viasna on patreon

Крычаў: “П’янству – бой” -- не для ідэолага

2013 2013-09-18T11:47:55+0300 2013-09-18T11:48:35+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/krychau-ideolag-kniga.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Як паведамляе незалежная крычаўская газета “Вольны горад”, у мінулым месяцы трапіў у ДТЗ, знаходзячыся за рулём уласнага аўтамабіля ў нецвярозым стане, намеснік дырэктара па ідэалогіі мясцовага УКП “Камунальнік” А. Кніга. Па інфармацыі журналістаў газеты “Вольны горад”, А. Кніга не падпарадкаваўся патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі і паспрабаваў збегчы, у выніку чаго здзейсніў аварыю і пашкодзіў уласны аўтамабіль.

Дарэчы, А. Кніга раней з’яўляўся старшынёй Крычаўскага раённага Савета дэпутатаў мінулага склікання.

Па словах журналістаў “Вольнага горада”, гучнае здарэнне на працягу некалькіх дзён абмяркоўвалі паміж сабой жыхары Крычава. Аднак асаблівае абурэнне ў людзей выклікаў той факт, што мясцовая дзяржаўная раённая газета “Крычаўская жыццё” не дала ніякай інфармацыі аб ДТЗ з удзелам нецвярозага чыноўніка ад ідэалогіі. Між тым “Крычаўскае жыццё” рэгулярна друкуе на сваіх старонках пад рубрыкай “П’янству – бой” прозвішчы грамадзян, якія былі затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі ў нецвярозым стане.

“Атрымліваецца вельмі дзіўна – раённая газета “Крычаўскае жыццё” свядома выстаўляе на ўсеагульнае абмеркаванне прозвішчы парушальнікаў з ліку простых рабочых і пры гэтым беражэ “светлае імя” парушальнікаў–кіраўнікоў, - кажа рэдактар газеты “Вольны горад” Сяргей Няроўны. – Такія “падвойныя стандарты” з боку рэдакцыі праўладнай газеты выклікаюць вялікія пытанні ў мясцовай грамадскасці”.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства