Сябра па перапісцы спрабуе абараніць Мікалая Статкевіча ад цэнзуры
Леанід Гаравы, сябра БСДП (Грамада) і актывіст Руху “За Свабоду” з Гарадка, напісаў скаргу на дзеянні супрацоўнікаў турмы №4 г. Магілёва наконт абмежавання права палітвязня, экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча на ліставанне.
Падача скаргі была звязана з тым, што ў адказ на апошні ліст спадар Гаравы атрымаў ад Мікалая Статкевіча паведамленне, што гэты ягоны допіс не прайшоў цэнзуру. У атрыманай ад Статкевіча паштоўцы было напісана: “Атрымаў пусты канверт ад Вашага ліста з пазнакай цэнзуры. Значыць, Ваш ліст быў вельмі добры :). Дзякуй за падтрымку. Поспехаў і плёну ў Вашых справах!"
Леанід Гаравы лічыць, што гэта неабгрунтаванае абмежаванне права на ліставанне палітвязня Мікалая Статкевіча. Гарадоцкі актывіст накіраваў скаргу на неправамоцныя дзеяння службовых асоб магілёўскай турмы №4 ва ўпраўленне дэпартамента выканання пакаранняў МУС па Магілёўскай вобласці.
Аналагічныя лісты без праблем даходзяць да іншых адрасатаў у месцах пазбаўлення волі, з якімі лістуецца актывіст.
"У апошнім допісе, які не прапусціла цэнзура турмы №4, не было ні грэбавання нормамі грамадскай маралі, ні нахабства ці бессаромнасці, каб гэта магло быць падставай для таго, каб ліст не трапіў да Міколы Статкевіча. Чыста гепатэтычна магу меркаваць, што цэнзараў маглі насцярожыць наступныя радкі: " Без пераводу стрэлак ўжо і раніцай, і вечарам цёмна. Цёмна і ў беларускіх перспектывах. Замест рашэння рэальных праблем развіцця краіны ўлада цешыць сябе ілюзіяй, што ўсё добра, а гэта да дабра не даводзіць. Шкада перш-наперш нашых дзетак, калі ім давядзецца разбірацца з праблемамі, якія ствараліся некалькі дзесяцігоддзяў. І пры гэтым наш кіраўнік нядаўна заклікаў моладзь не рабіць пераменаў. Святлана Калінкіна дала на гэта ў “Народнай волі” разгорнуты адказ. Мяркую, што Вы чытаеце “Народную волю” і знаёмы з яе адказам. Нельга з ёй не пагадзіцца, што заклікі спыніць час і баяцца пераменаў падобныя на адчайныя і бездапаможныя загаворы спалоханага і дэзарыентаванага чалавека. Сёння, як і 20 гадоў назад, як кажуць, у поўны рост паўстала пытанне пераменаў, без якіх немагчымы рух да годнага жыцця. На месцах бескантрольная ўлада здзіўляе сваёй неадэкватнасцю і адарванасцю ад рэальных праблем", -- дзеліцца сваімі думкамі Леанід Гаравы.
Ён перапісваецца з усімі палітычнымі вязнямі, якія знаходзяцца за кратамі: Мікалаем Статкевічам, Мікалаем Аўтуховічам, Алесем Бяляцкім і іншымі. Але найчасцей менавіта падчас ліставання з Мікалаем Статкевічам бываюць сітуацыі, калі лісты не даходзяць да адрасата, бо іх не прапускае цэнзура.