viasna on patreon

Прыхільнікі дэмакратычных пераменаў Тунісу асудзілі рэспрэсіі ў Беларусі

2013 2013-10-28T15:14:57+0300 2013-10-28T15:14:57+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki_sud3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Працяг лістоў зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, напісаных ім у бабруйскай калоніі. З блогу на “Беларуском партизане”.Першыя лісты-успаміны з гэтай серыі былі напісаныя ў верасні 2012 года, апошнія – у чэрвені 2013:

Бабруйск, 11.09.12 

Пасьля сустрэчы з Суэр у Жэневе я вярнуўся ў Менск. А праз два тыдні, 15 сакавіка я дабіраўся зь Менска ў Вену, з Вены ў Парыж і з Парыжа ў Туніс. Сталіца краіны Туніс гэтаксама называецца Туніс. Канферэнцыя, у якой я меў браць удзел, называлася “Пераход да дэмакратыі ў Тунісе”. На ёй зьбіраліся абмяркоўваць шляхі гэтага пераходу і магчымыя перамогі і паразы. З замежнікаў пра “перамогі” зьбіраліся распавядаць палякі, а пра “паразы”, гаворачы пра Беларусь, я.

У Менску на газонах яшчэ ляжаў сьнег, а ў Тунісе стаяла позьняя вясна, днём было плюс 22. У гэтай невялікай арабскай міжземнаморскай краіне пры ранейшым рэжыме амаль адсутнічалі незалежныя СМІ, праходзілі зрэжысіраваныя ўладамі “выбары”, актывісты зь няўрадавых арганізацыяў знаходзіліся пад пастаянным прэсінгам, найперш сілавых ведамстваў. Ранейшыя ўлады Туніса, нягледзячы на аўтарытарны рэжым, адсутнасьць у краіне грамадскіх і палітычных свабодаў, тым не менш мелі неблагія стасункі зь Еўрасаюзам, палохаючы еўрапейскіх палітыкаў радыкальнымі ісламістамі. Калі не хочаце мець справу з намі, сьцьвярджалі яны, будзеце тады мець справы з ісламістамі. Тым не менш культурныя, грамадскія, цывілізацыйныя кантакты найперш з Францыяй кшталтавалі туніскія дэмакратычныя эліты. Яны былі даволі шматлікімі, арыентаванымі на еўрапейскія каштоўнасьці і няблага падрыхтаванымі для дэмакратычных зьменаў. Тысячы маладых тунісцаў вучыліся ў Францыі і Італіі, французская мова багата для каго была другой моваю. Нездарма прэзідэнтам FIDH стала журналістка, старшыня туніскай Лігі правоў чалавека Суэр Белхасен. І духоўна, і прафесійна яна была цалкам падрыхтаваная, каб стаць на чале фэдэрацыі, якая аб’яднала каля 200 праваабарончых арганізацыяў з усяго сьвету. Шырыня яе поглядаў, энергія, інтэлект, востры розум і ўменьне глядзець наперад далі добры імпульс для разьвіцьця FIDH у апошнія гады.

І вось мы сядзім у вялікай залі, запоўненай грамадскімі актывістамі, якія сабраліся з усіх куткоў краіны Туніс. Тут і праваабаронцы, і актывісткі жаночых арганізацыяў, і прафсаюзьнікі, і блогеры — разнастайны народ. Аўдыторыя сваім складам нагадала мне форумы нашай Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў. Я ўважліва ўглядаўся ў іхнія твары, лавіў тон іхніх размоваў. Тутэйшыя перакладчыкі, двое мужчынаў, якія па чарзе перакладалі мне з арабскай мовы на рускую, губляліся, бо ў іхнім ранейшым перакладчыцкім лексіконе не знаходзілася адпаведных словаў, якія гучалі ў прамовах выступоўцаў.

Але дзьве асноўныя эмоцыі прачытаў я ў вачах і прыкмеціў у паводзінах удзельнікаў канферэнцыі. Па-першае, яны яшчэ не звыкліся з тым, што перамаглі. І гэтая напрацаваная за дзесяцігодзьдзі стрыманасьць у сумоўі, асьцярожнасьць у рухах, абачлівасьць у паводзінах прабіваліся ў грамадзе то там, то сям. Па-другое, зусім супрацьлеглае — надзвычайны запал і эмацыйнасьць у выступах, як быццам бы яны толькі прыйшлі з дэманстрацыяў і мітынгаў і яшчэ не астыглі, не суцішыліся. Гэтае дзіўнае спалучэньне яшчэ больш падкрэсьлівала тое, што зьмены толькі як адбыліся.

