viasna on patreon

Парыж, Парыж..., але я вяртаюся дахаты

2013 2013-11-25T16:05:41+0300 2013-11-25T16:05:41+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki_sud3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Працяг лістоў зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, напісаных ім у бабруйскай калоніі. З блогу на “Беларуском партизане”. Першыя лісты-успаміны з гэтай серыі былі напісаныя ў верасні 2012 года, апошнія – у чэрвені 2013:

2 сьнежня 2012 г., Бабруйск

У канцы чэрвеня 2011 года было запланавана чарговае паседжаньне Міжнароднага праўленьня FIDH у Парыжы. Зазвычай праўленьне зьбіраецца тройчы на год. На гэтыя сустрэчы прыязджалі віцэ-прэзідэнты, сакратары федэрацыі з усіх краёў сьвету. На іх абмяркоўваліся бягучыя тактычныя пытаньні дзейнасьці федэрацыі, датычныя гарачых кропак у сьвеце, дзе нашыя калегі адчайна, часта з рызыкай для жыцьця, абаранялі правы мірнага насельніцтва. Таксама слухаліся і абмяркоўваліся рэгіянальныя агляды па сітуацыі з правамі чалавека — у Лацінскай Амерыцы, Афрыцы, Усходняй Еўропе. Разважалі мы і над стратэгічнымі накірункамі дзейнасьці Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека, у якую ўваходзяць амаль 200 праваабарончых арганізацыяў з усяго сьвету. І дзеля таго, каб нашая дзейнасьць была выніковай і эфектыўнай, мы распрацоўвалі далёкасягальную праграму: “FIDH праз 10 гадоў”. Ініцыятарам і маторам гэтай працы была прэзідэнт федэрацыі, туніская праваабаронца Суэр Белхасэн.

Гэтым разам асноўны акцэнт сустрэчы быў зьвязаны з падзеямі ў арабскіх краінах паўночнай Афрыкі, і найперш у Тунісе. Язьмінавая рэвалюцыя ў Тунісе была сусьветнай падзеяй гэтага года. Федэрацыю ў нашых асобах прымала мэрыя Парыжа. У фокусе нашага абмеркаваньня быў увесь рэгіён: Туніс, Егіпет, Лівія, Марока.

Паседжаньне міжнароднага бюро праходзіла проста ў будынку мэрыі, у адной зб яе гістарычных залаў. Вялізная зала, падзеленая аб’ёмнымі калонамі, была распісаная каляровымі фрэскамі і абвешаная вялікімі цёмнымі карцінамі з гістарычнымі сюжэтамі. Аркавыя вокны, пераплеценыя старымі ўзорыстымі пераплётамі, пачыналіся ад падлогі і цягнуліся ўгару аж да столі. У адным з вокнаў пераліваўся цёмным шклом каляровы вітраж. Ляпніна на столі і росьпіс столевых плафонаў нагадвалі сьвяточны торт, які вісеў у нас над галавой.

Сярод гэтай барокавай прыгажосьці былі пастаўленыя авалам сталы, кабінкі для перакладчыкаў, на дапаможным століку афіцыянты паставілі тэрмасы з каваю і гарбатаю, пірожныя, сокі і мінеральную ваду. Нашая шматнацыянальная, разнамоўная кампанія ўселася за стол, і пачалася праца. Абліччы старажытных парыжскіх палітыкаў са зьдзіўленьнем паглядалі на нас з партрэтаў. Хіба ж яны думалі, калі прымалі дэкларацыю аб правах чалавека для французскіх грамадзянаў, толькі пару гадоў як адмяніўшы прыгон, а затым абвясьціўшы ўсіх роўнымі, вольнымі і адказнымі, што гэтая “зараза” вальнадумства распаўсюдзіцца па ўсім сьвеце? І што змаганьне за свабоду, за свае правы стане ці не галоўнай сацыяльнай і грамадскай мэтаю ў сьвеце на наступныя 200 гадоў? І што гэтай свабоды, якую немагчыма памацаць рукамі, але якая разьлітая ў паветры, п’яніць галовы, будуць жадаць усе — і в’етнамец, і егіпцянін, і калумбіец.

Беларусы, якія ішлі ў тую асьветніцкую эпоху сьлед у сьлед за французскімі мысьлярамі, за грамадскімі і палітычнымі пераўтварэньнямі, у выніку катастрофы — падзелу і акупацыі дзяржавы — апынуліся ў Расійскай імперыі. Мы былі адкінутыя і замарожаныя ў сваім разьвіцьці ў чымсьці на стагодзьдзе, а ў чымсьці і на два, панесьлі аграмадныя ахвяры і ўрэшце так і не дасягнулі яшчэ прымальных умоваў жыцьця. Чаму так сталася? На гэтае пытаньне, я мяркую, мы павінны пастаянна шукаць адказ. Можа быць, ацэньваючы старонкі мінулага жыцьця, мы змаглі б больш адказна ставіцца да жыцьця сучаснага і будучага.

Выступы туніскіх праваабаронцаў, адмыслова запрошаных на нашую сустрэчу, былі поўныя гонару за свой народ. Усе яны як адзін казалі, што не чакалі такога імклівага разьвіцьця падзеяў. Аўтарытарная ўлада, якая адбудоўвалася дзесяцігодзьдзямі, мела магутны рэпрэсіўны апарат, кантралявала сродкі масавай інфармацыі і, здавалася б, моцна трымала людзей у страху і падпарадкаваньні, вокамгненна ўпала, не вытрымала некалькіх хваляў народнага націску.

Разам з гонарам нашыя туніскія калегі выказвалі і насьцярогу. Яны былі ўстрывожаныя ростам ісламскага ўплыву, а разам зь ім і ўзрастаньнем нецярпімасьці ў грамадстве. Было багата і іншых праблемаў. Туніскае грамадства структурна перабудоўвалася, павылазілі балячкі, якія ранейшыя ўлады пры дапамозе гвалту і прымусу заганялі ўсярэдзіну. Але, гледзячы на іхнія адухоўленыя, поўныя энергіі абліччы, я па-добраму зайздросьціў ім.

Цікавым быў выступ лівійскага праваабаронцы. У гэты час у Лівіі ўжо ва ўсю ішла грамадзянская вайна. Ён выступаў яшчэ больш эмацыйна за тунісцаў. Распавядаў пра жахлівы тэрор лідара Джамахерыі, які катаваньнямі і забойствамі пераўтварыў людзей у маўклівы, запалоханы натоўп. І вось нянавісьць, якая капілася дзясяткі гадоў, вырвалася на волю. І зараз ідзе жорсткая, крывавая барацьба за дэмакратыю і правы чалавека са зброяй у руках. У гэтай сітуацыі лівійская апазіцыя моцна разьлічвае на міжнародную дапамогу.

Ягоны выступ выклікаў неадназначную рэакцыю. Праваабаронцы з арабскіх краінаў падтрымлівалі свайго калегу. Еўрапейцы тактычна маўчалі ці казалі пра неабходнасьць вялікай асьцярогі ва ўжываньні зброі з боку еўрапейскіх саюзьнікаў лівійскай апазіцыі. Ужо было вядома пра ахвяры сярод мірнага насельніцтва пасьля бамбардзіровак зь еўрапейскіх самалётаў. Кідалі бомбы па лівійскім войску, а траплялі ў жанчынаў і дзяцей. Лацінаамерыканцы ж у адзін голас асуджалі вайсковую дапамогу і лічылі яе ўмяшальніцтвам ва ўнутраныя справы суверэннай краіны. Так, выступіў Луіс (Генеральны сакратар FIDH Луіс-Гільерма Пэрэс. — Рэд.) і сказаў, што калі б Калумбія знаходзілася ў падобнай сітуацыі, то лепей бы няхай яго забілі, але каб акупанты не бамбілі ягоны народ. Гаварыў ён не менш пафасна за лівійца.

Не, падумаў я, гэта не наш шлях. Не дарэмна 200 гадоў таму ў Менску сустракалі Напалеона хлебам-сольлю. Бо адступала, і, здавалася, назаўсёды, расійская тыранія, а разам з Напалеонам прыходзілі свабода, роўнасьць і братэрства. Амаль уся Лацінская Амерыка ў той час, дарэчы, усе калоніі Іспаніі здолелі тады адбіцца ад метраполіі і стаць незалежнымі. Яны выкарысталі перамогу Напалеона над Іспаніяй і замену ў зьвязку з гэтым каралеўскай дынастыі. Неўзабаве незалежнасьць атрымала і партугальская калонія ў Лацінскай Амерыцы, Бразілія, і выбрала свайго караля.

Але хіба ж маглі мы падтрымаць бамбардзіроўкі Лівіі, да чаго нас заклікаў лівійскі калега? Гэта была праблема, якая не мела яснага рашэньня і адказу. Ці каштавала свабода шасьцімільённага народа некалькіх дзясяткаў, ці сотняў, ці тысячаў выпадковых ахвяраў? І ці павінныя мы рабіць такі выбар? Мы, праваабаронцы, якія лічым каштоўнасьць чалавечага жыцьця асновай асноваў усёй сваёй дзейнасьці і ідэалогіі? Любы з нас асабіста гатовы ахвяраваць і ахвяруе багата чым: дабрабытам, уладкаванасьцю, здароўем, свабодай, а некаторыя нават сваім жыцьцём. Але вось пастаў нас у сітуацыю, калі дзеля выратаваньня большай колькасьці людзей трэба ахвяраваць меншай ці нават адным жыцьцём, і я думаю, што выбар не будзе зроблены, а калі будзе, то гэта ўжо за межамі праваабароны.

Я чамусьці згадаў, як мая маці распавядала, што падчас вайны, калі яе цётка, а мая стрыечная бабуля, тады маладая яшчэ 25-гадовая жанчына, разам з жанкамі і дзецьмі хавалася ў жыце, куды яны ледзь пасьпелі выскачыць зь невялікай вёсачкі, якую прыйшлі паліць мадзяры, а знаёмы паліцыянт прыбег і папярэдзіў іх, дык яе гадавалы сын разравеўся ад ляку. “Задушы, бо ўсе загінем!” — загадалі суседкі. Яна не насьмелілася, не змагла, не ўзяла грэх на душу. І абышлося. Мадзяры не пачулі плачу дзіцёнка. А калі б пачулі?

Закранутая гэтая праблема і ў Бібліі. У дні, калі пішу гэты ліст, на швейцы, перад сканчэньнем працы, пакрыху перачытваючы Евангельле ад Яна (хтосьці прынёс і пакінуў у цэху Новы Запавет), я згадаў гэты прызабыты мной эпізод перасьледаваньня Хрыста. Галоўнай прычынаю, чаму першасьвятары і фарысеі хацелі забіць Хрыста, паводле Яна, была наступная: “Гэты чалавек багата цудаў робіць. Калі пакінем Яго так, дык усе павераць у Яго — і прыйдуць рымляне, і завалодаюць і месцам нашым, і народам. Адзін жа ў іх, хтосьці Канафа, будучы на той год першасьвятаром, сказаў ім: вы нічога не ведаеце, і не падумайце, што лепей нам, каб адзін чалавек памёр за людзей, чым каб увесь народ загінуў” (Ян 11.47-50). Але першасьвятары і фарысеі ўсё ж “вырашылі забіць Яго” (Ян 11.53). Дык ці мелі яны рацыю, прыняўшы гэтае прадбачлівае палітычнае рашэньне для габрэйскага народа, для ўсяго сьвету?

Вось так, дзьве тысячы гадоў таму гэты Канафа, лічачы Хрыста за чалавека, паставіў пытаньне, на якое сьвет мучаецца і не можа адказаць дагэтуль. Урэшце, хтосьці мучаецца, а хто і не.

Дык вось, вяртаючыся ў парыжскую мэрыю. Дваццаць гадоў таму я, мабыць, зрабіў бы такі выбар. А зараз вось — не.

Наш лівійскі калега застаўся незадаволены вынікам абмеркаваньня і тэкстам рэзалюцыі, датычнай сітуацыі ў Лівіі, якую прыняло міжнароднае бюро.

Падчас перапынку я падышоў да Суэр, якая, як туніска, лепей арыентавалася ў тамтэйшай сітуацыі. “Суэр, — запытаўся я, — а ці былі праваабаронцы ў Лівіі да вайны?” Яна ўзьняла пальцы на адной руцэ, гэтым паказала — мала, вельмі мала. “Мы ведаем 2–3 прозьвішчы, — адказала яна, — і крыху болей у эміграцыі”. Гэта значна горш, чым у нас, падумаў я.

Пасьля афіцыйнага паседжаньня я паведаміў кіраўніцтву федэрацыі пра сваю праблему з падаткавай інсьпекцыяй і з тым, чым гэта можа для мяне скончыцца. Увечары ў мэрыі быў дадзены прыём у гонар туніскіх праваабаронцаў. Жанчыны апранулі прыгожыя ўборы, выступаў мэр, мы пілі французскае шампанскае.

Нашае бюро скончыла засядаць назаўтра ў абед. Саша (супрацоўніца парыжскага бюро FIDH Аляксандра Кулаева. — Рэд.) вырашыла крыху павадзіць нас з нашым сябрам, праваабаронцам з Арменіі, сакратаром FIDH, Артакам, прагуляцца.

На гэтым пакуль закончу, а ў наступным лісьце працягну.

04 сьнежня 2012 г., Бабруйск

Працягваю свой расповед пра паездку ў Парыж.

Гарадская мэрыя знаходзіцца ў цэнтры Парыжа. Хаця панятак “цэнтр” у 15-мільённым горадзе — гэта зусім не тое, што цэнтр, напрыклад, у Менску ці Бабруйску. І вось мы выйшлі з мэрыі і пайшлі ў бок сабора Парыжскай Божай Маці. Таго самага, які стаў цэнтрам падзеяў у рамане Віктора Гюго. Я як убачыў сабор першы раз, гадоў пяць таму, шчыра кажучы, быў крыху расчараваны. Пляцоўку вакол сабора засыпалі сьветлым жвірам, сам сабор адмылі ад куродыму стагодзьдзяў, і ён стаў турыстычным аб’ектам. Вось штосьці падобнае адбываецца і пры рэстаўрацыі ў Беларусі, калі ў казармах Брэсцкай крэпасьці ставяць шклопакеты, а каля Мірскага замка кладуць сучасную тратуарную плітку. Імкненьне мадэрнізаваць мінуўшчыну ўніверсальнае. А разам з рамонтам і паднаўленьнем зьнікае дух стагодзьдзяў.

Мы падыходзілі да сабора з тыльных завулкаў. Тут звычайна спыняліся начаваць парыжскія бамжы. І хоць выглядалі яны чысьцейшымі і апранутымі лепей за нашых і спалі звычайна ў спальніках, але ад закуткоў каля чыгуннай каванай агароджы патыхала чалавечымі экскрэментамі. Да сабора мы не дайшлі, а прыйшлі да ўваходу ў заапарк. Заапарк у Парыжы, папярэдзіла нас Саша, не такі вялікі, як у Берліне. Але нам усё роўна захацелася паглядзець на дзікіх жывёлаў. Каля касаў на ўваходзе было зусім мала людзей: мы ўтрох ды яшчэ нейкая заезджая пара турыстаў. У касе нас папярэдзілі, што праз гадзіну заапарк будзе зачыняцца і калі мы хочам зайсьці ўсярэдзіну, у нас толькі што і будзе, дык гэтая гадзіна.

Саша запытальна паглядзела на нас. Пойдзем, вырашылі мы. “Давайце я вам пакажу сям’ю арангутангаў, — прапанавала Саша, — яны тут страшэнна папулярныя”. Мы прайшлі праз вальеры нейкіх козаў, гнёзды птушак, падышлі да асобнага павільёна, зайшлі ўсярэдзіну і ўбачылі за шклом тры вялікія кублы арангутангаў, падвешаныя на канатах, як гамакі з накіданым усярэдзіну гольлем і лістотаю. Канаты, мабыць, замянялі лясныя ліяны. У кожным зь іх сядзела па арангутангу. Гэта была сям’я чалавекападобных малпаў, пузатыя і сісястыя каштанавыя сёстры і двое такіх сынкоў. Тату-арангутанга трымалі ад іх асобна. Ад аднаго, самага маленькага, памерам з чалавечага 3-гадовага дзіцёнка, ярка-рудзенькага са сьмешным кокам-пасмаю косаў на яйкападобнай галаве, маці была адмовілася. Багата парыжанаў перажывала за кінутага малога. Яго выгадавалі з пляшачкі з соскаю. Ён падрос, і ягоная цётка ўзялася яго даглядаць.

Арангутангі павольна гойдаліся ў сваіх кублах, вылазілі па адным, зьелі садавіну, па банану і пажавалі нейкай зеляніны, затым палезьлі ў дзірку, якая выходзіла ў дваровую вальеру. Выйшлі на вуліцу і мы, абышлі павільён, каб паглядзець, што яны будуць рабіць. Яны лена, з пачуцьцём годнасьці, не зьвяртаючы на нас увагі, гулялі і толькі зрэдку паглядалі на нас. Мы памахалі ім рукамі і троху нават паскакалі, як дзеці, хацелася неяк разварушыць гэтую нясьпешную сямейку. Цётка асабліва не рэагавала, а малы вырашыў троху пасвавольнічаць, палез на сетку, бліжэй да нас, пагайдаўся на руцэ, затым на назе з такімі ж пальчыкамі, як і на руках. Час ад часу ён паглядаў на нас, маўляў, бачыце, як я магу. Затым ён зачапіўся ўсімі чатырма рукамі і нагамі за сетку і прыліп сваімі тулавам да яе. Было сьмешна і цікава. Мы падбадзёрвалі яго бесклапотным сьмехам.

Мы прастаялі каля арангутангаў усю адпушчаную нам гадзіну, як у музеі з адным экспанатам. Дарэчы, год таму мы з Артакам так і зрабілі. Ізноў жа пасьля абеду ўжо, пасьля заканчэньня працы мы зь ім пасьпелі даехаць на метро да Луўра і заскочыць у апошнюю хвіліну перад закрыцьцём музея. Гэта быў бясплатны для наведваньня дзень. Уваход ва ўсе залы розных экспазіцыяў ужо быў зачынены, і мы адно пасьпелі праслізнуць у залы, дзе былі выстаўленыя мармуровыя статуі. Людзі выходзяць з велізарнага Луўра доўга, мо з хвілінаў сорак. І за гэты ж час мы пасьпелі паглядзець выдатныя рэльефы і статуі старажытных егіпцянаў, грэкаў, рымлянаў, французаў. І спыніліся мы тады каля Венеры Мілоскай і доўга стаялі каля яе ў натоўпе дробных японцаў.

Вось так і запомніўся тады паход у Луўр як паход да Венеры. І ў заапарк зараз мы прыйшлі, атрымалася, да арангутангаў. І ні кроплі не пашкадавалі пра гэта.

Урэшце нам прапанавалі выйсьці, і мы пайшлі некуды, забіраючы ўправа, па невядомых мне вулках Парыжа.

Я бываў у Парыжы неаднойчы, па справах FIDH, як віцэ-прэзідэнт. Па маіх назіраньнях, ды і не толькі маіх, большасьць старога горада забудаваная гмахамі XIX — пачатку XX стагодзьдзя. Бясконцы ланцуг кварталаў, накінуты на зялёныя бульвары. І перарэзаны плошчамі і скверамі. Як патлумачыла Саша, адзін з імператараў ужо ў XIX стагодзьдзі, баючыся паўстаньняў і паўстанцаў, разбурыў цесныя і крывыя вулкі Парыжа і па-новаму спланаваў горад з шырокімі і роўнымі вуліцамі і бульварамі. Дзеля таго, каб па вуліцах можна было страляць па паўстанцах з артылерыі. Таму ўласна сярэдневяковага Парыжа засталося не так і багата. І трэба ведаць, дзе яго шукаць.

Гэтым разам Саша сказала, што яна вырашыла, калі мы не супраць, паказаць нам Парыж рымскай эпохі. Мы, вядома, пагадзіліся. Прайшлі некалькі кварталаў — і вось, паказала Саша, уздоўж вуліцы віднеліся таўшчэзныя цёмныя цагляныя муры нейкай руіны. Гэта былі рэшткі рымскіх тэрмаў, лазьняў. Мы глядзелі на гэты велічны будынак, на тое, што ад яго засталося, ва ўсе вочы. Відаць было, што спаруда была вялікаю. І гэта зразумела, бо лазьні ў рымлянаў выконвалі да ўсяго ролю гарадскога клуба. Сюды прыходзілі не толькі памыцца, але і павырашаць жыцьцёвыя праблемы. “Вось тут, у першай палове, — паказала Саша, была халодная і летняя вада, а вось тут, — яна паказала на парэшткі нейкіх купеляў, — былі гарачыя ванны”.

Дзіўна было глядзець на гэтыя вялізныя, як на мой погляд, тэрмы, астаткі побыту і культуры магутнай рымскай цывілізацыі, якая існавала ў тыя часы, калі нашыя продкі, славяне-протабеларусы, яшчэ не прыйшлі ў Беларусь, а жылі ніжэй, паўднёвей Прыпяці. А амаль па ўсёй Беларусі жылі балты-протабеларусы. І нашыя продкі славяне жылі тады ў невялічкіх хатках-куранях, на метр закапаных-углыбленых у зямлю. Ад гэтых паўзямлянак да нашага часу дайшла завядзёнка засыпаць першыя вянцы ў хатах звонку пяском, рабіць падпёртыя дошкамі заваліны-прызбы. І яшчэ наперадзе быў час зьмяшаньня славянскай і блізкай па роднасьці да славянаў балцкай крыві, у выніку чаго і атрымаўся такі адметны нацыянальны сплаў, як беларусы.

А гэтыя тэрмы перажылі, перастаялі нараджэньне нашага ды і багата якіх іншых народаў. Ад людзей, якія абпальвалі і ўкладалі гэтую цэглу, не засталося і праху. І Беларусь нарадзілася, перажыла залаты век і, магчыма, зьнікне, а тэрмы будуць стаяць і далей.

Хаця хто яго ведае, думаў я. Усё сваё жыцьцё я штосьці раблю, каб гэтага не адбылося, каб Беларусь не зьнікла. І, дзякуй Богу, я не першы і не апошні, і я — не адзін.

Затым мы пайшлі далей. Мы збочылі з вуліцы, прайшлі дварамі і выйшлі на вялікае гала. Дамы, якія стаялі з аднаго боку гэтага скверу, былі разьвернутыя да яго тыльнымі бакамі. І вось пасярэдзіне гэтага скверу, які спадаў крыху ўдол, стаяла практычна цэлая старажытнарымская арэна! Гэта была першая арэна, якую мне давялося бачыць у жыцьці. Таму не магу сказаць, якая яна — вялікая ці малая. Хутчэй за ўсё малая. Бо Парыж быў тады далёкай правінцыяй, ускраінай Рымскай імперыі, і не так багата ў ім жыло людзей. Хаця на схілах арэны, на мой погляд, магло памясьціцца дзьве-тры тысячы гледачоў. Трыбуны, загоны для жывёлаў, пакойчыкі для гладыятараў, муры круглай арэны выкладзеныя зь белых, пашарэлых крыху ад часу каменных блокаў цьвёрдага пясчаніку. Проста неверагодна, як усё гэта магло захавацца такой якасьці.

“Пасьля рымлянаў тут была вялізная парыжская сьметніца, — распавяла Саша, — і сьмецьцем парыжане ў старажытнасьці проста засыпалі арэну і ўсе збудаваньні каля яе. Побач пабудавалі дамы, і таму з тога краю арэны немагчыма правесьці раскопкі, частка комплексу яшчэ схаваная і дагэтуль. Арэну раскапалі ўсяго пяцьдзясят гадоў таму, ужо пасьля вайны. Зьбіраліся штосьці будаваць на гэтым месцы і проста наткнуліся на яе”.

Я абышоў арэну па перыметры, зазірнуў у загончыкі для жывёлаў, адкуль іх выпускалі на круглы пляц, з холадам па скуры агледзеў невялікія распранальні для гладыятараў. Адсюль яны выходзілі пад роў гледачоў, каб перамагчы ці памерці. Паглядзеў на шырокі ўезд на арэну, кудою заязджалі калясьніцы і вершнікі. Я не мог утрымацца і некалькі разоў дакрануўся да шурпатых камянёў арэны, як быццам бы спадзяваўся, што яны перададуць мне энергію тых часоў.

Зараз арэна была засыпаная сьветлым жвірам. На ёй стаяла футбольная брама і дзеці гулялі ў футбол. На каменных лаўках-прыступках сядзела рознакаляровая французская моладзь і пра штосьці весела шчабятала паміж сабой. Сонца заходзіла і лагодна грэла і сьвяціла. Я выйшаў у цэнтр арэны і ўскінуў руку са сьціснутым кулаком. Але ж не, не вярнуць ужо ніколі прамінулыя часы. "Ave, Caesar, morituri te salutant!" (“Няхай жыве Цэзар! Йдучыя на сьмерць вітаюць цябе!”). Саша сфатаграфавала мяне, беларускага ўжо дзядзьку, які зьбіраўся вяртацца да сябе на радзіму, дзе яго чакаў не перасьлед вялікага князя і не інквізіцыя, а ўсяго толькі падаткавая інсьпекцыя Першамайскага раёна. А кантора, якая стаяла за ёй, вельмі спадзявалася, што ён (я) застанецца ў Вільні, ці то ў Варшаве, ці ў Парыжы, і зьнікне з сарамліва-сьціплых акварэльных беларускіх даляглядаў.

Усе гэтыя дні перабываньня ў Парыжы я бегаў кожную раніцу. І калі ў мае ранейшыя прыезды я бегаў у бок плошчы Бастыліі, выбягаў на яе па вуліцы Сьвятога Антуана, на вялікую круглую плошчу зь велічнай калонаю-слупом і залатым Апалонам на ёй, прабягаў пад схаванымі пад асфальтам падмуркамі Бастыліі (іх зараз відаць у метро, якое ідзе пад плошчаю) і бег паўз канал, які перасякаў плошчу, то апошнім разам Саша паказала мне іншы маршрут. “Алесь, — сказала яна, — насупраць вуліцы, дзе стаіць ваш гатэль, калі прайсьці з кіламетр па перпендыкулярнай вуліцы, то можна патрапіць на былы чыгуначны віядук. Чыгункі даўно ўжо там няма, а па віядуку ідзе вельмі прывабная сьцяжына. Некалі мы з мужам і дачкою ў вазочку гулялі па ёй. Яна цягнецца доўга-доўга, і мы прайшлі кіламетраў дзесяць. Паглядзіце, пацікаўцеся, можа, яна прыдасца вам для вашых прабежак”.

І ў першую раніцу ў гэты прыезд я пабег падзівіцца на віядук. Вуліцы ў Парыжы зранку ціхія і сонныя. Зь нізкіх гідрантаў каля бардзюраў льецца, булькоча вада. Прыбіральшчыкі падключаюць да іх свае шлангі і змываюць засьмечаныя за ноч ходнікі. Усю ноч на іх кіпела жыцьцё. Малыя кавярні, мікраскапічныя бары, невялікія рэстараны — імі літаральна нашпігаваны Парыж. Ёсьць сьпецыялізаваныя — рокерскія, для геяў, для аматараў паэтычных чытаньняў, ёсьць в’етнамскія, алжырскія, італьянскія. Народ сыходзіць з вуліц толькі пад ранак.

Я бягу па вузкіх ходніках, прамінаю заспаную чарнаскурую жанчыну, якая, відаць, цягнецца на працу, дзяцей, ідучых з ранцамі ў школу, і выбягаю да віядука з чырвонай цэглы. Ён даволі масіўны, грунтоўны, вышынёю ў два-тры паверхі. У паўкруглых нішах абсталяваныя розныя крамкі і салоны — мэбля, карціны, рамкі і люстры. Я шукаю пад’ёму, бягу паўзь віядук, бачу лесьвіцу ў два пралёты, узьбягаю па ёй. Пляскатая паверхня віядука пасярэдзіне мае заасфальтаваную сьцяжыну, паабапал якой насыпаная зямля і высаджаныя разнастайныя расьліны. Позьнія рознакаляровыя цюльпаны, жоўтыя і белыя з далікатнымі алымі палоскамі нарцысы, кусты з розным адценьнем зеляніны, ад ледзь зеленаватых сьветла-бляклых лісьцікаў да бліскучага цёмна-зялёнага, аж чорнага колеру мясістых лістоў. Высаджаныя нават дрэвы, якія, мабыць, выкопваюць, калі яны вырастаюць, і замяняюць на новыя, маладзейшыя і меншыя.

Даўно няма ні калёснага мазуту, ані паравознага чаду, ані прыкалейнага сьмецьця, адно кветкі, кусты, дрэвы, птушкі, якія корпаюцца ў зарасьцях кустоў. Гэтыя “вісячыя сады” цягнуцца на ўзроўні вокнаў другога-трэцяга паверха дамоў. Але яшчэ рана, і вокны зачыненыя рабрыстымі аканіцамі.

Я бягу наперад, зрэдку сустракаючы гэткіх жа самых бегуноў. Мы ўсьміхаемся адзін аднаму, так, як пасьміхаюцца людзі, якія ведаюць штосьці такое, што ведама адно толькі ім. Ранішняе сонца з-за дахаў дамоў пускае свае лагодныя косы. Я паглядаю туды, на ўсход, дзе ляжыць лапік, бязьмежнае раздольле маёй роднай зямлі, куды наканавана мне вяртацца пасьля кожнай паездкі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства