Юры Чавусаў: прыбіраюцца лазейкі, якімі карысталася апазыцыя
Паводле палітоляга Юрася Чавусава, калі зыходзіць з тлумачальнай запіскі да праекту закону аб зьменах у Выбарчы кодэкс, гэта зьмены не кардынальнага парадку, яны касмэтычныя.
«Яны знаходзяцца ў рэчышчы звыклай для беларускай
заканадаўчай практыкі сыстэмы. Апазыцыя знаходзіць падчас выбараў нейкія
лазейкі, нейкія магчымасьці выкарыстоўваць наяўнае заканадаўства ў сваіх
мэтах. Пасьля выбарчай кампаніі традыцыйна заканадаўства падчышчаецца, каб
прыбраць тыя лазейкі, якімі апазыцыя карысталася.
За гэты год было вельмі шмат разнастайных камэнтароў і прадстаўнікоў
ЦВК, і самога Лукашэнкі, але заставаўся невядомым сам тэкст законапраекту,
былі толькі вусныя заўвагі. Шэраг гэтых заўвагаў стаўся бурбалкамі. Напрыклад,
прапанова надаць рэспубліканскім грамадзкім аб’яднаньням права вылучаць
кандыдатаў у дэпутаты прадказальна аказалася ўсяго толькі бурбалкай.
У тлумачальнай запісцы пра гэта нічога няма.
З аднаго боку, выбары робяцца больш таннымі, праводзяцца ў адзін тур,
безь дзяржаўнага фінансаваньня і агітацыйнай прадукцыі.
І падчышчаюцца лазейкі — байкот, рэфэрэндумы па зборах
і так далей.
У сёньняшнім варыянце гэтыя зьмены ніяк не павялічваюць магчымасьці
дэмакратыі ў Беларусі, электаральнай дэмакратыі. Яны служаць іншым мэтам:
забесьпячэньня кантраляванага характару выбараў і правядзеньня выбараў
не як палітычнай працэдуры, а як адміністрацыйнай
працэдуры, неабходнай для дзейнай улады, але ад якой ня варта чакаць
нейкіх палітычных зьменаў».
Карэспандэнт:«Ці ўлічыла
ўлада рэкамэндацыі АБСЭ?
Чавусаў: «Некаторыя ўлічаны. У лютым
падчас першай нарады Лукашэнка зрабіў рэвэранс у бок назіральнікаў
зь місіі БДІПЧ АБСЭ, ён сказаў, што некаторыя іхнія прапановы вартыя
ўвагі. І некаторыя ў пакет зьменаў трапілі. Напрыклад, тое, што
ў тлумачальнай запісцы ідзе пад пунктам 12 — „Пашырэньне судовай
абароны выбарчых правоў грамадзян“. Зь іншага боку, усе цудоўна разумеюць,
што ў беларускай сыстэме ўвядзеньне судовага абскарджваньня ніяк
не мяняе магчымасьці дамагчыся задавальненьня правоў тых кандыдатаў, якія
будуць зьнятыя з выбараў. Бо суд яшчэ ў большай ступені
кантраляваны выканаўчай уладай, чым выбарчыя камісіі. І ў гэтым сэнсе
дэ-факта ў палітычным працэсе нічога не мяняецца».