viasna on patreon

Ігар Пастноў скардзіцца ў пракуратуру

2013 2013-09-10T17:38:48+0300 2013-09-10T17:38:48+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pastnou-igar-doktar.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ігар Пастноў

Ігар Пастноў

Ён напісаў скаргу ў пракуратуру, якую перадаў для адпраўкі фіцебскаму палітыку Сяргею Рыжову – сваёй даверанай асобе. Аднак ужо ў гэтай якасці Рыжову забаронена сустракацца з Ігарам Пастновым, змешчаным у віцебскім абласным цэнтры псіхіятрыі і наркалогіі пасля з'яўлення ў інтэрнэце некалькіх ягоных крытычных відэавыступаў.

Сяргей Рыжоў размаўляў з Ігарам Пастновым у прысутнасці Наталлі Васільевай, загадчыцы 2-га закрытага аддзялення, дзе той знаходзіцца. Спадар Рыжоў адзначае, што яна вельмі нервова рэагавала, калі Пастноў расказваў пра метады ягонага лячэння:

"Ігар Пастноў сам працуе псіхіятрам, ён скончыў Віцебскі медыцынскі інстытут з чырвоным дыпломам. І ўсведамляе, якую небяспеку можа мець прымусовае ўжыванне нэйралептыкаў, калі іх прапісваюць здароваму чалавеку. Ён скардзіцца на тое, што пасля прыёму прэпарату "нэўлептыл" яму стала нядобра – закружылася галава, ён не мог хадзіць. Пра такую рэакцыю ён сказаў урачам, але тыя не адмянілі прэпарат, а сталі даваць яго гвалтам: санітар заціскаў Пастнову нос, каб той не мог дыхаць і адкрываў рот, і такім чынам упіхвалі лекі".

Пад запіс на дыктафон сам Пастноў распавёў, як яму гвалтам робяць ін'екцыі, і што ён мае апасенні наконт таго, які прэпарат яму могуць увесці:

"Я адмовіўся ад "нэўлептыла", і мне прызначылі "дэпрэс" у ін'екцыях. Я пратэставаў як мог, але ж я не магу з імі біцца. Я проста клаўся на ложак, а санітары мяне пераварочвалі як мех, здымалі з мяне штаны… Вядома ж, я адчуваў маральныя пакуты! Яшчэ большыя пакуты прыносіла тое, што я не быў упэўнены ў тым, што мне ўводзяць. Аднойчы мне сказалі, што "дэпрэс" для ін'екцый сканчваецца, і што мне ці будуць даваць яго ў капсулах, ці прапішуць іншы прэпарат. А я сам псіхіятр, і ведаю, што гэта можа быць – ці аміназін, ці галаперыдол. Ад іх могуць быць цяжкія пабочныя эфекты. Да таго ж не вывучана іх уздзеянне на здаровых людзей, а яно можа быць вельмі складаным – аж да інваліднасці. У мяне няма ні трызнення, ні галюцынацый, а прызначаюць такія во лекі… І я ўжо адчуваю сябе ўсё горш і горш".

Пра метады лячэння, а таксама пра тое, як ён трапіў у псіхіятрычны шпіталь, Пастноў напісаў у скарзе, адрасаванай у пракуратуру. Ён піша, што ніколі не стаяў на ўліку па псіхічным захворванні, і што ніхто не прапаноўваў яму дабраахвотна прайсці абследванне. Там не меньш, 15 жніўня галоўны лекар шпіталю Алена Мартынава сабрала камісію, якая, не запрасіўшы на нараду  самога Пастнова, вырашыла накіраваць яго на прымусовае абследаванне. Вырак камісіі быў дасланы ў гарадскую пракуратуру, і там далі на гэта дазвол. 16 жніўня Пастноў прыйшоў на працу – у наркалагічнае аддзяленне таго ж шпіталя, дзе ён працаваў псіхіятарам, і яго паклікалі ў іншы кабінет нібыта пра нешта параіцца. Там паказалі пастанову пракурора і паклалі ў 2-е закрытае аддзяленне, абмежаваўшы ў зносінах і тэлефанаваннях. Пяць дзен яго нібыта абследвалі, а 21 жніўня адбыўся суд.

"Канешне, 16 жніўня, калі мяне забіралі, я быў у стрэсе, у мяне падняўся ціск. Але 21 я быў у добрым стане і настроі, збіраўся ў суд, але мяне туды не павезлі – нібыта я магу зрабіць шкоду сябе ці камусці іншаму. Хаця я знаходзіўся ў цалкам адэкватным стане. Суддзя Тацяна Дзегцярова прысудзіла мне прымусовае лячэнне, і яго адразу ж пачалі – нягледзячы на тое, што ў мяне быў час падаць скаргу, і рашэнне суду яшчэ не ўступіла ў законную сілу".

Ігар Пастноў лічыць, што ягоныя правы былі парушаныя, яго адвакат падаў касацыйную скаргу на рашэнне суду. Сам Пастноў лічыць неабходным яшчэ раз падкрэсліць, што добраахвотна абследвацца яму не прапаноўвалі, і для гэтага не было ніякіх падставаў, бо ён псіхічна здаровы чалавек. Таксама ён абураны, што цішком ад яго 15 жніўня калегі правялі нейкі кансіліум, пра які нават яму самому не паведамілі.

З 23 жніўня ён знаходзіцца ўжо не ў асобнай палаце, а разам з пацыентамі, якіх толькі прывезлі ў шпіталь і яшчэ не вызначыліся з дыягназам і лячэннем. Сярод іх есць людзі з відавочнымі адхіленнямі, кажа Сяргей Рыжоў, які лічыць гэта дадатковым элементам ціску на Пастнова.

Ён не ўпэўнены, што усе адмовы ад прымусовага лячэння належным чынам зафіксаваныя ў гісторыі хваробы Пастнова. Але паглядзець яе не дазваляюць ні самому Ігару Пастнову, ні яго даверанай асобе – Сяргею Рыжову.

Ігар Пастноў па-ранейшаму ў ізаляцыі, ягоны мабільны тэлефон знаходзіцца ў загадчыцы аддзялення, а да гарадскога, на пасту медсястры, якім у пэўныя гадзіны дазволена карыстацца пацыентам, яго не клічуць. Да візіту Сяргея Рыжова ён не ведаў, што яго сітуацыя шарока вядомая і землякам у Віцебску, і праваабаронцам, у тым ліку з міжнародных структур.  І ён быў усцешаны, даведаўшыся, што праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя” заявіла пра гатоўнасьць прызнаць яго вязьнем сумлення.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства