Затрыманых у Мінску журналістаў вызвалілі
Раніцай у суботу, 19 кастрычніка, на платформе мінскага чыгуначнага вакзала міліцыя затрымала прэс-сакратара ГА "БАЖ" і журналіста часопіса "Абажур" Барыса Гарэцкага, журналістаў "Еўрарадыё" Алеся Пілецкага і Віталя Ругайна, фатографа Аляксандра Васюковіча, фотакарэспандэнта "Нашай Нівы" Сяргея Гудзіліна, журналістку Надзею Гацак, карэспандэнтаў БелаПАН Андрэя Корсака і Захара Шчарбакова, карэспандэнта "Радыё Свабода" Ягора Маёрчыка і іншых. У пастарунку яны правялі каля гадзіны.
Усе яны збіраліся асвятляць вяртанне ў Мінск палітыка і публіцыста Паўла Севярынца, якога раніцай у суботу вызвалілі пасля трох гадоў абмежавання волі.
Як паведаміў па тэлефоне Барыс Гарэцкі, затрыманне адбылося каля 8.30. Міліцыянты пыдашлі да журналістаў і сказалі, што тыя выклікаюць у іх падазрэнні. Усіх затрыманых прывялі ў дзяжурную частку вакзала, дзе праверылі дакументы. Абыходзіліся з затрыманымі надзвычай груба, зазначаючы пра бессэнсоўнасць куды-кольвек скардзіцца.
Міліцыянты мэтанакіравана затрымлівалі журналістаў. Было відавочна, што прадстаўнікі прэсы прыйшлі асвятляць мерапрыемства, бо шмат у каго з іх была прафесійная апаратура.
Адразу пасля вызвалення затрыманыя карэспандэнты адзначылі, што лічаць іхны ранішні захоп АМАПам яскравай дэманстрацыяй беларускага права, якое на практыцы ніяк не абараняе журналістаў ад затрыманняў і збіцця. Аперацыяй па затрыманні журналістаў кіраваў асабіста начальнік ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Барсукоў.