viasna on patreon

Суд прызнаў законным адміністратыўны арышт старшыні Рэчыцкай раённай арганізацыі Партыі БНФ Валера Пуціцкага

2007 2007-04-20T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Рэчыцкая міліцыя затрымала актывіста 24 сакавіка на шляху з райцэнтру ў Менск. Міліцыя заявіла, што тры дні таму Пуціцкі быў нападпітку, чапляўся да грамадзянаў і лаяўся. Пра гэта паступіла заява ад студэнта з Гомелю спадара Русана.

Судзьдзя Рэчыцкага раённага суду Сьвятлана Пырх пакарала актывіста двума суткамі арышту. Суд быў 26 сакавіка, калі спадар Пуціцкі ўжо правёў за кратамі ў міліцыі акурат двое сутак.

У абласным судзе Валер Пуціцкі патлумачыў, што не вядомы яму студэнт Русан сустрэў яго ў двары дому, схапіў за вопратку і паваліў на зямлю. Гэта бачыла суседка актывіста. Аднак яе тлумачэньняў не прынялі.

Сам студэнт у раённы суд наагул не зьявіўся. А сьведка зь ягонага боку ў судзе нечакана заявіў: “Мне сказалі, што інцыдэнт быў у чацьвер”. Насамрэч усё адбылося ў іншы дзень.

Судзьдзя абласнога суду Вячаслаў Калюка супярэчнасьцяў у справе актывіста з Рэчыцы ня ўбачыў. Скаргу спадара Пуціцкага на арышт адхілілі.

“Тут усім разумным людзям зразумела, што гэта была палітычная замова, каб я ня мог трапіць 25 сакавіка ў Менск на Дзень Волі. Таму было ўсё зроблена, каб я адседзеў нейкія суткі. І паколькі была замова, то ніякі суд ня будзе ўжо адмяняць таго, што было зроблена на замову зьверху”, — пракаментаваў Радыё Свабодзе рашэньне суду Валер Пуціцкі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства