Баранавічы: аб’яднанне баранавіцкіх украінцаў “Кабзар” судзіцца за магчымасць атрымаць памяшканне
Грамадскі актывіст Мікалай Чарнавус 19 верасня падаў ў суд Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы скаргу на дзеянні начальніка ўпраўлення эканомікі гарвыканкама Раісы Уласовіч.
У скарзе Мікалай Чарнавус даводзіць, што неаднаразова звяртаўся ў Баранавіцкі гарвыканкам і Брэсцкі аблвыканкам, каб атрымаць памяшканне для грамадскага аб’яднання баранавіцкіх украінцаў “Кабзар”. Спачатку гарвыканкам выдзеліў памяшканне (вул. Савецкая, д.60), але потым хутка адмовіўся ад папярэдняга рашэння.
– На афіцыйным сайце Баранавіцкага гарвыканкама размешчана інфармацыя, што ў горадзе шмат вольных памяшканняў. Але цяпер на ўсе мае просьбы аб выдзяленні памяшкання для ГА “Кабзар” з мэтаю атрымання юрыдычнага адрасу нам адказваюць, каб мы заплацілі 2 млн. рублёў і ўдзельнічалі ў аўкцыёне, – адзначыў Мікалай Чарнавус.
Грамадскі актывіст лічыць, што гэта вельмі вялікія грошы, напрыклад, на Украіне прадстаўнікі беларускіх грамадскіх арганізацый плацяць за арэнду проста сімвалічную суму: адну грыўну (усяго 1 тыс. бел. рублёў).
На чарговы зварот сп. Чарнавуса ў мясцовы гарвыканкам начальнік ўпраўлення эканомікі Раіса Уласовіч 7 жніўня 2013 года зноў адказала, каб ГА “Кабзар” удзельнічаў ў аукцыёне, нягледзячы на тое, што ў горадзе вельмі шмат вольных памяшканняў.
Мікалай Чарнавус просіць суд абавязаць Баранавіцкі гарвыканкам выдзяліць адно з вольных памяшканняў для ГА “Кабзар”.