viasna on patreon

Віцэ-сьпікер Сойма Літвы падпісаў паштоўку Алесю Бяляцкаму

2013 2013-11-28T17:00:55+0300 2013-11-28T17:00:55+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/aushtravichus_i_gerasimava.jpg
Пятрас Аўштравічус і Ганна Герасімава, дырэктар Беларускага Дому правоў чалавека ў Вільні

Пятрас Аўштравічус і Ганна Герасімава, дырэктар Беларускага Дому правоў чалавека ў Вільні

Карэспандэнт Свабоды на праспэкце Гедыміна ў Вільні пагутарыў зь віцэ-сьпікерам Сойму Літвы Пятрасам Аўштравічусам падчас таго, як той падпісваў паштоўкі беларускім палітвязьням каля стэнду беларускіх праваабаронцаў.


Карэспандэнт: «Скажыце, каму Вы падпісалі паштоўку?»

Аўштравічус: «Я падпісаў паштоўку для Алеся Бяляцкага. Я гэта зрабіў таму, што нейкім чынам адчуваю долю сваёй віны за тое, што ў Вільні інфармацыя пра яго была перададзеная органам Беларусі, якія выкарысталі яе як палітычны аргумэнт супраць Алеся. Натуральна, што мы адчуваем долю адказнасьці за гэта.

Я ведаю, як яму нялёгка. Месяц таму я слухаў выступ яго жонкі, якая, дарэчы, зрабіла на мяне вялікае ўражаньне, тым больш, што я разумею, як складана родным і блізкім гэтага чалавека. Я спадзяюся, што ён адчувае гэтую падтрымку, якая ідзе ад сэрца, і яму трохі ад гэтага лягчэй. Хаця разумею, што ў адзіноце ў турме вельмі цяжка: калі пачынаецца раніца і заканчваецца вечар у адной і той жа камэры, у якой ён сядзіць, па сутнасьці, не за справу.

Гэта палітычная акцыя. Я думаю, што гэта адзінае, што можа зрабіць Лукашэнка, — пасадзіць людзей. Але ён ня зможа трымаць у турме цэлы народ. Прыйдзе час, калі Лукашэнкі ня будзе. Але чакаць гэтага дня мы ня можам. Таму такія мерапрыемствы, як тое, на якім мы прысутнічаем цяпер, рыхтуюць нас да гэтага праз сустрэчы, размовы паміж прадстаўнікамі арганізацыяў, дыскусіі. Грамадзтва трэба рыхтаваць з сярэдзіны. Таму што прыйсьці да пераменаў, ня будучы падрыхтаваным, — значыць зрабіць новыя памылкі. Мы таксама зрабілі некаторыя памылкі на сваім шляху. Але Беларусь будзе мець шмат партнэраў, якія дапамогуць ёй у той час, але ўсё ж кіраўніцтва павінна быць мясцовым. Гэта значыць, што павінны быць палітыкі, у іх мусіць быць бачаньне, а таксама ўяўленьне пра тое, што актуальна для нацыі. Будучы дэмакратычны прэзыдэнт Беларусі цяпер яшчэ малады чалавек».

Карэспандэнт: «Гэты кірмаш ідэяў і праектаў зь Беларусі, які адбываецца на галоўнай вуліцы Вільні, сьведчыць пра тое, што Літва падтрымлівае дэмакратычныя арганізацыі Беларусі. Ці надалей Літва будзе падтрымліваць беларускі трэці сэктар і апазыцыйных палітыкаў?»

Аўштравічус: «Мы ня маем ні гістарычнага, ні палітычнага права адысьці ад гэтай падтрымкі. Я ня бачу ніякіх палітычных пэрспэктываў ні для адной палітычнай сілы ў Літве, якая адмовіць у падтрымцы дэмакратычнай Беларусі. Яна проста будзе зьнішчаная. У нас поўны кансэнсус па гэтым пытаньні. Але мы ведаем і тое, што да дэмакратыі ў Беларусі трэба рыхтавацца. І гэта не адбудзецца за адну ноч. У 2014 годзе Лукашэнка не правядзе ніякіх рэформаў. Яго можа паламаць эканоміка, але ён будзе адыгрывацца на людзях. І ён будзе трымаць пад ключом народ столькі, колькі ён зможа.

Праспэкт Гедыміна — гэта таксама і праспэкт беларусаў. Таму адчувайце сябе тут, як дома. Тым больш, што ў будучыні мы непазьбежна будзем разам у адной супольнасьці, і я ўпэўнены, што гэта будзе эўрапейская супольнасьць. Мы рыхтуемся да гэтых пераменаў. Я думаю, што мы, літоўцы, зможам дапамагчы беларусам падчас пераходнага часу. Але пачатак гэтых пераўтварэньняў павінен быць пакладзены ў Беларусі. Таму што самыя эфэктыўныя перамены — тыя, якія ідуць з сэрца краіны.

Я думаю, што мы яшчэ ня раз будзем сустракацца ў Вільні на розных форумах, якіх адбываецца шмат, і якія, дарэчы, карысныя. Таму што падчас кожнага зь іх мы робім шлях наперад. І, дарэчы, мы глядзім зь вялікай надзеяй на аб’яднаную апазыцыю Беларусі. Краіне патрэбныя эфэктыўныя лідэры, якія маюць магчымасьць гаварыць ад імя ўсяго грамадзтва. Шматпартыйнасьць грамадзтва — гэта добра. Але здольнасьць палітыкаў дамаўляцца і абіраць лідэраў сярод сябе — гэта тая неабходнасьць, якую трэба разьвіваць».

Карэспандэнт: «Сёньня ў Парлямэнце Літвы зьбіраюцца міжнародныя камітэты розных парлямэнтаў і беларуская апазыцыя. Якая яе роля на гэтых сустрэчах?»

Аўштравічус: «Прадстаўнікі беларускай апазыцыі ўжо задавалі пытаньні і выказвалі свае меркаваньні. І гэтыя меркаваньні чуюць прадстаўнікі эўрапейскіх камітэтаў. Гэта дыялёг. І там няма вышэйшай часткі грамадзтва і ніжэйшай. Там усе роўныя.

Абмен ідэямі, поглядамі — вельмі пазытыўная рэч. Асабліва з улікам таго, што інфармацыя зь Беларусі на Захад трапляе цяжка. Візавы рэжым — адна зь перашкодаў, якая спрыяе гэтаму. Нам трэба адмаўляцца ад гэтага. Гэта будзе выйгрыш для народу, а не для кіраўніцтва краіны. Візавы рэжым — гэта ўчорашні дзень. Дыскусіі, якія праходзяць ва ўсіх краінах Эўропы, пра будучыню Беларусі, патрэбныя ў першую чаргу Эўропе, а толькі пасьля — Беларусі».

Карэспандэнт: «Сёньня павінен прыехаць міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей. Калі будзе магчымасьць зь ім пагаварыць, што б Вы хацелі яму сказаць?»

Аўштравічус: «Я думаю, што спадар Макей ня прыйдзе ў Парлямэнт Літвы, таму што там ён пачуе вельмі шмат крытычных заўвагаў. Хаця мы б ня сталі яго адразу палохаць, спачатку дазволілі б выказаць сваё меркаваньне і толькі пасьля гэтага сталі б крытыкаваць. Я б запытаў спадара Макея, ці прадстаўляе ён народ і ці мае ён мандат народнай улады».

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства