viasna on patreon

Удзельнікаў акцыі ў памяць пра Ігара Пцічкіна будуць судзіць

2013 2013-09-16T09:42:29+0300 2013-09-16T09:42:29+0300 be

Паводле ўдакладненых звестак, 14 верасня ў Мінску былі затрыманы 18 удзельнікаў акцыі ў памяць пра Ігара Пцічкіна. Пяцёра з іх дастаўлены ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП).

Як паведаміў БелаПАН Андрэй Бандарэнка — кіраўнік праваабарончай установы "Платформ інавейшн", якая аказвае прававую дапамогу сваякам Пцічкіна, 13 удзельнікаў акцыі затрымалі каля следчага ізалятара № 1 на вуліцы Валадарскага, пяцярых (без уліку журналістаў) — на вуліцы Няміга. Першую групу затрыманых, у ліку якіх быў Бандарэнка, даставілі ва УУС Маскоўскага раёна, другую — у Цэнтральнае РУУС.

Паводле інфармацыі Бандарэнкі, з Цэнтральнага РУУС у ЦІП дастаўлены Аляксандр Гаўрыш, Сяргей Яўменаў, Ігар Коваль і Віктар Катлянік. Яшчэ адзін удзельнік акцыі, прозвішча якога пакуль невядомае, быў дастаўлены ў ЦІП з Маскоўскага РУУС. Суды над затрыманымі, хутчэй за ўсё, пройдуць 16 верасня.

На 16 верасня ў суд Цэнтральнага раёна таксама выклікана цяжарная Ірына Мірановіч, сястра Пцічкіна, якая была затрымана і дастаўлена ў Цэнтральнае РУУС, але хутка адпушчана.

Што да тых удзельнікаў акцыі, якія былі дастаўлены ў Маскоўскае РУУС і затым адпушчаны, то ім позвы ў суд не выдавалі, паведаміў Бандарэнка. Тым не менш у дачыненні да ўсіх складзены адміністрацыйныя пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. 

Дваццаціаднагадовы мінчанін Ігар Пцічкін загінуў пры нявысветленых акалічнасцях у СІЗА № 1 на Валадарскага. 12 верасня споўнілася 40 дзён з моманту яго смерці. Паводле афіцыйнай версіі, прычынай смерці стаў сардэчны прыступ. Аднак сваякі і сябры Пцічкіна мяркуюць, што ён памёр пасля жорсткіх збіванняў у СІЗА. На сайце "Платформ інавейшн" (www.platformarb.com) былі размешчаны пасмяротныя фатаграфіі Пцічкіна, на якіх бачныя вялікія гематомы на перадплеччах, запясцях, кісцях, у вобласці рэбраў, а таксама пашкоджанні ніжэй за калена. У Следчым камітэце сваякам Ігара паведамілі, што па факце яго смерці праводзіцца праверка.

14 верасня сваякі і сябры Пцічкіна мелі намер правесці хвіліну маўчання каля сцен СІЗА на Валадарскага, пакласці кветкі і запаліць свечкі. Аднак правесці акцыю памяці яны не паспелі — прыблізна ў 13.00 усе былі затрыманы.

У ліку затрыманых аказаліся карэспандэнты "Радыё Свабода" Алег Груздзіловіч і газеты "Наша ніва" Ірына Арахоўская і Ганна Бадзяка, якія асвятлялі акцыю. Іх даставілі ў Цэнтральнае РУУС, але прыкладна ў 16.00 адпусцілі.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства