Палітвязня Арцёма Пракапенку пазбавілі доўгага спаткання з бацькамі
Палітычнага вязня Арцёма Пракапенку пазбавілі доўгатэрміновага спаткання з бацькамі. Яно было запланавана на снежань. Прычыну адмовы ў сустрэчы з роднымі не дазваляюць паведамляць. Пра гэта палітвязень расказаў сваёй маці Віялеце Пракапенцы ў час апошняй тэлефоннай размовы:
- Я запыталася, ці не пазбавяць кароткага спаткання ў лістападзе. Ён адказаў, што не, бо ўжо пазбаўлялі. Яны ж паступова гэта робяць: апошнім разам пазбавілі яго прадуктовай перадачы, а цяпер – доўгатэрміновага спаткання. Я пацікавілася, а якое ж наступнае чакае пакаранне? Штрафны ізалятар і ПКП. Ён трымаецца. За ўвесь гэты час ніводнага разу не паскардзіўся, не казаў, што цяжка, што надакучыла, што хоча дадому. Ні разу...
Арцём Пракапенка быў асуджаны разам з Яўгенам Васьковічам і Паўлам Сырамалотавым да 7 гадоў зняволення за спробу падпалу дзвярэй Бабруйскага аддзела КДБ. Год таму Сырамалотаў выйшаў на волю, напісаўшы прашэнне пра памілаванне на імя Лукашэнкі. Пракапенка і Васьковіч адмаўляюцца пісаць такое прашэнне.