У былога дэпутата Вярхоўнага Савету Андрэя Клімава, якога трымаюць у Менскім сьледчым ізалятары, пачаліся праблемы са здароўем
Жонка палітыка Тацяна Клімава штодня атрымоўвае ад мужа лісты. Яна паведаміла “Радыё Свабода”, што пра сьледзтва зьвесткі вельмі кароткія: допыты ідуць, Андрэй па-ранейшаму не прызнае сябе вінаватым і не адказвае на пытаньні.
Аднак некаторымі ўражаньнямі ад размоваў са сьледчым Анатолем Гадуном Клімаў усё ж дзеліцца, кажа ягоная жонка:
“Адна размова Андрэя са сьледчым мяне асабліва ўразіла. Сьледчы Гадун пераконваў Андрэя забыць пра некаторыя старонкі найноўшай гісторыі Беларусі — а менавіта пра існаваньне Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня і рэфэрэндум. Як гэта пракамэнтаваць? Магчыма, гэта даравальна, калі ўявіць, што сьледчы малады і ў той час быў хлопчыкам”, -- паведаміла Тацяна Клімава.
Нагадаем, у 1995 годзе адбыліся выбары ў Вярхоўны Савет 13-га скліканьня, у якім Андрэй Клімаў быў адным з самых уплывовых дэпутатаў.
У 1996 годзе Клімаў падтрымаў імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку і ўзначаліў камісію, якая зьбірала доказы таго, што прэзыдэнт краіны парушае Канстытуцыю.
Як мяркуе Андрэй Клімаў і ягоныя калегі ў апазыцыі, менавіта гэта спрычынілася да ягонага арышту ў канцы 1990-х гадоў. Тады яго асудзілі на болей як чатыры гады зьняволеньня паводле эканамічных абвінавачаньняў.
Як пачуваецца Андрэй Клімаў у сьледчым ізалятары?
Тацяна Клімава кажа, што ў яго пачаліся праблемы са здароўем. “Турма на карысьць не ідзе нікому. Муж пачаў рэгулярна прымаць лекі. Быў выпадак, што ў сваякоў не прынялі лекі для Андрэя, але з другой спробы ўдалося перадаць яму ўсё, што трэба”, — кажа жонка палітыка.
Дзяжурны Менскага сьледчага ізалятару адмовіўся паведаміць пра стан здароўя вязьня Андрэя Клімава.
Сьледчы Менскай пракуратуры Анатоль Гадун сказаў, што Андрэй ні на што ня скардзіцца. Камэнтаваць расьсьледаваньне сьледчы па-ранейшаму адмаўляецца.
Андрэя Клімава арыштавалі тры тыдні таму й зьвінавацілі ў закліках скінуць уладу ў артыкуле, які быў разьмешчаны ў інтэрнэце.