Баранавічы: Канстытуцыйны суд падтрымаў прапанову баранавіцкага праваабаронцы
Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь падтрымаў прапанову баранавіцкага праваабаронцы Сяргея Гоўшы. Гэта стала вядома з ліста за подпісам начальніка сакратарыяту А.В. Каравай, які атрымаў грамадскі актывіст 8 кастрычніка па пошце.
У ім паведамляецца, што па прапанове Сяргея Гоўшы, 25 верасня Канстытуцыйны суд прыняў рашэнне “Аб ўстанаўленні працэсуальнага парадку вызвалення ад выплаты дзяржаўнай пошліны за падачу ў суд скаргаў на пастановы па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях”.
Яшчэ 1 сакавіка 2013 года праваабаронца Сяргей Гоўша накіраваў у Канстытуцыйны суд пісьмовы зварот. На падставе ўласнага вопыту ён прапанаваў КС прызнаць неадпаведнымі Канстытуцыі і міжнародным прававым нормам палажэнні Працэсульна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях у пытанні немагчымасці адмены дзяржпошліны.
У сваім лісце Сяргей Гоўша паведаміў КС, што пастановай суддзі Васіля Петрыва суда г. Баранавічы ад 21 жніўня 2012 г. ён быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Не пагадзіўшыся з такім рашэннем суддзі, 30.08.2012г. праваабаронца накіраваў у суд скаргу і напісаў адначасова заяву аб вызваленні яго ад дзяржпошліны ў сувязі з цяжкім матэрыяльным становішчам.
Аднак пастановай суддзі Васіля Петрыва ад 13 верасня 2012 г. Сяргею Гоўшу было адмоўлена ў задавальненні хадайніцтва аб вызваленні яго ад уплаты дзяржаўнай пошліны ў сувязі з тым, што Працэсуальна-выканаўчым кодэксам РБ аб адміністрацыйных правапарушэннях магчымасць вызвалення ад уплаты дзяржпошліны пры падачы скаргаў на пастановы суда не прадугледжана.
Такім чынам, праваабаронца Сяргей Гоўша звярнуў увагу КС на тое, што ў дзеючым адміністрацыйна-працэсуальным заканадаўстве ёсць прабелы, якія парушаюць канстытуцыйнае права грамадзян на судовую абарону. Пры гэтым Сяргей Гоўша зыходзіў з таго, што права на судовую абарону гарантавана арт. 60 Канстытуцыі РБ. А ў арт. 2 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах замацаваны абавязак кожнай дзяржавы-удзельніцы Пакту забяспечыць кожнай асобе, правы і свабоды каторай парушаны, эфектыўны сродак прававой абароны.
Сяргей Гоўша нагадаў КС, што зыходзячы з вышэй прыведзеных палажэнняў Канстытуцыі і ратыфікаванага РБ Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, дзяржава павінна ствараць такія сродкі прававой абароны, якія б гарантавалі эфектыўную абарону парушаных правоў і свабод асобы.
Таму Сяргей Гоўша прасіў КС ўнесці ў Палату прадстаўнікоў РБ прапанову аб дапаўненні Працэсуальна-выканаўчага кодэкса РБ аб адміністрацыйных правапарушэннях з тым, каб дзейным чынам забяспечыць гарантыі судовай абароны правоў і свабод асобы.
25 верасня КС РБ прыняў рашэнне прапанаваць Савету Міністраў РБ падрыхтаваць праект закона аб унясенні адпаведных зменаў у Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і ўнясенні яго ў вызначаным парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу РБ.