viasna on patreon

Вынікі ІІІ Беларускага праваабарончага форума. Рэзалюцыя “Аб захадах па вяртанні Беларусі да выканання міжнародных стандартаў па правах чалавека”

2013 2013-10-28T10:51:46+0300 2013-10-28T10:52:39+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pravaabaronchy_forum.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота Радыё Свабода

Фота Радыё Свабода

Рэзалюцыя  “Аб захадах па вяртанні Беларусі да выканання міжнародных стандартаў па правах чалавека”была прынятая дэлегатамі ІІІ Беларускага праваабарончага форуму 27 кастрычніка ў Вільні.

26-27 кастрычніка прайшоў ІІІ Беларускі праваабарончы форум. Удзел у ім узялі больш за 100 праваабаронцаў з Беларусі і краінаў рэгіёну, актывісты грамадскіх арганізацый, сваякі палітвязняў.

 

Заява ІІІ Беларускага праваабарончага форуму

Аб захадах па вяртанні Беларусі да выканання міжнародных стандартаў па правах чалавека

Цягам апошніх пятнаццаці год Рэспубліка Беларусь паступова аддалялася ад міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека, замацаваных у міжнародных пактах і канвенцыях па правах чалавека.

Гэтая тэндэнцыя знайшла сваю праяву ў наступных дзеяннях урада Беларусі:

Непрадастаўленне ва ўстаноўлены тэрмін рэгулярных справаздачаў па Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах цягам некалькіх запар справаздачных перыядаў.

Ігнараванне рашэнняў Камітэта ААН па правах чалавека, прынятых па зваротах грамадзян Беларусі, якімі былі ўстаноўленыя факты парушэння правоў чалавека з боку ўраду Беларусі, а таксама адкрытае сцвярджэнне неабавязковага характару рашэнняў Камітэта ААН па правах чалавека, якое выяўляецца праз адсутнасць ў нацыянальнай прававой сістэме механізмаў, скіраваных на імплементацыю міжнародных норм пра правы чалавека.

-  Непадпісанне другога факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах пра скасаванне смяротнага пакарання, а таксама вынясенне і выкананне смяротных прысудаў.

-  Непадпісанне факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакта аб сацыяльных, эканамічных і культурных правах, Канвенцыі аб правах інвалідаў ды іншых важных дакументаў міжнароднай сістэмы абароны правоў чалавека.

Адсутнасць рэальных крокаў па далучэнні Рэспублікі Беларусь да эфектыўнай рэгіянальнай сістэмы абароны правоў чалавека ў межах Савета Еўропы, у тым ліку адсутнасць палітычнай волі да падпісання Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека, нягледзячы на афіцыйна пададзеную заяўку на ўступленне ў Савет Еўропы.

Адсутнасць супрацоўніцтва з пераважнай большасцю інстытутаў ААН па правах чалавека, у тым ліку дэманстратыўнае ігнараванне ўведзенага паўторна ў дачыненні да Беларусі ў 2012 годзе інстытута спецыяльнага дакладчыка па правах чалавека.

-  Ігнараванне стандартаў і рэкамендацый Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, датычных гуманітарнага вымярэння і правоў чалавека, у тым ліку невыкананне альбо неналежнае і неэфектыўнае выкананне рэкамендацый місій БДІПЧ АБСЕ па назіранні за правядзеннем прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў,  рэкамендацый прадстаўніка АБСЕ па свабодзе сродкаў масавай інфармацыі, закрыццё офіса АБСЕ ў Мінску.

-  Ужыванне зневажальнай прапаганды з вуснаў вышэйшых службовых асобаў, якая скіраваная супраць каштоўнасці правоў чалавека, а таксама служыць сродкам шальмавання і дыскрэдытацыі як міжнароднага праваабарончага руху і міжнародных інстытуцый па правах чалавека, так і праваабаронцаў унутры Беларусі.

Мы рашуча асуджаем гэткае грэблівае стаўленне ўрад Беларусі да каштоўнасцяў і нормаў правоў чалавека і настойліва заклікаем яго

- вярнуцца ў прававое поле, акрэсленае Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь,падпісанымі нашай краінай міжнароднымі дакументамі па правах чалавека, не дапускаць адхілення ад устаноўленых гэтымі нормамі стандартаў,  

-  далучыцца да ўсіх адпаведных дакументаў ААН, Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека і іншых дакументаў  Савета Еўропы па правах чалавека,

- стварыць у нацыянальнай прававой сістэме эфектыўныя інструменты імплементацыі міжнародных абавязальніцтваў у галіне правоў чалавека, уключна з сістэмай увасаблення ў жыццё заключэнняў і рэкамендацый міжнародных спецыяльных працэдураў ААН, заключэнняў дагаварных органаў, зробленых па індывідуальных зваротах (Камітэт ААН па правах чалавека, Камітэт па ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын),

- выканаць усе рэкамендацыі першага раунда Універсальнага перыядычнага агляду ААН па правах чалавека, вынесеныя на адрас Беларусі, і распачаць працэдуру шырокай грамадскай дыскусіі ў межах падрыхтоўкі да другога раунда Універсальнага перыядычнага агляду ААН, уключна з папярэднім і публічным абмеркаваннем нацыянальнай справаздачы краіны ў межах другога раунда гэтай працэдуры ААН у дачыненні да Беларусі,

- запрасіць у Беларусь усіх спецыяльных дакладчыкаў ААН, а у першую чаргу – неадкладна запрасіць спецыяльнага дакладчыка ААН  па правах чалавека ў Беларусі.

Адначасова мы звяртаемся да Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, іншых органаў і інстытуцый сістэмы Арганізацыі аб’яднаных нацый з прапановай аб пачатку працэдуры адкрыцця ў Беларусі спецыяльнага прадстаўніцтва Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека. У гэтай справе надзвычай вялікая роля належыць Прадстаўніцтву ААН у Беларусі: на наш погляд, гэты орган мусіць адыгрываць прынцыповую ролю дзеля забеспячэння камунікацыі праваабарончай супольнасці Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Беларусі.

Прапануем Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе нарошчваць актыўнасць у накірунку заахвочвання ўрада Беларусі паважаць правы чалавека. Мы заклікаем Парламенцкую Асамблею АБСЕ захаваць у сваёй структуры працоўную групу па Беларусі, а ўсе структуры АБСЕ, уключна з БДІПЧ, заклікаем актывізаваць супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю Беларусі. Мы вітаем распачаты БДІПЧ АБСЕ працэс распрацоўкі кіроўных прынцыпаў па свабодзе асацыяцый і абароне правабаронцаў і выступаем за шырокае прадстаўніцтва ў ім экспертаў грамадзянскай супольнасці. 

27 кастрычніка 2013г., Вільня

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства