viasna on patreon

Віганд: Вызваленне і рэабілітацыя палітзняволеных застаюцца абавязковай умовай нармалізацыі адносін ЕС і Беларусі

2013 2013-09-25T11:04:07+0300 2013-09-25T11:04:21+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vigand.jpg
Гунар Віганд

Гунар Віганд

Вызваленне і рэабілітацыя палітзняволеных па-ранейшаму застаюцца "неабходнай і абавязковай умовай для нармалізацыі адносін Еўрасаюза і Беларусі і рэалізацыі іх поўнага патэнцыялу". Пра гэта заявіў кіраўнік дэпартамента Расіі, Усходняга партнёрства, Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Гунар Віганд 24 верасня на сустрэчы з журналістамі ў Мінску.

Еўрачыноўнік знаходзіцца з рабочым візітам у Беларусі 24—25 верасня. Ён паведаміў, што ўжо правёў сустрэчу з намеснікам кіраўніка МЗС Аленай Купчыной. Вечарам 24 верасня ў яго запланаваны сустрэчы з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і апазіцыі, а 25 верасня — з кіраўнікамі місій краін ЕС, акрэдытаваных у Беларусі.

Паводле слоў Віганда, сустрэча з Купчыной была "канструктыўнай і плённай". "Яе галоўнай мэтай было абмеркаваць, у якой меры ўрад можа паўдзельнічаць у "Дыялогу аб мадэрнізацыі Беларусі". Але, вядома, я зноў паўтарыў пазіцыю ЕС, што для нармалізацыі адносін неабходна вызваленне палітзняволеных", — сказаў ён.

Адказваючы на пытанне БелаПАН, ці змянілася пазіцыя афіцыйнага Мінска, які раней катэгарычна адмаўляўся ўдзельнічаць у праграме "Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі Беларусі", Віганд сказаў: "Мы канструктыўна працуем у гэтым кірунку, разумеем, наколькі гэта адчувальныя пытанні".

Еўрачыноўнік адзначыў, што яго візіт з'яўляецца часткай спроб Еўрасаюза "стаць бліжэй да Беларусі ў межах Усходняга партнёрства", саміт якога запланаваны на канец лістапада ў Вільнюсе. Пры гэтым Віганд падкрэсліў, што ў двухбаковых адносінах з Беларуссю ў межах Усходняга партнёрства ЕС прасунуўся не так далёка, як з астатнімі краінамі-ўдзельніцамі — Арменіяй, Азербайджанам, Грузіяй, Малдовай, Украінай. У той жа час, на думку Віганда, двухбаковыя адносіны паміж Беларуссю і ЕС "паступова наладжваюцца".

Віганд сказаў, што па меры далейшага прасоўвання перамоўнага працэсу з Беларуссю ў межах "Дыялогу аб мадэрнізацыі" Еўрасаюз таксама хацеў бы дасягнуць поспеху і па пытанні заключэння пагадненняў аб аблягчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі, аднак станоўчага адказу ад беларускіх улад пакуль не было. Пры гэтым еўрачыноўнік падкрэсліў, што на саміце ў Вільнюсе пагадненні аб аблягчэнні візавага рэжыму з ЕС і аб рэадмісіі плануецца падпісаць з Азербайджанам, а з Арменіяй яны неўзабаве павінны набыць моц. "Так што Беларусь не адзіная краіна Усходняга партнёрства, з якой у ЕС не дзейнічаюць такія пагадненні", — заўважыў Віганд.

На пытанне журналістаў, ці не прывёз прадстаўнік Еўрасаюза запрашэнне Беларусі на ўдзел у вільнюскім саміце, Віганд адказаў адмоўна: "Чакаем, што Беларусь будзе ўдзельнічаць у саміце і атрымае запрашэнне на яго ў такім жа фармаце, як і іншыя краіны-партнёры. Але не магу сказаць, на якім узроўні гэта будзе зроблена".

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства