Слуцкая актывістка будзе прасіць, каб яе пасадзілі
Супраць Зінаіды Цімошак, арганізатаркі прагляду фільма пра Слуцкі збройны чын, складзены адміністрацыйны пратакол за арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства. Актывістка кажа, што будзе прасіць, каб суд даў ёй арышт замест штрафу. А сама зьбіраецца падаваць у суд на дзеяньні міліцыянтаў.
«Гэта быў проста напад на мірных людзей і аблава»,— кажа Цімошак.
Каля дзясятка людзей пераважна сталага веку прыйшлі ў мінулую пятніцу ў Дом культуры вёскі Казловічы, каб паглядзець фільм «40 дзён сялянскай рэспублікі». Гэты фільм ужо быў прадэманстраваны на дзяржаўным тэлеканале «АНТ». Аднак прагляд быў перарваны міліцыянтамі. Цяпер Цімошак чакае суд.
«Пратакол склаў прадстаўнік аддзела аховы правапарадку Слуцкага РАУС Шклярэўскі Дзьмітры Міхайлавіч,— распавядае Цімошак. — Ён мяне яшчэ абвінавачваў, што я занесла яго на сайт posobniki.com. А я ўпершыню ад яго пачула, што такі сайт ёсьць».
«Мне пагражае штраф ад 20 да 40 базавых велічынь ці адміністрацыйны арышт,— кажа Зінаіда Цімошак.— Але ў мяне няма грошай, каб штраф плаціць. Буду прасіць, каб мяне пасадзілі».
Цімошак — яшчэ адна ахвяра наступстваў міліцэйскай апэрацыі ў Доме культуры вёскі Казловічы. Дырэктар установы Аляксандр Туміловіч напісаў заяву пра звальненьне, ня вытрымаўшы ціску мясцовых ідэолягаў. Прапрацаваўшы на ніве слуцкай культуры пяць гадоў, пабыўшы рэжысэрам народнага тэатра імя Галубка, ён зьбіраецца далей працаваць таксоўшчыкам.