П’янкое віно перамогі плёскалася ў вачох выступоўцаў, яны гаварылі пра пільныя і важныя праблемы, якія неабходна было тэрмінова вырашаць. Гэта і падрыхтоўка новай Канстытуцыі, і праблемы з правасудзьдзем, і неабходнасьць зьменаў у кансерватыўных колах вайскоўцаў і сілавых службаў, і эканамічная сітуацыя ў краіне, дзеля чаго была і пачалася рэвалюцыя, і жаданьні розных слаёў насельніцтва ў сувязі са зьменамі.

Я падпаў пад уплыў гэтай салодкай як мёд атмасферы зьменаў і выступаў эмацыйна і разьняволена. Прамаўляў, як засякла на гадзіньніку мая сяброўка Аляксандра, шаснаццаць хвілінаў. Гэта доўга, але зала слухала ўважліва. Я казаў пра тое, што ім, грамадскім лідарам і актывістам, няма чаго спачываць на лаўрах, бо дэмакратычныя зьмены і пераўтварэньні не прыходзяць самі па сабе, а здабываюцца ў выніку цяжкай штодзённай працы. І што гэтую працу павінныя рабіць яны самі, бо ніхто за іх яе не зробіць. Вы павінныя, сказаў я ім, забыцца на сон і адпачынак і працаваць круглыя суткі. Бо інакш рэакцыя можа вярнуцца. Я распавёў ім пра сумны гістарычны досьвед, які атрымалі беларусы за апошнія дваццаць гадоў. Беларусь стала незалежнаю, але дэмакратычныя рэформы на пачатку 90-х гадоў былі нясьмелымі і палавіністымі, яны не набылі незваротнасьць. Кансерватыўная частка былога кіраўніцтва краіны здолела перагрупавацца і аб’яднацца зь іншым лідарам. І адбыўся адкат ад дэмакратычных зьменаў, які працягваецца ўжо болей за паўтара дзесяцігодзьдзі. А ўсё таму, што дэмакратычныя сілы расслабіліся, шмат хто думаў, што зьмены ўжо незваротныя, і памыліўся.

Зразумела, што казаў я даволі схематычна, для людзей, якія мала што ці нічога не ведалі пра Беларусь, але свой пасыл — заклік быць пільнымі, працаваць, не супакойвацца — я, здаецца, перадаў. Яшчэ я параіў з халоднай галавою і ясным розумам разабрацца, разгледзець усе выпадкі парушэньняў правоў чалавека пры былым рэжыме, колькі б гэта часу і высілкаў ні каштавала. Справядлівасьць мусіць узяць гару, мусяць быць названыя і героі, і каты, і пакутнікі, і здраднікі. Гэта будзе адной з падставаў невяртаньня людзей са старой сістэмы да ўлады. Пасьля выступу ўдзельнікі канферэнцыі дружна пляскалі ў ладкі.

Была ў мяне яшчэ адна задума, якую я спадзяваўся зьдзейсьніць у Тунісе на гэтай канферэнцыі. У першы ж дзень прылёту, размаўляючы з Суэр, я папрасіў яе пагаварыць з арганізатарамі з просьбаю ад мяне прыняць зварот да беларускага народа ад імя ўдзельнікаў канферэнцыі. Я меркаваў, што такі зварот у час агульнай паняверкі і ўтрапеньня ў Беларусі быў бы вельмі дарэчным. Суэр з разуменьнем выслухала мяне і паабяцала парупіцца.

І вось на канферэнцыі выступае невысокая мілавідная жанчына. Саша распавяла, што гэта адна зь непрымірымых праціўніц былога рэжыму Бен Алі, грамадская дзяячка, якая сядзела ў турме. У Францыі FIDH была арганізаваная кампанія па яе вызваленьні. Зараз яна — сябра камісіі па падрыхтоўцы новай Канстытуцыі Туніса, і яшчэ яна будзе прапаноўваць прыняць зварот да беларусаў.

