viasna on patreon

Вынікі ІІІ Беларускага праваабарончага форума. Рэзалюцыя “Аб становішчы з правамі чалавека ў Беларусі”

2013 2013-10-28T10:42:18+0300 2013-10-28T10:54:57+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/forum_vilnia_002.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота Прэс-службы БАЖ.

Фота Прэс-службы БАЖ.

Рэзалюцыя  "Аб становішчы з правамі чалавека ў Беларусі" была прынятая дэлегатамі ІІІ Беларускага праваабарончага форуму  27 кастрычніка ў Вільні.

26-27 кастрычніка ў Вільні прайшоў ІІІ Беларускі праваабарончы форум. Удзел у ім узялі больш за 100 праваабаронцаў з Беларусі і краінаў рэгіёну, актывісты грамадскіх арганізацый, сваякі палітвязняў.

 Рэзалюцыя ІІІ Беларускага праваабарончага форуму

Аб становішчы з правамі чалавека ў Беларусі

 Мы, ўдзельнікі ІІІ Беларускага праваабарончага форуму, як прадстаўнікі нацыянальнай праваабарончай супольнасці Беларусі ўнутры краіны і за мяжой, з глыбокай занепакоенасцю канстатуем, што за час, які мінуў з правядзення мінулага Форуму ўвосень 2010 года, становішча з выкананнем правоў чалавека ў Беларусі драматычным чынам пагоршылася:

-  Хваля татальных рэпрэсій пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года закранула шырокія колы арганізацый грамадзянскай супольнасці, тысячы простых грамадзян і сябраў апазіцыйных палітычных партыяў.

-  За краты па палітычных матывах былі кінутыя дзесяткі палітыкаў і сябраў апазіцыйных арганізацый у тым ліку некалькі кандыдатаў у прэзідэнты, адзін з якіх, Мікола Статкевіч, да гэтага часу знаходзіцца ў турме.

-   За кратамі больш, як два гады знаходзіцца кіраўнік Праваабарончага цэнтру “Вясна”, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, наш сябра і паплечнік Алесь Бяляцкі, асуджаны да 4,5  гадоў зняволення за ажыццяўленне праваабарончай дзейнасці.

-   Па нашых ацэнках за кратамі цяпер знаходзіцца 9 палітычных вязняў: Ігар Аліневіч, Мікалай Аўтуховіч, Алесь Бяляцкі, Яўген Васьковіч, Андрэй Гайдукоў, Мікалай Дзядок, Эдуард Лобаў, Арцем Пракапенка, Мікалай Статкевіч.

-   Напрыканцы 2011 года ў крымінальны кодэкс і іншыя акты заканадаўства былі ўнесеныя папраўкі, якія дазваляюць выкарыстоўваць крымінальны пераслед дзеля далейшага і яшчэ больш маштабнага парушэння правоў чалавека, уключна з правам на свабоду асацыяцый.

-  З боку ўладаў Беларусі не адбылося аніякіх істотных крокаў, якія б сведчылі пра намер палепшыць сітуацыю і вырашыць наяўныя балючыя праблемы ў галіне правоў чалавека: не скасаванае смяротнае пакаранне, смяротныя прысуды абвяшчаюцца і прыводзяцца ў выкананне; не скасаваны адыёзны артыкул 193-1 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае пакаранне зняволеннем за дзейнасць незарэгістраваных аб’яднанняў, а таксама іншыя артыкулы Крымінальнага кодэкса, якія могуць выкарыстоўвацца для абмежавання свабоды слова; не адбылося расследавання і пакарання вінаватых у здзяйсненні палітычна матываваных знікненняў апанентаў улады; не створаны нацыянальны інстытут па правах чалавека (амбудсмэн); парушаюцца фундаментальныя моўныя правы грамадзян Беларусі ў розных сферах жыцця і дзейнасці,

-  З боку ўладаў Беларусі ажыццяўляюцца  разнастайныя дыскрымінацыйныя захады ў адносінах да асобаў, якія належаць да шырокага кола груп. Канстатуем, што улады дэманструюць абыякавасць да праяваў дыскрымінацыі.

У адрозненне ад рэзалюцыі папярэдняга Форума 2010 года, цяпер мы не можам адзначыць аніякіх пазітыўных зменаў альбо тэндэнцый, якія б сведчылі пра патэнцыял да паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

У гэтым святле мы з расчараваннем канстатуем, што правы чалавека не з’яўляюцца прыярытэтам для існуючай ў Беларусі цяпер мадэлі дзяржаўнай улады.

Мы, ўдзельнікі ІІІ Беларускага праваабарончага форуму, ПЕРАКАНАНЫЯ, што правы чалавека павінны стаць ў нашай краіне найвышэйшай каштоўнасцю.

Усведамляючы, што праваабарончая супольнасць павінна рэагаваць на выклікі, якія паўстаюць перад правамі чалавека, а таксама заўжды быць прынцыповымі ў сваіх пазіцыях і кіравацца міжнароднымі стандартамі ў сферы правоў чалавека, ПАТРАБУЕМ ад уладаў краіны:

1. Неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных вязняў, іх аднаўлення ў правах, у тым ліку шляхам перагляду іх крымінальных спраў, разгледжаных з парушэннымі нормаў незалежнага суда і стандартаў міжнароднага права.

2. Спынення ціску на Міколу Статкевіча, Міколу Аўтуховіча і ўсіх палітзняволенных ў месцах пазбаўлення волі, а таксама неабгрунтаваных прыцягненняў да адказнасці маладзёвых актывістаў Уладзіміра Яроменка, Паўла Вінаградава ды іншых.

3. Выключэння з заканадаўства артыкула 1931 Крымінальнага кодэкса, а таксама скасавання забароны на дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў без дзяржаўнай рэгістрацыі.

4. Завяршэння поўнага і ўсебаковага даследаванне спраў аб знікненні экс-міністра унутраных справаў Юрыя Захаранкі, былога віцэ-спікера Вярхоўнага Савета Віктара Ганчара, бізнесмена Анатоля Красоўскага і журналіста Зміцера Завадзкага да траўня 2014 года (калі існуе пагроза сканчэння тэрміну даўніны па гэтых злачынствах), а з улікам грамадскай значнасці гэтых справаў правядзення адкрытых судовых працэсаў над вінаватымі ў здзейсненых выкраданнях і, як мяркуецца, забойствах гэтых апанентаў улады.

5. Абвясціць мараторый  на выкананне смяротных прысудаў з наступным скасаваннем смяротнага пакарання.

6. Ажыццявіць захады па ўвасабленні ў жыццё рэкамендацый Камітэта па правах чалавека ААН, прынятых па справах парушэнняў Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах з боку Рэспублікі Беларусь, а таксама рашэнняў іншых  дагаварных органаў сістэмы ААН.

7. Пабудаваць нацыянальныя інстытуты абароны правоў чалавека на дзяржаўным узроўні, у тым ліку праз ўвядзенне пасады ўпаўнаважанага па  правах чалавека, стварэнне адмысловага грамадскага дарадчага органа па правах чалавека пры органах дзяржаўнай улады з прадстаўнікоў айчыннага праваабарончага руху, стварэнне механізмаў грамадскага кантролю за дзейнасцю праваахоўных органаў, а таксама механізму ўліку меркавання грамадскасці (у тым ліку праваабаронцаў) ў заканатворчым працэсе.

8. Аднавіць сістэму незалежнага ад выканаўчай улады суда і незалежнай пракуратуры, інстытута незалежнай адвакатуры, распачаць набліжэнне  еўрапейскіх стандартаў у галіне пенітэнцыярнай сістэмы, у тым ліку праз выкараненне ўсіх практыкаў, якія могуць быць кваліфікаваныя як катаванні альбо жорсткае альбо зневажальнае абыходжанне, а таксама вярнуцца да рэалізацыі на практыцы прынцыпаў Канцепцыі судова-прававой рэформы 1992 года.

9.  Ужыць комплексныя захады па барацьбе з усімі магчымымі формамі дыскрымінацыі[1], у тым ліку праз прыняццё ўсеабдымнага антыдыскрымінацыйнага закона.

27 кастрычніка 2013г., Вільня

 

[1] На падставе расы, колера скуры, этнічнай прыналежнасці, пола, цяжарнасці, мацярынства, сямейнага статуса, альбо статуса асобы, што ажыццяўляе дагляд, мовы, рэлігіі альбо веры, палітычных ды іншых поглядаў, нараджэння, нацыянальнага альбо сацыяльнага паходжання, грамадзянства, эканамічнага статуса, асацыяваньня з нацыянальнай меншасцю, сэксуальнай арыентацыі, гендэрнай ідэнтычнасці, узросту, інваліднасці, ВІЧ-статуса, стану здароўя, генетычнай альбо іншай схільнасці да хваробаў альбо іншых абставінаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства