viasna on patreon

III Беларускі праваабарончы форум: вызваліць палітзняволеных, спыніць дыскрымінацыю і ўвесці мараторый на смяротную кару

2013 2013-10-28T07:51:51+0300 2013-10-28T07:51:51+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pravaabaronchy_fotum-1.jpg

26-27 кастрычніка ў Вільні прайшоў ІІІ Беларускі праваабарончы форум. Удзел у ім узялі больш за 100 праваабаронцаў з Беларусі і краінаў рэгіёну, актывісты грамадскіх арганізацый, сваякі палітвязняў.

Дэлегаты III Беларускага праваабарончага форуму, які прайшоў у Вільнюсе 26—27 кастрычніка, запатрабавалі ад улад Беларусі неадкладнага і безумоўнага вызвалення палітычных зняволеных, аднаўлення іх правоў, у тым ліку шляхам перагляду спраў незалежным судом, а таксама абвяшчэння мараторыя на выкананне смяротных прысудаў з наступнай адмовай ад такой меры пакарання. Пра гэта гаворыцца ў прынятай сёння выніковай рэзалюцыі форуму.

Праваабаронцы таксама запатрабавалі спыніць націск на палітычных і грамадскіх дзеячаў, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, і адмовіцца ад практыкі неабгрунтаваных арыштаў маладзёжных актывістаў розных арганізацый.

Кампетэнтныя дзяржорганы, адзначаецца ў дакуменце, павінны поўнасцю завяршыць расследаванне спраў па знікненні палітыкаў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, бізнесмена Анатоля Краскоўскага і відэааператара Дзмітрыя Завадскага, знайсці вінаватых і правесці адкрытыя і справядлівыя судовыя працэсы.

Беларусь, паводле меркавання дэлегатаў форуму, павінна ісці па шляху выканання рэкамендацый Камітэта па правах чалавека ААН, прынятых у святле парушэнняў з боку дзяржавы Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і іншых рашэнняў органаў сістэмы ААН.

У прыватнасці, павінен быць адменены арт. 193-1 Крымінальнага кодэкса Беларусі (незаконная арганізацыя дзейнасці грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі ці фонду або ўдзел у іх дзейнасці) і скасавана забарона на дзеянне грамадскіх аб'яднанняў без рэгістрацыі.

Беларускім кіраўніцтвам павінны быць створаны нацыянальныя інстытуты абароны правоў чалавека, у тым ліку шляхам увядзення пасады ўпаўнаважанага па правах чалавека.

Акрамя таго, пры дзяржструктурах неабходна стварыць грамадскі дарадчы орган па правах чалавека, у які б увайшлі беларускія праваабаронцы. У краіне павінны быць створаны механізмы грамадскага кантролю за дзейнасцю праваахоўных органаў, а таксама ўліку грамадскай думкі падчас заканатворчасці.

Паводле меркавання дэлегатаў форуму, у Беларусі варта аднавіць сістэму незалежных судоў і пракуратуры, інстытут незалежнай адвакатуры і пачаць набліжэнне еўрапейскіх стандартаў у галіне пенітэнцыярнай сістэмы, у тым ліку шляхам адмовы ад практыкі, якая можа быць кваліфікавана як катаванні і жорсткае ці зневажальнае абыходжанне.

Аўтары рэзалюцыі канстатуюць, што з моманту правядзення папярэдняга праваабарончага форуму — у 2010 годзе — сітуацыя з выкананнем правоў чалавека ў Беларусі значна пагоршылася. Як пацвярджэнне таму ў дакуменце прыводзяцца факты рэпрэсій з боку ўлад пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, узмацненне жорсткасці крымінальнага заканадаўства ў 2011 годзе, а таксама адсутнасць намераў улад палепшыць сітуацыю. Акрамя гэтага, падкрэсліваецца ў рэзалюцыі, у беларускіх турмах застаюцца дзевяць палітычных зняволеных.

Нагадаем, што арганізатарамі і ўдзельнікамі форуму сталі такія вядомыя грамадскія арганізацыі краіны, як праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хэльсінскі камітэт, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звоскава, Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый, ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" ііншыя, ўсяго 25 арганізацый.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства