viasna on patreon

Вярхоўны суд пакінуў у сіле смяротны прысуд Паўлу Селюну

2013 2013-09-17T14:50:00+0300 2013-09-17T12:54:34+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vjarkhouny-sud-rb.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння адбыўся разгляд касацыйнай скаргі абвінавачваемага на рашэнне Гродзенскага абласнога суда аб прымяненні выключнай меры пакарання. Вярхоўны суд вынес вызначэнне пакінуць у сіле прысуд першай інстанцыі.

12 чэрвеня Гродзенскі абласны суд прызнаў Паўла Селюна вінаватым па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь: арт.139 ч.2 пункты 1 і 6 (забойства дзвюх асоб, учыненае з асаблівай жорсткасцю ); арт.205 ч.1 (крадзёж); арт. 347 ч.1 (здзек над трупамі) , ст.378 (крадзёж асабістых дакументаў ), і па сукупнасці злачынстваў вынес прысуд аб прымяненні выключнай меры пакарання - смяротнай кары. Працэс вёў суддзя Анатоль Заяц.

Касацыйную скаргу разглядала судовая калегія Вярхоўнага суда пад старшынствам намесніка старшыні Вярхоўнага суда Валера Калінковіча. Вызначэнне - пакінуць прысуд у сіле.

Павел Сялюн будзе звяртацца з просьбай аб памілаванні на імя кіраўніка дзяржавы. Яго родныя паралельна будуць складаць зварот у Камітэт па правах чалавека ААН.

Маці асуджанага яшчэ напярэдадні разгляду касацыі звярнулася да Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта з просьбай звярнуцца да Аляксандра Лукашэнкі, каб яе сына памілавалі і адмянілі смяротнага пакарання ў дачыненні да яго. Беларуская праваслаўная царква неаднаразова выступала супраць смяротнага пакарання ў Беларусі.

Каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання" Андрэй Палуда адзначыў, што беларускія праваабаронцы выступаюць катэгарычна супраць смяротнага пакарання ў Беларусі. "Існуе шмат іншых спосабаў альтэрнатыўнага пакарання", - адзначыў эксперт.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства