viasna on patreon

Бялынічы: рашэнне па справе Валерыя Вусіка будзе абвешчана 16 верасня

2013 2013-09-11T17:36:15+0300 2013-09-11T17:36:15+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/buhel-vusik-sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння ў судзе Бялыніцкага раёна прайшло чарговае паседжанне па паўторнаму разгляду адміністрацыйнай справы жыхара вёскі Лебедзянка Бялыніцкага раёна Валерыя Вусіка, які, згодна складзеных пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях, абвінавачваецца ў паклёпе на былога старшыню СВК “Лебедзянка” і незаконным распаўсюдзе незалежнай газеты “Магілёўскі Выбар”.

Судовае паседжанне пачалося ў 14-30 і працягвалася 40 хвілін.

Суддзя Аксана Загорская зачытала матэрыял з інтэрнэт-рэсурса Zapraudu.info “Што змянілася за апошнія некалькі гадоў у СВК “Лебедзянка”, які быў далучаны да матэрыялаў адміністрацыйнай справы па просьбе былога старшыні СВК “Лебедзянка” Пятра Бялова. Таксама быў заслуханы сам Пётр Бялоў, якога суддзя папрасіла патлумачыць, чаму ён лічыць змешчаныя ў артыкуле звесткі паклёпам і ганьбячымі яго годнасць, калі яго прозвішча ў артыкуле ўзгадваецца толькі адзін раз.

Абаронца Валерыя Вусіка звярнула ўвагу прысутных на тое, што ў пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні ў якасці паклёпа выкладзены звесткі, якія наогул адсутнічаюць у газетным артыкуле і змешчаным на інтэнэт-рэсурсе матэрыяле.

Суддзёй Аксанай Загорскай таксама былі даследаваны ўсе пісьмовыя матэрыялы па адміністрацыйнай справе Валерыя Вусіка.

Пасля разгляду пісьмовых матэрыялаў суддзя паведаміла, што суд будзе працягнуты ў панядзелак 16 верасня ў 17-00. На судовым паседжанні будзе заслуханы выступ абаронцы Валерыя Вусіка і пасля гэтага будзе агалошана пастанова суда Бялыніцкага раёна.

Праваабаронца Барыс Бухель, які прысутнічаў на судовым паседжанні, выказвае надзею, што суд вынесе справядлівае рашэнне.

“Тое, што напісана ў пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні, і тая інфармацыя, якая ўтрымліваецца ў артыкуле ў газеце “Магілёўскі Выбар” – гэта абсалютна розныя рэчы. Не можа нават ісці гаворкі пра нейкі паклёп з боку Валерыя Вусіка, - кажа Барыс Бухель. – Што ж датычыцца распаўсюду газеты “Магілёўскі Выбар”, тут тым больш Валерый Вусік ніякіх законаў не парушаў. Спадзяюся, што суддзя прыме справядлівае рашэнне”.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства