Праваабарончая праграма “Людзьмі звацца!” на Беларускім Радыё Рацыя
Кожны аўторак у 15:05 ў эфіры незалежнай беларускай радыёстанцыі “Беларускае Радыё Рацыя”- праграма “Людзьмі звацца!”, якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека на Беларусі. Праграма складаецца з рубрык “Хроніка пераследу”, “Падзея тыдня”, “Асоба. Дзяржава. Грамадства” ды “Навіны палітвязняў”.
Анонс выпуску:
“Хроніка пераследу”: працяг судовага разбіральніцтва брэсцкай журналісткі Міланы Харытонавай, якую ў інтэрнэце абразіў яе калега, суд над газетай "Вольны горад" з Крычава, а таксама некаторыя заканадаўчыя змены, у тым ліку датычныя працы непаўнагадовых.
"Падзея тыдня": як сілавыя структуры арганізаваліся дзеля сустрэчы Паўла Севярынца ў Мінску ў мінулую суботу і што чакае ў бліжэйшыя гады нядаўняга палітвязня ў сувязі з яго судзімасцю.
"Асоба. Дзяржава. Грамадства": госць рубрыкі юрыст і палітолаг Юры Чавусаў з меркаваннем пра тое, чым для ўдзельнікаў выбарчага працэсу абернуцца змены і дапаўненні ў Выбарчы кодэкс, прынятыя напачатку кастрычніка Палатай прадстаўнікоў у першым чытанні.
“Навіны палітвязняў”: пасля вызвалення лідэра БХД Паўла Севярынца за кратамі застаюцца дзевяць палітычных зняволеных. На думку праваабаронцаў, улады не маюць матывацыі для іх вызвалення. Гэта пацвярджаюць і тыя звесткі, што дайшлі да нас ад Ігара Аліневіча, Міколы Статкевіча, Мікалая Аўтухровіча.
У музычных паўзах - гарадзенскі фолк-рокавы гурт “Людзі на балоце”.