viasna on patreon

Жыхар Жлобіна, адсядзеўшы тэрмін у турме, не знайшоў па вяртанні свайго дома

2013 2013-10-04T10:39:39+0300 2013-10-04T10:39:39+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/shlobin.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Да праваабаронцы «Гомельскай Вясны» Леаніда Судаленкі звярнуўся жыхар Жлобіна Андрэй Смірноў з просьбай дапамагчы вярнуць дом. Малады чалавек пазбавіўся маёмасці (дакладней, яго пазбавілі), пакуль адбываў пакаранне.

Праваабаронца дапамог былому асуджанаму скласці скаргу ў пракуратуру.

Андрэй Смірноў нарадзіўся ў 1979 годзе ў Жлобіне. Усе жыццё, да суду і потым адбыцця пакарання, ён жыў са сваімі бацькамі і бабуляй у доме №26 па вуліцы Ленінскай. Жылое памяшканне належала роднай бабулі на праве прыватнай уласнасці. Пасля смерці бацькоў у 2003 годзе ён жыў тут з бабуляй і грамадзянскай жонкай.

Калі бабуля памерла, Андрэя Смірнова арыштавалі ў сувязі са здзяйсненнем крымінальнага злачынства. Ён правёў у месцах пазбаўлення волі чатыры гады, і вызваліўся у снежні 2012 году.

Якое ж было здзіўленне грамадзяніна, калі ён, вярнуўшыся дахаты, у Жлобін, не знайшоў свайго дому, дзе быў зарэгістраваны, і дзе былі яго асабістыя рэчы! На месцы дома стаяў іншы, у які былога асуджанага не пусцілі.

«Я звярнуўся ў міліцыю, якая, нягледзячы на факт маёй рэгістрацыі па адрасе Ленінская, 26, размясціла мяне ў гасцініцу Жлобіна. У гасцініцы я пражыў каля месяца, аплаты з мяне не патрабавалі, хто плаціў за маё пражыванне мне невядома. Праз месяц па патрабаванні работнікаў гасцініцы я быў вымушаны яе пакінуць. Паколькі мне не было куды ісці, я зноў з'явіўся па адрасе рэгістрацыі, новы гаспадар даў мне грошай, і я зноў пасяліўся ў гасцініцу», - напісаў у заяве Андрэй Смірноў.

Затым новы гаспадар яго дома адвёз яго ў вёску Старая Рудня Жлобінскага раёна, і пасяліў яго ў старым доміку, які належыць жонцы новага гаспадара. Зараз грамадзянін жыве там.

Па выніках усяго выкладзенага заяўнік просіць пракуратуру правесці праверку, каб высветліць: хто і на якой падставе з'явіўся ўласнікам дома №26 па вуліцы Ленінскай пасля смерці яго бабулі, калі і на якой падставе дом атрымаў новага гаспадара ў той час, калі чалавек адбываў пакаранне і быў зарэгістраваны ў гэтым доме.

Таксама ён просіць даць прававую ацэнку дзеянням службовых асоб, якія афармлялі дамовы куплі-продажу і іншыя дзеянні па продажу дому.

«Падрабязны каментарый даць цяпер складана, я выслухаў толькі адну пацярпелую бок. Разам з тым ужо цяпер у гэтай гісторыі ёсць пытанні, на якія складана знайсці адказы. Напрыклад, як можна было прадаць домаўладанне, у якім прапісаны (зарэгістраваны) чалавек, не ўступаючы ў супярэчнасць з законам? Чаму новы гаспадар дома аплачваў гасцініцу пацярпеламу, даваў яму грошы на жыццё, пасяліў у сваім доме ў вёсцы, калі ён не ў чым не вінаваты?», - пракаментаваў Леанід Судаленка.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства