У Светлагорску пракуратура распачала адміністратыўную справу за “злоўжыванне свабодай масавай інфармацыі” супраць Кірыла Ксяндзова
Паводле службы маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", нагодай сталі публікацыі ад яго імя ў недзяржаўным маланакладным рэгіянальным выданні.
Спадара Ксяндзова абвінавачваюць ў парушэнні артыкула 22.9 ч.1 новага КоАП –“Парушэнне заканадаўства аб друку і іншых СМІ, якое праявілася ва ўшчамленні свабоды сродкаў масавай інфармацыі альбо злоўжыванні свабодай масавай інфармацыі”. (Гэты артыкул прадугледжвае штраф ад 20 да 50 базавых велічынь.)
Абвінавачанне грунтуецца на двух публікацыях Кірыла Ксяндзова ў студзені 2007 года ў грамадскім малатыражным выданні “Рэгіянальныя навіны”, якое распаўсюджваецца ў асноўным у Светлагорскім раёне. У артыкуле “Яны ведаюць свае ролі” аўтар выказаў уласнае меркаванне адносна выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў. У другой публікацыі – “Кошт абыякавасці” – распавядаецца пра прыватныя агароды, што месцяцца ў санітарна-ахоўнай зоне мясцовых прадпрыемстваў. У матэрыяле аўтар выказваў сумнеў, ці адпавядае гэтая тэрыторыя экалагічным нормам, і разважаў, што гародніна, вырашчаная на ёй, можа быць небяспечнай для здароўя людзей.
13 красавіка ў судзе Светлагорскага раёна суддзя Ірына Алісейка пачала разгляд справы ў адносінах аўтара публікацый.
Падчас судовага разбіральніцтва Кірыл Ксяндзоў звярнуў увагу суддзі на тое, што артыкулы былі надрукаваны 16 студзеня, а паводле заканадаўства адміністрацыйнае спагнанне можа быць накладзена не пазней за два месяцы з дня правапарушэння.
Суддзя Ірына Алісейка прыняла рашэнне накіравіць справу Кірыла Ксянзова на дадатковае даследаванне.
Паводле намесніка старшыні ГА “БАЖ”, юрыста Андрэя Бастунца, гэты выпадак паказвае некаторыя хібы новага Адміністратыўнага кодэкса, і далейшы разгляд справы прадэманструе, як трактуюць артыкул 22.9 КоАП дзяржаўныя органы.
Бо, згодна з арт.1 Закона “Аб друку і іншых СМІ”, нормы заканадаўства аб друку не распаўсюджваюцца на перыядычныя друкаваныя выданні з накладам менш за 300 асобнікаў.
Як заўважыў Андрэй Бастунец, калі зыходзіць з літаральнага тлумачэння Закона, ён не павінен распаўсюджвацца на дзейнасць маланакладных выданняў.