Андрус Крывас акцэнтаваў неабходнасьць вызваленьня палітвязьняў
Літва спадзяецца, што падчас яе старшынёўства ў радзе міністраў Эўразьвязу будзе дасягнуты якасна новы этап у дачыненьнях ЭЗ і Беларусі.
Пра гэта заявіў 16 верасьня віцэ-міністар замежных спраў Літвы Андрус Крывас пасьля штогадовага сэмінару, які арганізуе Паўночная рада і Балтыйская асамблея. Сэмінар прысьвечаны парлямэнцкаму дыялёгу паміж Беларусьсю, Паўночнай радай і Балтыйскай асамблеяй.
«Віцэ-міністар выказаў надзею на тое, што ў пэрыяд старшынёўства Літвы ў Радзе ЭЗ Беларусь скарыстаецца магчымасьцю ўдзелу ў ініцыятыве Ўсходняга партнэрства і вынікі віленскага саміту Ўсходняга партнэрства дазволяць казаць пра якасна новы этап адносін ЭЗ і Беларусі», — гаворыцца ў паведамленьні МЗС.
Крывас акцэнтаваў неабходнасьць вызваленьня і рэабілітацыі палітычных зьняволеных.
Літва ў другой палове гэтага году старшынюе ў Радзе ЭЗ. У лістападзе ў Вільні адбудзецца саміт Усходняга партнэрства ЭЗ. У гэтай праграме, акрамя Беларусі, удзельнічаюць таксама Армэнія, Азэрбайджан, Грузія, Малдова і Украіна.