У Віцебску пададзена заяўка на пікет салідарнасці з палітвязнямі
Каардынатар Руху "За свабоду" па Віцебскай вобласці Хрыстафор Жаляпаў і актывіст аргкамітэту па стварэнні сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада" Аляксей Гаўруцікаў падрыхтавалі заяўку такім чынам, каб у раенных уладаў было найменей падставаў адмовіць.
Месца меркаванага пікета – з ліку трох у горадзе, адмыслова вызначаных пад масавыя мерапрыемствы, -- парк імя 30-годдзя ВЛКСМ. Час правядзення – з 14 да 16 гадзінаў 29 кастрычніка.
"Гэта працоўны дзень, і мы разумеем, што больш людзей нас змаглі б убачыць у парку ў суботу ці нядзелю. Аднак на выходны дзень з намі адмаўляюцца заключаць дамову на абслугоўванне медыкі – маўляў, у выходныя няма магчымасці арганізаваць дзяжурства машыны хуткай дапамогі, бо іх і так нямнога. І мы знарок панядзелак – каб не было падставаў адмовіцца супрацоўнічаць з намі. Бо без дамоваў з медыкамі, ЖКГ і міліцыяй нам немагчыма атрымаць дазвол ад раённай адміністрацыі, "—патлумачыў Аляксей Гаўруцікаў.
Актывісты хочуць правесці акцыю, каб прадэманстраваць салідарнасць з Мікалаем Статкевічам, Эдуардам Лобавым, Алесем Бяляцкім і ішымі палітвязнямі, патрабуючы іхняга вызвалення.
Мінулым разам, калі актывісты рыхтаваліся праводзіць пікет супраць размяшчэння ў Беларусі расійскіх вайсковых баз, Першамайская раённая адміністрацыя адмовілі ім якраз з-за адсутнасці дамоваў. Гэта – найбольш частая прычына забароны на акцыі, але ад апазіцыянераў у гэтай справе мала што залежыць: адказныя структуры апасаюцца заключаць з імі дамовы на абслугоўванне імпрэзаў ці ўсяляк пазбягаюць гэта рабіць.
Так, падчас падрыхтоўкі да мінулага пікета заключыць дамову ўдалося толькі з камунальшчыкамі – з прадпрыемствам "Зеленбуд". Медыкі спаслаліся на дэфіцыт машын хуткай дапамогі ў выходны дзень. А з абласной управы міліцыі адказ прыйшоў ужо пасля таго, як адмовіла адміністрацыя Першамайскага раёну. І ў ім было напісана, што дамаўляцца пра абслугоўванне мерапрыемства ўжо немэтазгодна, раз яго не дазволіла кіраўніцтва раёна.
Управа міліцыі, такім чынам, парушыла патрабаванне, выкладзенае ў рашэнні віцебскага гарвыканкаму №881 пра правядзенне масавых акцый. Там сказана, што спачатку арганізатары мусяць прадаставіць дамовы. Але ў міліцэйскай управе знарок дачакаліся адмовы раённых уладаў, каб не пагадзіцца на супрацоўніцтва з актывістамі.
Аляксей Гаўруцікаў і Хрыстафор Жаляпаў спрабавалі праз суд абавязаць Першамайскую адміністрацыю даць ім дазвол на акцыю і абавязаць адказныя структуры ўсё ж заключыць дамовы на абслугоўванне. Аднак суддзя Вольга Іванова патрабаванні актывістаў не падтрымала.
Рашэнне гарвыканкаму №881 "Аб арганізацыі масавых мерапрыемстваў у г.Віцебску" складзена такім чынам, што яго практычна немагчыма выканаць. Адпаведна, грамадзянам немагчыма рэалізаваць права на публічнае выказванне сваіх меркаванняў праз арганізацыю масавых мерапрыемстваў.