Жанчына казала пра бягучыя праблемы Туніса, пра тое, як важна, каб не зьніклі і захаваліся архівы сьпецслужбаў, а потым сказала і пра Беларусь. Выступала яна эмацыйна, цьвёрда, прапанавала зваротам ад удзельнікаў канферэнцыі падтрымаць дэмакратычныя слаі беларускага грамадства, сказала, што гэта быў бы вельмі важны і сімвалічны жэст з боку перамогшай аўтарытарны рэжым маладой туніскай дэмакратыі. Пад канец выступу яна патэтычна заявіла, што “Алесь, які зараз знаходзіцца з намі, там у Беларусі працуе ў небясьпецы. І калі беларускія ўлады будуць перасьледаваць Алеся, то тады Туніс рашуча заступіцца за яго”.

У тую хвіліну, калі мне пераклалі гэты сказ, я заўсьміхаўся. Усё ў гэтым яе выказваньні выглядала эмацыйна-перавялічаным. Але зараз вось я думаю, што, гледзячы на мяне, яна штосьці прадчула, убачыла маю недалёкую будучыню сваім набітым вокам нядаўняй зэчкі.

Зварот прынялі пад бурныя воплескі аднагалосна.

Падчас канферэнцыі адбыліся яшчэ дзьве цікавыя сустрэчы. Першая, кароткая, была са старшынёй Еўрапарламента Ежы Бузекам. Прадставіў мяне яму польскі амбасадар у Тунісе, з якім мы ў перапынку пазнаёміліся і крыху паразмаўлялі наконт беларускай сітуацыі. Ежы Бузек — стары салідарнасьцёвец, абазнаны і вопытны палітык, які добра арыентаваўся ў беларускіх праблемах. Размаўлялі мы літаральна некалькі хвілінаў перад ягоным выступам на канферэнцыі. Я сказаў, што дэмакратычная грамадскасьць у Беларусі чакае дапамогі ад Еўрасаюза. І я пачуў, што Еўрасаюз настроены рашуча падтрымліваць правы чалавека ў Беларусі. І гэта было самае істотнае.

Я ніколі не саромеўся прасіць дапамогі для падтрымкі грамадскіх і палітычных правоў у Беларусі. Бо, па-першае, я прашу гэтую дапамогу не для сябе асабіста. Па-другое, трэба ведаць, што дэмакратычныя краіны ў межах міжнародных дамоў дэкларавалі гатоўнасьць аказваць такую дапамогу краінам і супольнасьцям ва ўсім сьвеце, хто мае ў ёй патрэбу. Па-трэцяе, у міжнародных стасунках яно так, што сёньня дапамагаюць вам, а заўтра будзеце дапамагаць вы. Бо гэтая дапамога спрыяе даверу паміж народамі, міжнароднай стабільнасьці, адкрытасьці і, урэшце, узроўню чалавечага вымярэньня ў краіне-донары. Палякі, якія перанесьлі дзесяцігодзьдзі прыгнёту ад камуністычнай таталітарнай улады, вельмі добра разумеюць каштоўнасьць міжнароднай салідарнасьці. Таму штосьці асабліва ім тлумачыць не выпадае.

Другая сустрэча прайшла ў наступны дзень канферэнцыі. І адбылася яна зь міністрам замежных спраў Туніса. Ізноў жа падчас перапынку Суэр падвяла мяне да яго, інтэлігентнага, усьмешлівага, з роўнай паставаю для сваіх сталых гадоў дыпламата. Ён, аказваецца, быў даўнім сябрам Суэр, размаўляў па-руску, бо некалі, яшчэ ў часы Савецкага Саюза, быў амбасадарам Туніса ў Маскве. Затым яго звольнілі зь Міністэрства замежных справаў за надта ліберальныя погляды. Моўнага бар’еру ў нас не было, за дзесяць хвілінаў размовы мы пасьпелі багата пра што паразмаўляць. Я прасіў міністра аказваць ціск на беларускія ўлады з патрабаваньнем выконваць міжнародныя абавязкі ў галіне правоў чалавека найперш у ААН. Я рэкамэндаваў Туніскаму МЗС прытрымлівацца ў дачыненьнях зь Беларусьсю пазіцыі, выпрацаванай Еўрасаюзам. Рэкамэндацыя была зразумелай, бо ЕС зьяўляўся найбуйнейшым стратэгічным партнёрам Туніса. Міністр пагадзіўся і паабяцаў. Я пажадаў ягонаму народу посьпехаў у пабудове дэмакратычнага грамадства. Бо кожны станоўчы вынік трансфармацыі аўтарытарнага рэжыму зьяўляецца добрым прыкладам для іншых паднявольных народаў. Мы зь ім цёпла разьвіталіся.

У гэтай сустрэчы зь міністрам замежных спраў быў працяг. Праз два месяцы ў Туніс з афіцыйным візітам прыехаў Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун. У размове зь ім міністр згадаў нашую сустрэчу і спытаўся ў Генеральнага сакратара ААН, а ці дастаткова той робіць для спыненьня рэпрэсіяў і парушэньня правоў чалавека ў Беларусі. Мабыць, Пан Гі Мун быў крыху азадачаны. Але пытаньне прагучала сур’ёзна, і ён мусіў сур’ёзна адказваць на яго.

Падчас абеду ў другі дзень канферэнцыі было крыху часу выйсьці навонкі і абгледзецца. Гатэль, дзе адбывалася канферэнцыя, стаяў на ўзгорку, удалечыні сінела мора. Сьвяціла гарачае сонца, лёгкія аблокі гулялі па небе. Я прайшоў па зьвілістай сьцяжынцы па прыгатэльным садзе. Цьвілі рознымі колерамі, ужо адцвіталі цюльпаны, сьвежай чысьцінёю бялелі нарцысы. Я выйшаў да пляцоўкі невялікага амфітэатра, побач ляжалі і стаялі кавалкі антычных калонаў, якія стваралі мастацкую інсталяцыю і нагадвалі пра старажытную гісторыю Туніса. Непадалёк ад сучаснага Туніса знаходзіўся старажытны горад Карфаген, сталіца Паўночнай Афрыкі і зьлейшы вораг Рыма. Адсюль знакаміты Ганібал дзесяцігодзьдзямі назаляў Рымскай імперыі, і ў гэты бок, празь Міжземнае мора, крычаў рымскі сенатар Катон Старэйшы, заклікаючы рымлянаў: “Карфаген павінен быць разбураны!”. З гэтай зямлі паходзіць знакаміты хрысьціянскі тэолаг Аўгусьцін.

Але, на жаль, паглядзець на ўсё ж такі разбураны рымлянамі Карфаген часу ў нас не было. Адзінае што, дык гэтага назаўтра ў мяне былі тры гадзіны вольнага часу, і пасьля абеду я не ўседзеў і выбраўся з гатэля, у якім мы жылі, у бок старога горада. Спачатку я прайшоў некалькі кварталаў, забудаваных напачатку XX стагоддзя ў мараканскім стылі ўзорчата-вітых формаў, а затым убачыў муры старога горада. Я ўвайшоў у цёмную змрочную браму і празь яе патрапіў у стары горад. Адразу за брамаю пачынаўся гарадскі базар, усе першыя паверхі дамоў былі занятыя невялікімі крамкамі з самым разнастайным таварам, аўтадэталямі, мэбляю, кілімамі, біжутэрыяй, адзеньнем і абуткам. Яткі з садавіною і гароднінаю стаялі доўгімі радамі пасярэдзіне вуліцаў.

Вось я ўбачыў ганчарную лаўку, зайшоў і набыў гліняны глечык формы, якая нагадвала старажытную амфару. Затым я спыніўся каля кавярні і зьеў булку з катлетаю і цыбуляю, залітую востраю падліваю. Затым прайшоў яшчэ троху і выпіў шклянку апельсінавага соку, які выціснулі ў мяне на вачах. “Ты адкуль?” — запыталася ў мяне дзяўчына, спрытна ўпраўляючыся з апельсінамі. “Зь Беларусі”, — адказаў я. “Менск?” — спыталася яна. “Так, так, Менск”, — заўсьміхаўся я ёй. Адкуль простая гандлярка са старога Туніса ведае горад, дзе я жыву? Яна шчыра ўсьміхнулася мне ў адказ. Усьмешка сьведчыць пра твае намеры, пра твой настрой, усьмешка — гэта як пароль у стасунках паміж людзьмі. Беларусы — стрыманы народ і рэдка пасьміхаюцца першымі. А дарэмна.

На вузкіх вуліцах старога горада зусім не было турыстаў, мабыць, гэта нядаўняя рэвалюцыя распалохала іх. Я быў ці не адзіным турыстам-зявакам, як той першы шпак, які прыляцеў на засьнежаную яшчэ суровую зямлю, і людзі зь цікаўнасьцю паглядалі на мяне... Я пасьміхаўся ім. Сваёй усьмешкаю я вітаў туніскі народ, які зьдзейсьніў вось гэткі цуд як “глогавую” ці “язьмінавую” рэвалюцыю. Гэты ціхмяны і нясьмелы народ, які, як казала мне Суэр, вельмі падобны да беларусаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства