Аляксандр Кузьмін абскарджвае пракурорскае папярэджанне ў судзе
Актывіст кампаніі “Гавары праўду” Аляксандр Кузьмін з Белаазёрска абскарджае ў судзе папярэджанне, вынесенае яму за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі Бярозаўскай раённай пракуратурай (за подпісам Данілы Дзярабіна) і падтрыманае Брэсцкай абласной. У судзе Ленінскага раёна Брэста прайшоў першы судовы працэс па скарзе актывіста, у якой ён просіць прызнаць дадзенае папярэджанне неправамоцным.
Актывіст па-ранейшаму прытрымліваецца пазіцыі, якую выклаў спачатку ў Бярозаўскім РАУС (куды ў свой час звярнуўся з заявай цяпер ужо былы старшыня Белаазёрскага гарвыканкама Вячаслаў Дамброўскі, каб прыцягнулі Кузьміна да крымінальнай адказнасці за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі), а далей і ў пракуратурах, што дзеянні ягоныя не парушаюць закон, паколькі кампанія “Гавары праўду” – гэта не грамадская арганізацыя, а грамадская ініцыятыва. Бярозаўскі РАУС фактычна пагадзіўся з пазіцыяй Алксандра Кузьміна, прызнаўшы, што складу злачынства ў ягоных дзеяннях няма, але пракурор вырашыў інакш.
Рашэнне суда стане вядома 27 верасня.