viasna on patreon

У Магілёве міліцыянты заблакавалі прыватны дом, у якім праходзіў устаноўчы сход Партыі БНФ

2007 2007-04-23T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

22 красавіка горад наведалі старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка і намесьнікі старшыні Аляксей Янукевіч і Алесь Міхалевіч, каб прыняць удзел у сходзе сяброў партыі з мэтаю аднаўленьня Магілёўскай абласной арганізацыі. “Фармальна гэта была ўстаноўчая канфэрэнцыя абласной арганізацыі, бо гэтая структура была зачыненая паводле рашэньня Мін'юсту, а фактычна гэта была аднаўленчая канфэрэнцыя. У ёй узялі ўдзел госьці з Менску, 61 дэлегат з 13 раёнаў Магілёўскай вобласьці – канфэрэнцыя была вельмі прадстаўнічая", - распавёў Вінцук Вячорка Радыё Свабодзе.

Таксама адбылася нарада моладзевага крыла Партыі БНФ. Арганізацыйнае паседжаньне моладзі адбывалася ў больш напружанай атмасферы. Пасьля некалькіх галасаваньняў праз кампраміс на пасаду кіраўніка Магілёўскай філіі арганізацыі Моладзь БНФ абралі 20-гадовага студэнта Кірыла Паражынскага.

Па заканчэньні канферэнцыі дэлегаты пабачылі фільм Віктара Корзуна “Верыць толькі ветру. Чарнобыль 20 год пасьля”. У Менску прэзэнтацыя гэтай дакументальнай стужкі адбудзецца 24 красавіка ва ўправе Партыі БНФ.

Апазіцыйнае мерапрыемства не абышлося без інцыдэнтаў. Калі госьці ўжо зьбіраліся зьяжджаць, прыватны дом, у якім адбываліся ўсе мерапрыемствы, нечакана блакавалі міліцыянты. Яны патрабавалі адчыніць дзьверы і спасылаліся на ананімны тэлефонны званок аб тым, што ў доме адбываецца бойка і знаходзіцца наркатычны прытон. Чацьвёра афіцэраў, некалькі чалавек у цывільным ды аўтобус з АМАПам дзяжурылі ля хаты цягам дзьвюх гадзінаў. Два дзясяткі актывістаў, што яшчэ не пасьпелі сыйсьці, зачынілі жалезныя дзьверы ды адмовіліся кантактаваць з праваахоўнікамі.

Зьняць міліцэйскую аблогу прыватнага дому дапамаглі магілёўскія праваабаронцы спадары Бухель і Краўчанка. Яны давялі міліцынтам, што тыя парушаюць беларускае заканадаўства, паколькі яно гарантуе грамадзянам недатыкальнасьць іхняга прыватнага жыцьця і жытла. Такое парушэньне лічыцца крымінальным злачынствам.

У выніку празь некаторы час аблога была нарэшце зьнятая і прысутныя ў доме змаглі разьехацца.

З панядзелкавай раніцы міжвольныя ўдзельнікі здарэньня разам з правабаронцамі вырашаюць, ці варта надаць гэтаму здарэньню працяг у выглядзе звароту са скаргай на дзеяньні міліцыянтаў ў адпаведныя наглядальныя і ведамасныя органы, паведаміла прэс-служба Асамблеі НДА..

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства