viasna on patreon

Грамадзкае аб’яднаньне БНФ “Адраджэньне” выказала недавер рэспубліканскай навукова-мэтадычнай радзе ў пытаньнях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Беларусі

2007 2007-05-02T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сойм Партыі БНФ выказаў недавер рэспубліканскай навукова-мэтадычнай радзе ў пытаньнях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Беларусі, якая 19 красавіка ўхваліла прапанову рэканструкцыі будынкаў былога кляштару бэрнардынаў у Менску — помніку архітэктуры 17 ст. З гэтай нагоды 1 траўня Сойм БНФ выступіў з адпаведнай Заявай:

“19 красавіка 2007 г. рэспубліканская навукова-мэтадычная рада ў пытаньнях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Беларусі ўхваліла прапанову рэканструкцыі будынкаў былога кляштару бэрнардынаў у Менску. Згодна праекту будынак былога кляштару плянуецца прыстасаваць пад гатэльны комплекс. Паводле спэцыялістаў прадпрыемства « Менскпраектрэстаўрацыя», падземную прастору плянуецца выкарыстаць для разьмяшчэньня паркоўкі, спартова-аздараўленчага й бізнэс-цэнтраў. Паводле старшыні Менскага гарвыканкаму Міхаіла Паўлава, на месцы кляштару зьявіцца 5-зоркавы гатэль, які ўзроўнем сэрвісу мае пераўзысьці усё дагэтуль збудаванае ў Беларусі.

Кляштар бэрнардынаў – унікальны помнік архітэктуры XVII стагодзьдзя, вельмі істотны й неад’емны складнік гістарычнага цэнтру Менска. Праект "рэканструкцыі" скіраваны на поўнае зьнішчэньне яго аўтэнтычнасьці. Яго вонкавая й нутраная перабудова, стварэньне падземнай прасторы дзеля паркінгу ставяць у небясьпеку існаваньне помніку ў цэлым, яго характэрных гістарычных асаблівасьцяў у прыватнасьці, разбураюць унікальны культурны пласт, далей нішчаць ансамбаль гістарычнага цэнтру сталіцы.

У будынку кляштару мяркуецца разьмясьціць казіно, басэйн, боўлінг, рэстаран. Разьмяшчэньне забаўляльных аб’ектаў у хрысьціянскай сьвятыні ганебнае для беларусаў як эўрапейскай нацыі з шматвяковымі хрысьціянскімі традыцыямі.

З гэтай нагоды Грамадзкае аб’яднаньне БНФ “Адраджэньне”:

• выказвае недавер рэспубліканскай навукова-мэтадычнай радзе ў пытаньнях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Беларусі;

• патрабуе адмяніць рашэньне Менскага гарвыканкаму № 1012 ад 25 траўня 2006 г. пра функцыянальнае прызначэньне кварталу гістарычнай забудовы; якое парушае закон “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны”;

• арганізуе круглы стол з удзелам усіх арганізацыяў, ініцыятываў і грамадзянаў, якія бароняць будынак кляштару ад фактычнага разбурэньня й зьнявагі, з мэтай выпрацаваць супольны плян дзеяньняў, у тым ліку акцыяў пратэсту;

• патрабуе публічных слуханьняў пра лёс кляштару бэрнардынаў з удзелам прадстаўнікоў гарадзкой адміністрацыі, “Менскпраекту”, “Менскпраектрэстаўрацыі”, парафіі Сьв. Язэпа, Таварыства аховы помнікаў, Беларускага аддзяленьня ЮНЭСКО, грамадзкіх і рэлігійных дзеячоў, архітэктараў, спэцыялістаў горадабудаўніцтва, незалежных экспэртаў;

• патрабуе вяртаньня будынку каталіцкаму касьцёлу ды ініцыюе распрацоўку праекту закону аб рэстытуцыі маёмасьці, якая належала рэлігійным грамадам”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства