Баранавічы: пікет забаронены за лозунгі
Баранавіцкі гарвыканкам забараніў пікет пад лозунгамі “Іх трэба спыніць”, “Дзеянні ўлады – пад грамадскі кантроль”. Гэта стала вядома з ліста за подпісам намесніка старшыні гарвыканкама Дз. Касцюкевіча, які атрымаў актывіст гарадскога прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Рыгор Грык. Чыноўнік паведамляе, што ўлада не дае згоды на правядзенне пікету, бо лозунг заяўленага масавага мерапрыемства парушае патрабаванні арт. 10 Закона РБ “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”.
– У Баранавічах чыноўнікі парушаюць дэкрэты, распараджэнні Прэзідэнта, законы, таму, я хацеў выказаць пратэст супраць невыканання “слугамі народа” дзяржаўных заканадаўчых актаў. Але мне чарговы раз не дазволілі правесці пікет. Ды і ўвогуле нашы чыноўнікі лічаць, што над імі не павінна быць аніякага грамадскага кантролю, – паведаміў Рыгор Грык.
Пікет з удзелам 3-х чалавек быў запланаваны 16 лістапада ў старым парку культуры і адпачынку па вул.Камсамольская (пляцоўка з боку вул.Царука).
На працягу 2012-2013 гадоў Баранавіцкі гарвыканкам забараніў усім незалежным арганізацыям і грамадскім актывістам правядзенне масавых мерапрыемстваў нават у дазволеным старым парку горада, дзе заўсёды вельмі мала людзей.
Фота: Рыгор Грык удзельнічае ў пікеце пад лозунгам “За жыццё без хлусні і падману” у 2011 годзе