МЗС: Мы не ўдзельнічаем у еўрапейскім дыялогу аб мадэрнізацыі, які быў запушчаны без кансультацый з урадам Беларусі
Пазіцыя Беларусі па праграме "Еўрапейскі дылог аб мадэрнізацыі" не змянілася. Аб гэтым БелаПАН заявіла намеснік міністра замежных спраў Алена Купчына.
"Мы не ўдзельнічаем у еўрапейскім дыялогу аб мадэрнізацыі, які быў запушчаны без удзелу прадстаўнікоў Беларусі і без кансультацый з беларускім урадам", — заявіла Купчына.
Нагадаем, кіраўнік дэпартамента Расіі, Усходняга партнёрства, Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Гунар Віганд у гутарцы з журналістамі 24 верасня ў Мінску назваў сваю сустрэчу з Купчыной "канструктыўнай і плённай". "Яе галоўнай мэтай было абмеркаваць, у якой меры ўрад можа паўдзельнічаць у "Дыялогу аб мадэрнізацыі Беларусі". Але, канешне, я зноў паўтарыў пазіцыю ЕС, што для нармалізацыі адносін неабходна вызваленне палітзняволеных", — сказаў ён.
Адказваючы на пытанне БелаПАН, ці змянілася пазіцыя афіцыйнага Мінска, які раней катэгарычна адмаўляўся ўдзельнічаць у праграме "Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі Беларусі", Віганд сказаў: "Мы канструктыўна вядзём работу ў гэтым кірунку, разумеем, наколькі гэта адчувальныя пытанні".
Віганд адзначыў, што па меры далейшага прасоўвання перамоўнага працэсу з Беларуссю ў рамках "Дыялогу аб мадэрнізацыі" Еўрасаюз таксама хацеў бы дасягнуць поспеху і па пытанні заключэння пагадненняў пра аблягчэнне візавага рэжыму і аб рэадмісіі, аднак станоўчага адказу ад беларускіх улад пакуль не было.