Тры гады таму быў арыштаваны Ігар Аліневіч
Да гадавіны затрымання Аліневіча яго паплечнікі падрыхтавалі пераклады кнігі палітвязня «Еду ў Магадан» на розных мовах.
У дзённіку, які ўвайшоў у кнігу «Еду ў Магадан», Ігар Аліневіч так апісвае сваё затрыманне: «28 лістапада 2010 года, Масква, кафэ гандлёвага цэнтра «У Горбушки», 14.45 на гадзінніку. Выходзім з цэнтра, з усіх бакоў кінуліся 4 цені, схапіўшы пад рукі. Адзін з людзей у чорным супакойвае: «Гэта мы вашым дапамагаем.» Хм, гэтыя «нашы» вашы, а не нашы. Бразнулі бранзалеты, запіхнулі ў машыну, шмон па кішэнях, мабіла, кашалёк, плэер... Шапка на вочы, адна машына, пасля другая. Паміж сабой людзі ў чорным не перагаворваюцца, пішуць тэкст на тэлефоне і перадаюць адзін аднаму. Пару прыпынкаў у прыбіральню, глядзіш на поле, лес і здаецца, што гэта сон...»
У групе «Анархічны Чорны Крыж» Беларусі кажуць што да гэтай даты былі падрыхтаваныя некалькі перакладаў кнігі на замежныя мовы – англійскую, баснійскую, польскую і нямецкую (часткова).
- У нас шмат сяброў і хауруснікаў за мяжой. Падчас следства і суду мы некалькі разоў рабілі заклікі да акцый салідарнасці з нашымі хлопцамі. Людзі часта цікавіліся ўмовамі утрымання, у якіх знаходзяцца анархісты і іншыя зняволеныя. Ігар выдатна апісаў усё гэта ў дзённіку, таму мы і вырашылі перакласці кнігу. У першую чаргу, гэта была, канешне, англійская мова, бо яе разумее большасць. Ужо пасля ідэю падхапілі іншыя людзі з розных краін. Англійскі пераклад рабілі больш за 10 чалавек, вычытвалі таксама некалькі розных носьбітаў мовы, таму пераклад якасны. Што датычыцца баснійскай мовы, нам проста напісаў чалавек з Босніі і Герцагавіны, які валодае рускай мовай, і прапанаваў сваю дапамогу ў перакладзе на англійскую. Ужо пасля ён сам зарганізаваўся з сябрамі і пераклаў кнігу на родную мову. Перакладчыкі на нямецкую і польскую мовы карысталіся англійскім перакладам, бо не кожны з іх можа чытаць па-руску. Зазначым, усе пераклады рабіліся на цалкам добраахватнай аснове, - распавялі паплечнікі Ігара Аліневіча, якія пажадалі застацца неназванымі.
Пакуль пераклады даступныя толькі ў электронным варыянце на сайце АЧК-Беларусь. Аднак перакладчыкі паабяцалі паспрыяць выданню друкаваных версій перакладаў у сваіх краінах. Таксама у планах анархістаў выдаць аўдыёкнігу «Еду ў Магадан». Дарэчы, расійскія анархісты таксама праявілі салідарнасць з Ігарам Аліневічам і да сённяшняй даты выпусцілі дадатковы наклад кнігі палітвязня.
Нагадаем, Ігар Аліневіч быў асуджаны на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачанні ў хуліганстве і псаванні маёмасці. Палітвязень адбывае пакаранне ў калоніі №10 у Наваполацку.