viasna on patreon

Магілёўскі абласны суд цалкам на баку выканаўчай улады

2013 2013-11-25T16:12:09+0300 2013-11-25T16:12:09+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/magil-abl-sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Магілёўскі абласны суд.

Магілёўскі абласны суд.

Сёння, 25 лістапада, Магілёўскі абласны суд разгледзеў дзьве скаргі, пададзеныя праваабаронцамі Барысам Бухелем і Аляксеем Колчыным.

У першым выпадку суд пад старшынствам суддзі Святланы Стальмаховай спыніў справу з нагоды скаргі магілёўскіх праваабаронцаў на рашэнне Магілёўскага гарвыканкама з нагоды вызначэння адзінага месца ў горадзе для правядзення масавых мерапрыемстваў, арганізатарамі якіх выступаюць палітычныя партыі, грамадскія арганізацыі, прафсаюзныя арганізацыі і грамадзяне.

У другім выпадку на падставе рашэння, якое было прынята ў першым судовым працэсе, Магілёўскі абласны суд у гэтым жа складзе адмовіў у задавольненні скаргі і пакінуў у сіле рашэнне суда Ленінскага раёна Магілёва з нагоды забароны пікета магілёўскімі ўладамі з мэтай патрабавання вызваліць праваабаронцу Алеся Бяляцкага і іншых палітвязняў.

Нагадаем, што пікет мусіў адбыцца 4 жніўня, калі спаўнялася роўна два гады з моманту зняволення Алеся Бяляцкага. Таксама на той момант 5 з 12 палітвязняў знаходзілася ў турмах Магілёўскай вобласці.

Праваабаронца Барыс Бухель кажа, што два суды, якія адбыліся цягам дня, узаемазвязаныя адзін з адным:

“Рашэнне першага суда па скарзе на рашэнне гарвыканкама аб месцах рэзервацыі для дэмакратычнай апазіцыі цалкам нечаканае. Суддзя прызнала, што разгляд судамі агульнай юрысдыкцыі скаргаў на рашэнні мясцовай улады непадведамственны судам агульнай юрысдыкцыі, а толькі падсудна Канстытуцыйнаму суду. Гэта “ноў-хаў” Магілёўскага абласнога суда. Само рашэнне супярэчыць ч.6 срт.59 Закона “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”. Там сказана, што рашэнні Саветаў распарадчых і выканаўчых органаў, якія абмяжоўваюць альбо парушаюць правы, свабоды і інтарэсы грамадзян, могуць быць абскарджаны праз суд у адпаведнасці з грамадзянскім працэсуальным Кодэксам альбо гаспадарчым працэсуальным заканадаўствам”, - гаворыць Барыс Бухель.

 “Відавочна, што рашэнне гарвыканкама, які вызначыў ў 360-тысячным горадзе адно месца для масавых мерапрыемстваў, абмяжоўвае правы і свабоды грамадзян на правядзенне масавых мерапрыемстваў, таму гэта справа падсудна Магілёўскаму абласному суду. Акрамя таго вызначэнне абласнога суда азначае, што Магілёўскі абласны суд пазбавіў права абскарджваць у судовым парадку любыя рашэнні мясцовых органаў улады. У Канстытуцыйны суд грамадзянін не мае права звярнуцца самастойна, а звычайны суд адмаўляе разглядаць падобныя скаргі”, - кажа Барыс Бухель.

Адносна другога судовага працэсу праваабаронца адзначыў:

“Другі суд быў цалкам прадвызначаны, бо не былі адменены рашэнні гарвыканкама аб адзіным месцы для правядзення масавага мерапрыемствах у Магілёве. Будзем абскарджваць гэтыя судовыя пастановы ў вышэйстаячых інстанцыях. На парушэнне права на свабоду мірных сходаў і распаўсюд інфармацыі суд традыцыйна заплюшчыў вочы”, - кажа БарысБухель.

Нагадаем, што ў Магілёве адзіным месцам для правядзення масавых мерапрыемстваў застаецца пляцоўка каля стадыёна “Хімік”, які знаходзіцца на ўскрайку горада па адрасу вуліца Чалюскінцаў, 64 В.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства