Праваабарончая праграма “Людзьмі звацца!” на Беларускім Радыё Рацыя
Кожны аўторак у 15:05 ў эфіры незалежнай беларускай радыёстанцыі “Беларускае Радыё Рацыя”- праграма “Людзьмі звацца!”, якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека на Беларусі. Праграма складаецца з рубрык “Хроніка пераследу”, “Падзея тыдня”, “Асоба. Дзяржава. Грамадства” ды “Навіны палітвязняў”.
Анонс выпуску:
“Хроніка пераследу”: гучныя судовыя справы - інвалід судзіцца з Нацыянальным аэрапортам "Мінск-2", у Гомелі пераглядаецца справа Аляксандра Грунова, якому было вынесена смяротнае пакаранне. А таксама змены ў заканадаўстве - дэпутаты ініцыюць 150 паправак у Кодэкс аб адукацыі, што на гэты конт думаюць незалежныя эксперты з Грамадскага Балонскага камітэту?
"Падзея тыдня": акцыя “Гарады за жыццё - гарады супраць смяротнага пакарання”, ініцыятарам якой з’яўляецца рымская Супольнасць святога Эгідзія.
“Асоба. Дзяржава. Грамадства”: 3-га снежня самаму вядомаму беларускаму дысідэнту савецкага часу, публіцысту і праваабаронцу Міхасю Кукабаку споўнілася 77 гадоў. За распаўсюд тэксту Дэкларацыі правоў чалавека і абарону абвешчаных ёй агульначалавечых каштоўнасцяў Міхась Ігнатавіч пераследваўся і правёў агулам 17 гадоў за кратамі і ў псіхіятрычных лякарнях. У гутарцы ён распавядае аб праблемах на сваім жыццёвым шляху і прынцыпах, якія дазволілі не толькі выжыць, але і дзейнічаць.
"Навіны палітвязняў" - 28 лістапада спроўнілася тры гады з дня затрымання Ігара Аліневіча. Гэтымі днямі ён вылучаны на прэмію імя Францішка Аляхновіча,заснаваную Беларускім ПЭН-Цэнтрам і Радыё Свабода.
У музычных паўзах - песні ўкраінскіх выканаўцаў, якія гэтымі днямі разам з суайчыннікамі пратэстуюць на майдане Незалежнасці, - гурты "Тартак", "Океан Ельзи", "Tik" і Руслана.