У Магілёве супрацоўнікі КДБ зноў спрабуюць вербаваць студэнтаў
Гэтым разам вырашылі націснуць на студэнта чацьвертага курса Беларуска-Расейскага ўнівэрсытэту Станіслава Есіпоўскага. Вярбоўка адбывалася прама ў ВНУ. Тыдзень таму намесьнік дэкана аўтамэханічнага факультэту Віталь Арцёмчык запрасіў студэнта пасьля заняткаў да сябе ў кабінэт. Хлопца там сустрэлі двое незнаёмых мужчынаў, якія прапанавалі супрацу з КДБ.
Гэта ўжо ня першая спроба ціску на Есіпоўскага з боку спэцслужбаў. Два гады таму ён трапляў у поле зроку КДБ, як актывіст руху супраціву "ЗУБР". Таму цяпер хлопцу прапанавалі зьбіраць інфармацыю менавіта на свайго былога каардынатара Яўгена Суворава, які, дарэчы, два тыдні таму стаў намесьнікам старшыні мясцовай суполкі маладзёвага крыла Партыі БНФ.
Хлопец адмовіўся супрацоўнічаць і паведаміў пра ўсё Сувораву. А пра спробу вярбоўкі распавёў і ўсім сваім сябрам. Але ў мінулую пятніцу да Есіпоўскага зноў заявіліся тыя ж людзі. Нягледзячы на тое, што юнак распавёў пра сваё самавыкрыцьцё, супрацоўнікі КДБ назвалі Станіслава "разумным хлопцам" ды прапанавалі супрацоўнічаць надалей. Маўляў, цяпер да Есіпоўскага ня будзе падазрэньняў, таму можна сьмялей зьбіраць інфармацыю. Больш за тое, супрацоўнікі спэцслужбаў паабяцалі, што днямі дадуць нумары тэлефонаў маладзёвых актывістаў, да якіх яны хочуць накіраваць студэнта, як "свайго чалавека".
У выніку Станіслаў Есіпоўскі мусіў зьвярнуцца па дапамогу да праваабаронцаў. Выглядае, КДБ наўрад ці пакіне яго ў спакоі па ўласным жаданьні. Наступную сустрэчу камітэтчыкі прызначылі на бліжэйшую пятніцу, паведамляе Радыё Рацыя.