беларусі.

Так, у адпаведнасці з гэтым артыкулам Канстытуцыі, ніхто не можа быць прызнаным віноўным у злачынстве, калі яго віна не будзе даказана ў прадугледжаным законам парадку і ўстаноўлена ўступіўшым у законную сілу прысудам суда.

У адпаведнасці з арт. 11.12. ПВКаАП Рэспублікі Беларусь пастанова аб накладаньні адміністратыўнага спагнаньня ўступае ў законную сілу па сканчэньні тэрміну на абскарджваньне, калі яно не было абскарджана ў парадку, які ўстаноўлены кодэксам.

У адпаведнасьці з п.1 арт.12.4. ПВКаАП скарга на пастанову аб прыцягненьні да адміністратыўнага арышту ці дэпартацыі можа быць пададзена на працягу пяці сутак.

У той жа час, пункт 2 арт.11.12. ПВКаАП Рэспублікі Беларусь прадугледжвае, што пастанова аб накладаньні адміністратыўнага спагнаньня ў выглядзе адміністратыўнага арышту ці дэпартацыі прыводзіцца ў выкананьне неадкаладна. Такім чынам, насуперак Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь згодна з ПВКаАП пастанова аб прыцягненьні да адказнасьці ў выглядзе адміністратыўнага арышту ці дэпартацыі выконваецца да ўступленьня ў законную сілу пастановы суда. У выніку, асоба можа адбываць пакараньне, але не быць прызнанай ў законным парадку віноўнай у здзяйсненьні правапарушэньня.

Адказ першага намесніка начальніка сакратарыята Канстытуцыйнага суда Г. Змачынскай каментуе праваабаронца Уладзімір Лабковіч: “Гэты адказ, які па-сутнасьці абмінае супярэчнасьць вышэйпрыведзеных пунктаў, парушае правы грамадзян і прэзумпцыю невіноўнасьці па адміністратыўнах справах. На жаль, у чарговы раз Канстытуцыйны Суд ухіліўся ад разгляду справы па-сутнасьці і дачы заключэньня аб канстытуцыйнасьці ўказаных вышэй артыкулаў, спаслаўшыся на тое, што спрэчныя моманты могуць быць разгледжаны толькі ў выпадку звароту да Канстытуцыйнага Суда такіх ініцыятараў, як Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Палата Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, Вярхоўны Суд, Савет Міністраў і гэтак далей. Здзіўляе, што ў сваім тлумачэньні Канстытуцыйны Суд звузіў дзеяньне артыкула 26 Канстытуцыі краіны толькі да ўзроўню крымінальных злачынстваў. Такім чынам, Канстытуцыйны Суд не абараняе правы грамадзян, якія абвінавачваюцца ў адміністатыўных правапарушэньнях. З горыччу даводзіцца канстатаваць, што Канстытуцыйны Суд у Рэспубліцы Беларусь не выконвае тых функцый, якія абавязаны выканваць у сапраўды прававой дзяржаве”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства