viasna on patreon

Беларускія мытнікі вярнулі “аўстралійскае” абсталяванне і плюшавага мішку

2013 2013-10-30T14:16:50+0300 2013-10-30T14:16:50+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mytnja.jpg
Беларуская мытня

Беларуская мытня

Мытня аэрапорта “Мінск-2” вярнула рэчы, якія забрала больш за год таму ў аўстралійскага тэлежурналіста Амаса Робертса.

Абсталяванне і плюшавага мядзведзіка забіраў па даверанасці ад аўстралійскага тэлеканала SBS іх беларускі калега Ілля Кузняцоў, які і паведаміў пра гэта прэс-службе ГА "БАЖ". Цяпер ён поштай перанакіруе гэтыя рэчы ў Аўстралію.

Працоўны стан абсталявання журналіст не правяраў, бо ўсе акумулятары за гэты час разрадзіліся. Ці была выдалена нейкая інфармацыя з носьбітаў і ці знайшлі мытнікі што-кольвек, што апраўдвала б вынятак, пакуль невядома.

Паводле складзенага мытнікамі пераліку рэчаў, кошт мядзведзіка яны ацанілі ўсяго ў 10 цэнтаў. Між тым, як сведчаць замежныя калегі, на чорным рынку “браты-блізняты” шведскага мішкі каштуюць па некалькі соцень долараў.

Выглядае на тое, што цацачнага мядзведзіка даглядалі вельмі пільна – з нейкіх меркаванняў у яго знялі рукавічкі і аддалі іх асобна.

Фота І. Кузняцова

Амас Робертс – журналіст аўстралійскага тэлеканала SBS, працаваў тут у верасні 2012 г. на працягу тыдня паводле афіцыйнай акрэдытацыі пры беларускім МЗС. У прыватнасці, журналіст здымаў у Беларусі сюжэт пра шведскі "плюшавы дэсант".

21 верасня Амас Робертс меў пакінуць нашу краіну, але быў спынены пры прахожданні мытнага кантролю ў аэрапорце "Мінск-2". Прадстаўнікі мытных службаў і невядомыя ў цывільным, якія прысутнічалі пры гэтым, забралі ў яго ўсю наяўную апаратуру і носьбіты інфармацыі – аж да мабільнага тэлефона. (Як паведаміў ГА “БАЖ” сам журналіст, палова апаратуры належала яму асабіста, а палова – тэлеканалу SBS.) Назваць сябе гэтыя людзі адмовіліся. Ён, у сваю чаргу, адмовіўся падпісваць акт вынятку апаратуры, і яму не выдалі на рукі ніякіх дакументаў, якія б пацвярджалі, што нешта забралі. Пазней, калі ў аэрапорт пад'ехалі перакладчык і прадстаўнік ГА "БАЖ", сп. Робертс пайшоў падпісваць паперы, але мытнікі ўжо адмаўлялі, што забіралі апаратуру. Увесь час за журналістамі сачылі невядомыя людзі ў цывільным.

На наступны дзень журналіста па тэлефоне спрабавалі запрасіць на размову ў КДБ, але ён адмовіўся і скіраваўся ў аэрапорт. У часе пашпартнага кантролю да яго падышоў невядомы чалавек у цывільным, які назваўся “прадстаўніком прэзідэнцкай адміністрацыі” і папрасіў не раздзьмуваць скандалу, паабяцаўшы, што найбліжэйшым часам яго рэчы вернуць. Пасля гэтага Амас Робертс ўсё ж сеў на самалёт і пакінуў нашу краіну.

На просьбу калегі беларускія журналісты накіравалі ў Генпракуратуру скаргу, якую ён склаў яшчэ ў Мінску. Копіі скаргі пайшлі міністру ўнутраных спраў, міністру замежных спраў і старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэту. Амас Робертс прасіў пракурораў тэрмінова правесці праверку па факце незаконнага вынятку ў яго прафесійнага абсталявання, вярнуць забраныя рэчы і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

Адказы не праяснілі лёсу абсталявання

У лютым гэтага года Амас Робертс атрымаў электронны ліст з амбасады Аўстраліі ў Маскве. Дыпламатычнае прадстаўніцтва пісала, што “беларускія ўлады скончылі свае мытныя фармальнасці” з абсталяваннем сп-ра Робертса, і што цяпер ён сам альбо яго давераная асоба могуць забраць рэчы ў аэрапорце “Мінск-2”.   

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства