Баранавічы: пададзена заяўка на правядзенне пікету супраць збяднення
Грамадскі актывіст Рыгор Грык 16 верасня падаў у мясцовы гарвыканкам новую заява на правядзенне пікету. У заяве адзначаецца, што па ініцыятыве Міжнароднай арганізацыі працы ўжо некалькі гадоў запар у кастрычніку праводзіцца сусветны дзень за годную працу і адпаведны заробак.
– Паколькі ў нашай дзяржаве цяпер пагаршаецца матэрыяльнае становішча працоўных і пенсіянераў, то гэтым пікетам хачу выказаць пратэст супраць росту цэнаў на тавары, шматлікія паслугі і збядненне людзей, – паведаміў Рыгор Грык.
Пікет, ў якім плануецца ўдзел каля 10 чалавек, заяўлены ў дазволеным месцы: стары парк культуры і адпачынку па вул.Камсамольская (пляцоўка з боку вул.Царука).
Дарэчы, усе папярэднія заявы грамадскіх актывістаў на пікеты ў 2012-2013 гг. Баранавіцкі гарвыканкам не задаволіў.